Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць наведваньне царквы праявай сапраўднай веры?


Галіна Жарко, Менск Праваслаўныя сьвяткуюць Уваскрасеньне Хрыстова. Нягледзячы на тое, што паўсюдна будуюцца новыя цэрквы, у сьвяточныя дні яны перапоўненыя. Побач з тымі, хто дакладна выконвае ўсе патрабаваньні праваслаўнага абраду, шмат людзей, якія прыходзяць у храм раз на год.

Праваслаўная верніца Марына – інвалід. Яна рэгулярна ходзіць у царкву, спавядаецца. Перад Пасхаю, як і належыць, пасьцілася. А вось паўдзельнічаць у сьвяточным набажэнстве ня можа.

(Марына: ) “У нядзелю душыцца мне зусім не выпадае. Баюся натоўпу. А калі трэба выйсьці? Раптам мне млосна стала. Бог яго ведае, чаго яны ломяцца ўсе ў гэтую царкву. Чаго шукаюць?..”

(Карэспандэнтка: ) “Паратунку?”

(Марына: ) “Дык ты брыдоты не рабі ў жыцьці! Усе пабеглі ў царкву... можа, награшылі зашмат”.

Можна зразумець роспач шчырай верніцы, якая бачыць, што ў звычайныя дні ў царкве зусім няшмат люду.

Не абвяргае гэтага й адказны сакратар Беларускай праваслаўнай царквы па сувязях са СМІ Аляксей Шынкевіч.

(Шынкевіч: ) “Вы бачылі, колькі на Вербную нядзелю людзей было?! Тысячы – каля катэдральнага сабору!”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта на сьвята… а ў такія дні?..”

(Шынкевіч: ) “У такія дні людзі працуюць. Вельмі, вельмі шмат працуюць. Кожны дбае пра сямейны дабрабыт. Але колькасьць павялічваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму болей і болей вернікаў ідзе да храму?”

(Шынкевіч: ) “Яны бачаць, што самае добрае, чыстае для чалавека – гэта вера ў Хрыста. Жыцьцё ў людзей цяжкае. Людзі шукаюць паратунку. Бог канкрэтна дапамагае той краіне, таму чалавеку, якія на яго спадзяюцца. Таму й адчыняюцца новыя прыходы, таму людзі й хочуць, каб будаваліся новыя цэрквы”.

Каб даведацца дакладныя лічбы, тэлефаную ў Камітэт у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Намесьнік старшыні – Уладзімер Ламека.

(Ламека: ) “Цяпер – 1315 праваслаўных прыходаў. У 2004 вернікамі створаны 52 новыя прыходы. Некаторыя прыходы ходзяць у адну царкву”.

(Карэспандэнтка: ) “І спадзяюцца пабудаваць?..”

(Ламека: ) “Яны ж усё хочуць адбудаваць, дзе што было. Ці новае пабудаваць. 1092 праваслаўныя храмы. 162 – у стадыі будаўніцтва. За апошняе 10-годзьдзе праваслаўнай царкве перададзена каля 800 культавых установаў. Адбудоўваемся, адраджаемся, і дзякуй богу”.

У Беларусі ў пачатку 1990-х, на пад’ёме рэлігійнасьці, колькасьць вернікаў не перавышала 50%. Улічваліся й тыя, хто захапіўся акультызмам і містычнымі вучэньнямі. У 2000 годзе Цэнтар сацыяльных дасьледаваньняў БДУ зафіксаваў спад рэлігійнасьці. Ужо 47% грамадзянаў назвалі сябе вернікамі. Навукоўцы цьвердзяць, што і астатнія 53% грамадзянаў нельга аднесьці да атэістаў. Гэта так званы фэномэн "размытай рэлігійнасьці".

Відаць, гэтым тлумачыцца й фэномэн перапоўненых цэркваў на сьвяты? Пытаньне філёзафу Валянціну Акудовічу.

(Акудовіч: ) “Чаму яны пайшлі ў царкву? Ідуць ня так да бога, як у царкву. Праз супольны паход у царкву несьвядома рэалізоўваецца нейкая еднасьць. Хутчэй за ўсё для беларусаў Вялікдзень – мірское сьвята ў рэлігійнай форме. Я б не хацеў пакрыўдзіць сапраўдных вернікаў, але мноства людзей, якія прыходзяць у царкву – гэта людзі, якія баяцца застацца зусім па-за верай, па-за богам, па-за тым, што аптымізуе жах небыцьця. Але наўрад ці яны сапраўды блізкія да веры”.

Адстаяць усю сьвяточную службу ў царкве няпроста. Вось што можна пачуць на цьвінтары, дзе таксама шмат людзей:

(Спадар: ) “Усіх нас чакае ўваскрасеньне. І мы ў гэта верым”.

(Юнак: ) "Звычайна мы езьдзім у вёску й сьвяткуем Пасху з бабуляю й дзядулям. Яны яйкі заўсёды фарбуюць, булкі пякуць”.

(Спадарыня: ) "Гэта ж заўсёды бацькамі захоўвалася..."

(Карэспандэнтка: ) "Бяз чаго немагчыма ўявіць сабе Вялікдзень?"

(Юнак: ) "Без фарбаваных яйкаў, бяз гэтай простай сямейнае традыцыі".

(Спадарыня: ) "Без малітвы, бяз службы".

(Спадарыня: ) "Бязь веры Пасха ня Пасха".

Валянцін Акудовіч сьцьвярджае, што беларусы – не містычная нацыя, бо ня маюць такога містычнага складніка, як расейцы ці палякі. Паводле ягонага меркаваньня, ані праваслаўе, ані каталіцызм не адпавядаюць у дастатковай ступені мэнталітэту беларусаў. А вось дынамічны рост у апошнія гады пратэстанцкіх цэркваў спадар Акудовіч тлумачыць тым, што гэта якраз той накірунак, які найбольш падыходзіць беларускай нацыі.

Пратэстантызм вызначаецца ў першую чаргу асабістай адказнасьцю чалавека перад богам. Цікава, але адпавядаюць гэтай ідэі й назіраньні эканаміста. Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што калі параўноўваць пачатак 1990-х, дык у самыя складаныя часы да 40% насельніцтва жыло чаканьнямі. Чакалі новага ўраду, пераменаў... Потым мы заўважылі, што пад канец 1990-х удзельная вага людзей, якія жывуць чаканьнямі, зьнізілася. Людзі сталі больш разьлічваць на сябе. Вядома, частка людзей жыве кепска й цягнецца да бога – знайсьці нейкія звышнатуральныя сілы, каб гэтыя боскія сілы іх падтрымалі. Але ўдзельная вага людзей, якія разьлічваюць на сябе вырасла. Гэта добрая тэндэнцыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму шмат людзей ідзе ў царкву?”

(Заіка: ) “У царкву цягнуцца, бо царква зьяўляецца культуралягічным інстытутам. Афіцыйнае радыё, тэлебачаньне не адрозьніваецца праўдзівасьцю. Людзям патрэбныя сумленныя словы, ісьціны. Шукаюць маральную стабільнасьць”.

Менавіта ў смутныя 1990-я праваслаўная царква прыдбала шмат нэафітаў. Спадарыня Іна мела тады 17 гадоў.

(Іна: ) “У гэтым узросьце чалавек актыўна шукае сэнс жыцьця, свайго месца ў сьвеце. Ужо ніхто не навязваў ідэалёгіі. Гэта было міжчасьсе нейкае. Была зьнятая забарона. У кожнага чалавека ёсьць патрэба ў рэлігійнасьці. Чалавек ідзе туды, дзе адчыненыя дзьверы. Дзьверы адчыніліся. На жаль, шмат хто з раўналетак кінуўся ў вельмі розныя пошукі”.

А вось перад спадарыняй Ірынай, юнацтва якой прайшло за савецкім часам, дзьверы царквы цяпер зачыненыя.

(Ірына: ) “Калі туды ніхто не хадзіў, я туды хадзіла. Мне там падабалася. Абстаноўка была спакойная. Стаялі адны бабулькі. Мне падабалася атмасфэра. Я была нехрышчоная. Ня ведала аніводнай малітвы, але мне там было добра й утульна”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер перашкаджае натоўп?”

(Ірына: ) “Перашкаджае не натоўп, а ідэялягізаванасьць нашай царквы. Цяпер гэта палітыка. Яна стала такой, якой была ў царскія часы. Зрусыфікаваная. Якую ролю адыграла праваслаўная царква ў 19 стагодзьдзя? Падчас паўстаньня Каліноўскага? Зараз яна вяртаецца да таго самага ўзроўню”.

У 2003 годзе паміж царквою й дзяржаваю было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве. Увогуле, вяртаньне краіны да праваслаўя адбываецца з блаславеньня прэзыдэнта Лукашэнкі, які дэкляруе дзяржаўную падтрымку. У 1995, падчас прыезду ў Беларусь Патрыярха Алексія ІІ, прэзыдэнт гучна абвясьціў аб грашовай дапамозе ў памеры мільярду рублёў на патрэбы праваслаўнае царквы. І абяцаў дапамогу надалей.

Але праваслаўны сьвятар Аляксей Шынкевіч вялікага аптымізму ня мае.

(Шынкевіч: ) “Толькі адны заявы, што вельмі любяць царкву. І праваслаўная царква на першым месцы. Гэта адны словы. Ёсьць свабода. Але не такая свабода, якой мы чакаем і хочам. Для нас галоўныя цяжкасьці зьвязаныя з нашымі матэрыяльнымі праблемамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Не хапае цэркваў, каб людзі не душыліся?..”

(Шынкевіч: ) “У Менску 2 мільёны жыхароў. Мы просім: дайце нам магчымасьць адбудаваць цэрквы ў спальных раёнах. Нам кажуць, дайце ўсе даведкі, хто вам дапамагае. А тыя, хто нам дапамагае, ня хочуць даваць такіх даведак. Бо накідваецца падатковая інспэкцыя й пачынае душыць гэтых людзей. Вельмі складаная сытуацыя. А зьнешне робіцца такая палітыка, што царкву ледзьве не дзяржаўнай робяць. Проста палітычная гульня”.

Беларусы захоўваюць традыцыю асьвячаць фарбаваныя яйкі й вялікодныя булкі. Антаніна Хатэнка ня можа прымусіць сябе зьмяшацца са стракатым натоўпам на цьвінтары.

(Хатэнка: ) “Кладу ўсё на чысты ручнік і выношу на гаўбец пад зоры. І іду спаць. Перад гэтым зьвяртаюся да таго, хто паўсюль, і кажу, што я зь ім і хачу, каб ён быў са мною”.

А Васіль Ліцьвінка – знаўца беларускага фальклёру – сумуе, што не гучаць ужо велікодныя песьні: самыя мажорныя, самыя аптымістычныя песьні вітаньня вясны.
XS
SM
MD
LG