Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць прыхільнікаў эўраінтэграцыі сярод палякаў за год сяброўства ў Эўразьвязе ўзрасла


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У гэтыя выходныя ў Польшчы адзначаюць першую гадавіну далучэньня краіны да Эўрапейскага Зьвязу.

Эўрапейскія парады, эўрапейскія канцэрты а нават эўрапейскія маёўкі і пікнікі – гэтак выглядаюць гэтыя выходныя ў Польшчы. Год таму, як часта казалі, “зьдзейсьнілася мара пакаленьняў палякаў – іхная краіна ізноў вярнулася ў сям’ю эўрапейскіх народаў”.

А што калі пакінуць на некаторы час гістарычны і сымбалічны бакі гэтага здарэньня ды паглядзець, які ўплыў мела пашырэньне Эўразьвязу на жыцьцё звычайнага паляка?

(Бэлька: ) “Наша пазыцыя на міжнароднай арэне стала мацнейшай і ў палітычным, і ў гаспадарчым сэнсе. Мне не прыходзіць на думку ніводная сфэра нашай гаспадаркі, якая б страціла на далучэньні нашай краіны да аб’яднанай Эўропы”,

– кажа прэм’ер-міністар Польшчы Марэк Бэлька. Ягоны аптымізм падзяляюць тры чвэрці палякаў, якія, паводле апошняга апытаньня, падтрымліваюць сяброўства сваёй краіны ў Эўразьвязе – гэта больш, чым было перад 1 траўня 2004 году.

Прычым варта адзначыць, што прыхільнікаў эўраінтэграцыі ў Польшчы стала болей, нягледзячы на тое, што ўзровень беспрацоўя ў краіне застаецца па-ранейшаму высокім, а далучэньне да аб’яднанай Эўропы прынесла рост цэнаў, хаця і не такі значны, як прагназавалася.

(Бэлька: ) “Грамадзяне Польшчы могуць цяпер падарожнічаць па тэрыторыі Эўразьвязу, практычна не заўважаючы межаў. Некаторыя знайшлі сабе працу ў заходняй частцы Эўропы”.

Даплаты з агульнаэўрапейскага бюджэту для фэрмэраў, магчымасьць свабодна падарожнічаць і легальна працаваць у краінах Заходняй Эўропы – гэта найбольш заўважныя вынікі першага году сяброўства Польшчы ў Эўразьвязе. Вынікі, якія, як лічаць многія палякі, варта адзначыць.
XS
SM
MD
LG