Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціяне поўнага Эвангельля выступілі ў абарону царквы “Новае жыцьцё”


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску 30 красавіка прайшла супольная Багаслужба прадстаўнікоў больш за 60 пратэстанцкіх цэркваў поўнага Эвангельля з усіх рэгіёнаў Беларусі. Пратэстанцкія вернікі прынялі зварот да ўладаў з патрабаваньнем неадкладна спыніць ціск на менскую абшчыну “Новае жыцьцё”, зарэгістраваць гэтую царкву і дазволіць яе вернікам бесьперашкодна маліцца ў сваім малітоўным доме.

Прыкладна 2000 вернікаў цэркваў поўнага Эвангельля зь Менску, Горадні, Гомеля, Слоніма, Жодзіна ды іншых гарадоў Беларусі сабраліся сёньня ў будынку царквы “Новае жыцьцё”, што побач зь менскім мікрараёнам Сухарава. Прычынай малітоўнага збору стаў пастаянны ціск на пастара і вернікаў гэтай царквы з боку мясцовых уладаў. Гаворыць адміністратар гэтай поўнаэвангельскай абшчыны Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) “Мы хочам паказаць гэтай акцыяй, што той ціск, які аказваецца на нас сёньня, ён можа быць празь вельмі кароткі час аказаны й на іншыя цэрквы ў Беларусі. Таму мы хочам паказаць уладам, усім навокал, што мы разам, што мы адзіныя і мы адзінае цэлае”.

Царква “Новае жыцьцё” некалькі гадоў таму выкупіла на тэрыторыі вёскі Сухарава будынак былога кароўніка і хацела перабудаваць яго пад малітоўны дом. З таго часу ў іх і пачаліся праблемы з уладамі, якія мелі свае пляны забудовы гэтай тэрыторыі. У выніку напрыканцы мінулага году царква не прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю, перабудоўваць былую фэрму пад бажніцу пратэстантам забаранілі, і цяпер улады патрабуюць, каб вернікі як мага хутчэй вызвалілі гэтае памяшканьне.

У гэтым годзе адміністратара царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча й пастара абшчыны Леаніда Ганчарэнку за правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў суд пакараў штрафамі ў 3 мільёны 600 тысячаў і ў 750 тысячаў рублёў. Камунальныя службы адключылі ў будынку сьвятло й цяпло, таму вернікі падчас сваіх набажэнстваў выкарыстоўваюць аўтаномны генэратар.

Таму актывісты царквы “Новае жыцьцё” зьвярнуліся да вернікаў іншых поўнаэвангельскіх цэркваў з просьбаю аказаць ім падтрымку. Вось, што казалі вернікі, якія ўдзельнічалі ў сёньняшнім набажэнстве:

(Спадар: ) “Мы любім госпада, мы любім нашых дарагіх братоў, мы ведаем, што яны сутыкнуліся з пэўнай праблемай. І як хрысьціяне мы прыехалі сюды іх падтрымаць”.

(Хлопец: ) "Я прыехаў з Горадні і ўдзельнічаю таму, што гэта мае браты, і ў іх ёсьць праблема. Мы хочам дапамагчы”.

(Спадар: ) “Я таксама вернік поўнаэвангельскай царквы, падзяляю іхныя патрабаваньні. У нашай краіне кожны мае права выбару на сваё веравызнаньне і правядзеньне службаў”.

Вернікі поўнаэвангельскіх цэркваў прынялі зварот да ўладаў з патрабаваньнем спыніць ціск на царкву, зарэгістраваць яе, а таксама перагледзіць дыскрымінацыйныя палажэньні закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG