Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Віктар Казько


Віктар Казько, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе знаны беларускі празаік Віктар Казько.

Дзіўны ў нас красавік. Пачынаецца з нараджэньня ці, праўдзівей, выяўленьня дурня. Дурань той убіраецца ў сілу. Нараджае здані і прывіды. І яны пачынаюць гойсаць па Эўропе і сьвеце. Даюць пачатак людажэрцам Леніну ды Гітлеру. І пайшло, і паехала. Пабеглі, зьнікаючы ў Лету, дзянькі. Адзін крывавей другога.

І раптам усё гэта нечакана абрынаецца, як нехта нябачны адсякае караючым мячом. І надыходзіць трапяткі сьветлы і бездакорна чысты, тыдзень. Тыдзень напярэдадні Вялікадня, калі душа павінна рабіцца відушчай, бачыць і зачышчаць, замольваць і збываць цяжкі грэх і крыж нашай зямной Галготы.

Але ці ня ў гэтай ціхамірнасьці і памяркоўнасьці, у найвялікшым нашым супакаеньні кожны раз пачынае высьпяваць, паказвае свой непаглядны твар наша цяжкая доля — лёс і прадвызначэньне беларуса як чалавека на зямлі. Чалавека і народу. Столькі перадсьвяточнай хлусьні, падману, жудасьці і страху адразу ліецца на нас з усіх дзяржаўных амбонаў, вуснаў амбіцыйных і “самых дэмакратычных на сьвеце” ўладароў. І галоўным з гэтых нязьменных з году ў год атрыбутаў XXI стагодзьдзя, што абрынуліся на нас, пэўна, усё ж трэба вылучыць страх. Ён прымушае нас да маўчаньня, пакоры і зводзіць да нябыту, да страты годнасьці і званьня чалавека.

* * *

З водгукаў таго ўсёпаглынальнага і разбуральнага айчыннага страху пачаўся і гэты тыдзень. Водгукаў, выкліканых заявай дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс аб апошнім аплоце дыктатуры. Краіна ды і сьвет ускалыхнуліся. І на ўсёй прасторы СНД сьпешна пачаліся, як гэта заўсёды робіцца, калі насьпявае і ідзе праз край крытычная маса, пошукі зьнешняга і ўнутранага ворага. Аляксандар Рыгоравіч вызначыў яго яшчэ загадзя: “Все эти цветные революции на самом деле открытый бандитизм под видом демократии… И все, о чем я говорю, заглядывая в 2010 год, не напрасно. Мы с вами будем реализовывать эти задачи”. І каб мы з вамі не сумняваліся ў тым, што будзе ў 2010 годзе, як заўсёды глыбакадумна, элегантна і ашаламляльна выклаў: “Население Беларуси уже не столько обеспокоено низким уровнем зарплаты, сколько ожиданием ее дальнейшего повышения”.

Уцямілі?

Расея ў панядзелак у асобе свайго прэзыдэнта ў яго штогадовым пасланьні вызначыла сабе ворагам чынавенства, чыноўніка. Я паспрабаваў уявіць сабе таго ворага — чыноўніка. Але апроч самога Пуціна ды яго прэм’ера Фрадкова я нікога іншага прыгадаць ня здолеў.

Украіна працягвала гнюсіць і арыштоўваць праціўнікаў сваёй апошняй памаранчавай рэвалюцыі. Дзякуй Богу, пакуль толькі праціўнікаў. Паплечнікі, згодна зь непазьбежнай і крывавай ненажэрнасьцю ўсіх рэвалюцыяў, яшчэ стаяць у чарзе.

Так мінулі два чыстыя і бязгрэшныя дзянькі ў Беларусі.

* * *

І надышоў дзень трэці.

І зазванілі званы ў цэрквах і касьцёлах. І адгукнуліся званы Хатыні і Зэльвы. І ўсхліпнула, пусьціла сьлязу ўся Беларусь. Толькі, як заўсёды, моўчкі. Усярэдзіну сябе. У сэрца.

На Палесьсі, на Гомельшчыне на грудзі пакутнікам, ахвярам чарнобыльскае трагедыі паклалі велізарны камень. Апазыцыя рытуальна пазначыла сябе — дзьвюмя сотнямі чалавек выйшла на несанкцыянаваны мітынг і нарвалася на традыцыйны хапун: амаль чвэрць зь іх была адразу ж арыштаваная. Зьява для Беларусі звычайная.

Некалькі разоў выйшаў на народ у набліжаных да радыяцыйных зонах Аляксандар Рыгоравіч. Санкцыянавана. Глядзеўся гожа і пасьля мундзіра генэралісымуса на пазамінулым ужо тыдні, які правёў, лічы, на вайне. Гожа і пераканаўча глядзеўся і ў просьценькім камуфляжы, і ў цывільным гарнітуры з накінутым на яго белым халатам, як пад каўкаскай буркай. Джыгіт. І гаварыў слушна і лёсавызначальна.

Ажылі, зазванілі званы маёй чарнобыльскай памяці. І я нечакана ўбачыў сябе роўна дзевятнаццаць гадоў таму, калі ўсё ўжо адбылося. Толькі званы тады маўчалі. Адно з нашых рэкаў і азёр на тую Вербніцу, а недзе і раней яшчэ, на Дабравешчаньне, пачуўшы іх немы стогн і плач, плач ненароджанага дзіцяці, прыгаворанай зямлі, выйшлі на сушу з вады ракі. Пакончылі жыцьцё самагубствам. Сканалі. А аглухлы чалавек працягваў рупіцца і шчыраваць. І я ў тую першую чарнобыльскую ноч дзевятнаццаць гадоў таму ехаў да сваёй хаткі на Палесьсі, каб пасадзіць гуркі. Атамныя ўжо гурочкі.

* * *

І праз дзевятнаццаць гадоў я застаўся амаль тым жа: садзіў цыбулю. Нехта ўвёў жонцы ў вушы, што гэта цалкам мужчынскі занятак. А яшчэ пазалетась мяне падахвоціў да гэтага сам Аляксандар Рыгоравіч, які захапіўся на той час ідэяй пераўтварыць Беларусь у краіну цыбулі. Вось я, горе луковое, выконваў яго запавет. І думаў пра тое, як выканаць яшчэ некалькі яго запаветаў: засеяць гарод часныком, моркаўкай ды зялёным гарошкам.

Але сам жа Аляксандар Рыгоравіч і парушыў усе мае пляны. На гэты раз у Мазыры ён абвясьціў, што там трэба цяпер вырошчваць кукурузу. Справа, зразумела, ня новая і крыху патыхае плягіятам. Але сама па сабе задума добрая, зь якой мог бы атрымацца і плён, каб я ўжо ня быў сыты атамнымі гурочкамі, яго цыбуляй ды часныком, моркаўкай ды зялёным гарошкам.

А яшчэ ад таго, што я наслухаўся і наглядзеўся за гэты чарнобыльскі сьвяты тыдзень напярэдадні нашай вялікай перамогі ў другой сусьветнай вайне, разам з усёй краінай і наваяваўся і напартызаніўся, мне было вельмі і вельмі непамысна. Былая вайна і Чарнобыль — гэтыя дзьве падзеі неяк зьвязаліся, перапляліся паміж сабой: горкім лёсам вэтэранаў, пра якіх помняць толькі раз на год, і ня менш горкім лёсам чарнобыльцаў, што выміраюць з такой хуткасьцю, як і вэтэраны. І гэтую іх пакутную повязь, гэты клубок у нашай краіне не разьвесьці, не расьсячы і сякерай.

І згадалася мне, як праз той жа Мазыр, Калінкавічы адразу ж пасьля чарнобыльскай катастрофы везьлі, эвакуявалі з радыяцыйнае зоны жывёлу. Ратавалі жывёлу, а не людзей. І плач, рык жывёлы на апаскуджанай зямлі, на якой пакінулі паміраць гаспадара, выбіваў з навакольля сьлязу. Нешта падобнае, як сьведчаць жыхары Сталінграду, адбывалася і падчас вайны. Людзей пакінулі на палон і зьдзек фашыстам. А жывёлу ратавалі. І яна ішла так шчытна, што бурыліся і падалі тэлеграфныя слупы і платы.

* * *

У Беларусі чарнобыльцам адмененыя ўсе льготы, нават сумна вядомыя “грабавыя”. Беларус у зоне застаецца сам-насам са сваёй бядой:

— А па тэлевізары абвясьцілі, што радыяцыя ў нас ужо адменена. Чыстыя мы.

У жанчыны, што мовіць гэтыя словы з дачкой на руках, роспач у вачах. Сьлёзы і недаўменьне і на твары дзяўчынкі. Яна хварэе на белакроўе, леўкемію. А ў маці яшчэ двое дзяцей.

“В Беларуси накоплен уникальный опыт по производству сельскохозяйственной продукции в радиационной зоне”, — гэтая радасьць у тэлевізары, што адмяніў радыяцыю. Што ж, вопыт сапраўды назапашаны вялікі — вешаць нам з вамі радыяцыйную лапшу на вушы. Ёсьць і мяса. Гавораць, гавяда недзе і сёньня яшчэ захоўваецца у вечнай мерзлаце. Скора наямося яе разам з цыбулькай,часныком ды мамалыгай. А ў самой жа зоне яшчэ і жыцейка сеецца, і пшаніца. І штогод косяць траву для корму жывёлы.

Беларус загнаны ў атамную зону. Новы постсавецкі ГУЛАГ на чарнобыльскім падмурку ў беларускім выкананьні. І я думаю, гэта зусім ня трызьненьне, не перабольшваньне. Таму і за кратамі чалавек, які прысьвяціў сябе праблеме Чарнобылю, прафэсар Бандажэўскі. Пэўна, ужо вызначаныя і падабраныя новыя вучоныя, якія адменяць усім нам радыяцыю. Толькі калі прысьпее час адказваць за гэта, за свае справы на сьвятым тыдні і ўвогуле за справы на гэтай сьвятой і грэшнай зямлі, усе яны загалосяць, як некалі камэндант канцэнтрацыйнага лягеру Асьвенцім: падпальваючы печ крэматорыя, мы, маўляў, толькі выконвалі загад.

Вось такі яшчэ адзін месяц і тыдзень за намі. Тыдзень, за які, згодна статыстыцы, памерла 14 ліквідатараў чарнобыльскай навалы.

Звычайны для беларуса тыдзень. Ішоў дождж, сонца не сьвяціла. І буслы сядзелі ў кублах, і чмялі ня лёталі, і пчолы не гулі.

Але будзем спадзявацца. Будзем спадзявацца.
XS
SM
MD
LG