Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыехала маці арыштаванага расейца


Любоў Лунёва, Менск Маці арыштаванага масквіча Паўла Елізарава Вольга Вінаградава і прадстаўніца партыі “Яблоко” Крысьціна Чэрвенка прыехалі ў Менск, каб падтрымаць арыштаваных грамадзянаў Расеі і перадаць ім цёплыя рэчы ад бацькоў. Але адміністрацыя спэцпрыёмніка дазволіла толькі адну перадачу.

26 красавіка ў часе разгону мірнай дэманстрацыі, прысьвечанай 19-й гадавіне чарнобыльскай катастрофы, амонаўцы затрымалі каля сарака чалавек. Судзілі 28 чалавек, 27 зь іх арыштаваныя. Сярод іх 14 грамадзянаў Расеі з розных апазыцыйных палітычных партыяў, 5 грамадзянаў Украіны з “Нацыянальнага альянсу” і 8 беларускіх апазыцыянэраў.

Расейская амбасада прасіла кіраўніцтва спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка дазволіць Вользе Вінаградавай спатканьне са сваім сынам і перадаць іншым арыштаваным расейцам перадачы ад бацькоў. Адміністрацыя пагадзілася толькі на перадачы, спаслаўшыся на службовую інструкцыю.

(Вінаградава: ) “У спатканьні адмовілі, на жаль. Як казаў віцэ-консул, згодна зь беларускім законам, забаронена мець спатканьні з адміністрацыйна арыштаванымі правапарушальнікамі. Але добра, што прынялі перадачу, дазволілі падтрымаць маральна сына і яго паплечнікаў. Іншыя бацькі прасілі перадаць прывітаньні і чакаюць ад мяне навінаў і падрабязнасьцяў. Я лічу, што мой сын крыху ідэалістычны ў некаторых пытаньнях, але кірунак думак правільны. Я яго падтрымліваю”.

Крысьціна Чэрвенка зьяўляецца сябрам партыі “Яблоко”. Яна прынесла некалькі пакункаў зь цёплымі рэчамі ад бацькоў. Але адміністрацыя спэцпрыёмніка прыняць гэта адмовілася. Ёй паведамілі, што перадачы прымуць толькі ад сваякоў. Крысьціна паведаміла Радыё Свабода, што арыштаваныя студэнты самыя актыўныя сябры партыі:

(Чэрвенка: ) “Учора мы зразумелі, як іх нам не хапае, калі праводзілі акцыю ля беларускай амбасады. Калі даведаліся аб тым, што тут здарылася, спачатку адчулі шок. Потым усю ноч намагаліся датэлефанавацца ў Менск у АГП і сацыял-дэмакратам. Акцыя была прысьвечана чарнобыльскай катастрофе. Былі, канечне, палітычныя лёзунгі, але гэта мірная акцыя пратэсту. Пазыцыя амбасады — жах і сваволя. Як гэта пераклікаецца з пазыцыяй ураду? Лічу, што тут усё ўзаемазьвязана”.

Ля брамы спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка прысутнічалі лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, сьвятары аўтакефальнай праваслаўнай царквы і прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Вясна” Ўладзімер Лабковіч і фотакарэспандэнт расейскага выданьня “Newsweek” Васіль Максімаў. Айцец Вікенці ўдзельнічаў у шэсьці. Яго затрымлівалі амонаўцы, але ў пастарунак разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі не павезьлі.

(Вікенці: ) “Вядома ж, у свой час Хрыстос быў у турме. Вось і гэтыя людзі… У Пісаньні сказана: “Блаславёныя тыя, хто шукае праўду”. Тут сядзяць людзі, якія пацярпелі за праўду. Дык яшчэ ў такі час — ідзе страсны тыдзень”.

28 красавіка Васіль Максімаў наведваў спэцпрыёмнік разам з консулам. У актавую залю прывялі ягонага калегу Аляксея Аметава і яшчэ семярых арыштаваных расейцаў. Ён паведаміў, што ўсе скардзіліся толькі на холад:

(Максімаў: ) “Яны скардзіліся на холад. Прасілі прынесьці ручнікі, бо іх вадзілі ў душ, а выцірацца давялося шкарпэткамі. Ніякай бялізны там не даюць. Аляксей Аметаў паведаміў, што трымаў двухдзённую галадоўку, патрабуючы сустрэчы з прадстаўнікамі расейскай амбасады. Лекар зафіксаваў, што ціск зьнізіўся. Пасьля візыту віцэ-консула Аметаў галадоўку спыніў”.

Зьміцер Дашкевіч, Кірыл Шымановіч і Сяржук Высоцкі трымаюць галадоўку разам зь пяцьцю ўкраінцамі. І ў расейскай, і ва ўкраінскай амбасадах няма ніякіх зьвестак наконт таго, што іх арыштаваных грамадзянаў дэпартуюць зь Беларусі. Крысьціна Чэрвенка паведаміла Радыё Свабода, што віцэ-консул у прыватнай размове казаў пра магчымасьць дэпартацыі расейцаў пасьля адбыцьця арышту. У пашпарце расейцам могуць паставіць штамп аб забароне ўезду ў Беларусь на пяць гадоў.
XS
SM
MD
LG