Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны сход Беларусі прыняў адмысловую заяву “ў сувязі з узмацненьнем антыбеларускай кампаніі”


Уладзімер Глод, Менск Яе тэкст быў ухвалены на сумесным паседжаньні абедзьвюх палатаў, якое прайшло 29 красавіка. У заяве сьцьвярджаецца, што апошнім часам Беларусь зазнае наймацнейшы палітычны, дыпляматычны ды інфармацыйны ціск.

Мэтай сумеснага паседжаньня Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі былі адказы ўраду на запыты парлямэнтароў. Аднак, калі дэпутаты ўжо завяршалі задаваць пытаньні, раптам з боку кіраўніцтва Нацыянальнага сходу паступіла прапанова: прыняць заяву “ў сувязі з узмацненьнем антыбеларускай кампаніі”. Адным з аргумэнтаў на карысьць гэтага дакумэнта стало прыняцьцё падобнай заявы сябрамі Парлямэнцкага сходу так званага саюзу Беларусі і Расеі.

Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў агучыў праект заявы, у якім ня згадваецца канкрэтна ніводная дзяржава, якая займаецца, так бы мовіць, антыбеларускай дзейнасьцю:

(Папоў: ) “Антыбеларускія акцыі апошняга часу сьведчаць пра тое, што супраць Беларусі сплянавалі стратэгію дыскрэдытацыі. Гэта зрабілі сілы, якім не падабаецца незалежная палітыка нашай краіны. Добра вядомы дырыжор гэтай акцыі, які імкнецца да аднаасобнага ўсясьветнага панаваньня. Асабліва зьдзіўляе і выклікае непаразуменьне, што ў шэрагі абаронцаў правоў чалавека ў Беларусі становяцца лідэры некаторых дзяржаваў, якіх нельга назваць прыкладам эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця”.

Наступны прамоўца дэпутат Віктар Гумінскі, а затым і іншыя, як кажуць, адкрытым тэкстам згадвалі гэтых “некаторых”:

(Гумінскі: ) “Тут паважаны Вадзім Аляксандравіч сказаў, што “некаторыя. А я назаву: такія, як Саакашвілі, такія, як Юшчанка, спадары… Якое яны маюць права ўмешвацца ў нашыя справы?!”

З усіх прысутных супраць заявы прагаласавала толькі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава. Яна наступным чынам патлумачыла сваё рашэньне:

(Абрамава: ) “З майго пункту гледжаньня, ідзе антыбеларуская кампанія, дакладна скаардынаваная, рэжысаваная на дэлегітымізацыю існага становішча з пэўнымі палітычнымі наступствамі. Тут я згодная. Але я не магу пагадзіцца з тым, што ёсьць поўная аднадушнасьць у грамадзтве адносна правільнасьці эканамічнага курсу, часткова ўнутры- і замежнапалітычнага. І тут я многіх падыходаў не падзяляю, як не падзяляе іх прыкладна траціна грамадзтва. З падыходам меншасьці таксама трэба лічыцца”.

Мечыслаў Грыб, былы кіраўнік беларускага парлямэнту, лічыць, што сябры Нацыянальнага сходу наўмысна падмяняюць паняцьці. На ягоную думку, цяперашняя кампанія накіравана ня супраць Беларусі як краіны, ня супраць яе народу. Тут мэта — паказаць сапраўдны твар Аляксандра Лукашэнкі і афіцыйных уладаў, якія не выконваюць сваіх міжнародных абавязкаў:

(Грыб: ) “У Беларусі кожны выступ супраць улады, калі яна парушае правы чалавека, свабоды, расцэньваецца гэтай жа ўладай адназначна як выступ супраць Беларусі, супраць народу. Народ зрабілі такім шчытом, за якім хаваюцца. Выбары правялі, сфальсыфікавалі ды схаваліся за народ: гэта ня я, гэта воля народу. Прэзыдэнта абралі, зноў жа: гэта ня я, гэта воля народу. Рэфэрэндум правялі, зноў: гэта ня мы, гэта воля народу. І такі ўжо абралі сродак: гэта воля народу, гэта дэмакратыя”.
XS
SM
MD
LG