Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Усе паркоўкі ў цэнтры Менску будуць платныя


Ганна Соусь, Менск У блізкім часе ў цэнтральнай частцы Менску не застанецца бясплатных парковак. Унітарнае прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Менгарвыканкаму пачынае займацца ўстаноўкай паркаматаў. Цэнтральная частка Менску будзе падзеленая на пяць зонаў, і за два гады ўсе паркоўкі ў іх межах стануць платныя.

У гэтак званай “першай зоне”, якая ўключае праспэкт Скарыны, вуліцы Нямігу, Леніна і Гарадзкі вал, усе паркоўкі стануць платнымі ўжо сёлета. Гэта тычыцца і двароў. Але, як патлумачыў Радыё Свабода генэральны дырэктар прадпрыемства “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Менгарвыканкаму Павал Дубовік, жыхарам дамоў за паркоўку сваіх аўтамабіляў ня трэба будзе плаціць.

(Дубовік: ) “Калі будуць уведзеныя зоны, то для жыхароў будуць прадугледжаныя спэцыяльныя карткі”.

(Карэспандэнтка: ) “І жыхары будуць за іх плаціць?”

(Дубовік: ) “Не. Жыхары не пацерпяць ніяк. Хай не хвалююцца”.

Паводле спадара Дубовіка, у цэнтры Менску будзе ўсталявана каля 60 паркаматаў. Кошт аднаго паркамату — ад 1 тысячы даляраў і вышэй. Але пакуль яшчэ цалкам ня вырашаныя пытаньні фінансаваньня і набыцьця паркаматаў. Плянуецца, што да канца 2006 году ў Менску пачнуць дзейнічаць усе пяць зонаў платнай паркоўкі — у межах 2-га гарадзкога кальца (гэта праспэкт Пушкіна, вуліцы Арлоўскай), Аэрадромнай, Ванеева, Сурганава ды іншых. І ўся аплата будзе весьціся безнаяўным разьлікам.

А як будуць змагацца з тымі, хто ня будзе плаціць за паркоўку? На гэтае пытаньне Радыё Свабода Павал Дубовік адказаў гэтак:

(Дубовік: ) “Пытаньне знаходзіцца ў стадыі вырашэньня. На сёньня заканадаўства не прадугледжвае за гэта адміністрацыйнага пакараньня. Прынятая канцэпцыя не набыла законнай сілы. Існуе права чалавека: плаціць ці не плаціць. Гэта ўвогуле ўсясьветная практыка”.

І сапраўды, у большасьці эўрапейскіх сталіцаў цэнтры гарадоў таксама падзеленыя на платныя зоны паркоўкі, і бясплатных парковак практычна няма. Што да сыстэмы штрафаў, то Палата прадстаўнікоў пакуль яшчэ не прыняла Адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс, у якім прадугледжанае пакараньне для тых, хто ня плаціць на платных паркоўках.

На адной зь менскіх парковак у цэнтры Менску, яшчэ бясплатнай, я пацікавілася меркаваньнямі кіроўцаў наконт такой ініцыятывы менскіх уладаў.

(Кіроўца: ) “З паркоўкай праблемы ёсьць, канечне. Таму што ўжо вельмі мала месцаў, дзе можна паставіць машыну. Тое, што яны будуць платныя, то гэта ня надта добра. І так плацім падаткі, дык яшчэ плаціць за тое, што паркавацца”.

(Кіроўца: ) “Грошы дзяруць паўсюль, але гарантыі, што мой аўтамабіль будзе захаваны, ніхто не дае. А што тычыцца цэнтру, то там і так гэтых парковак — адна, другая ды ўсё. Я, напрыклад, хачу зь сям’ёй зьезьдзіць у цэнтар, але там машыну паставіць няма дзе, таму практычна мы ў цэнтар і не выбіраемся”.

(Кіроўца: ) “Дзе ёсьць месца, там і стаўлю. Паставіў машыну і пайшоў”.
XS
SM
MD
LG