Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся Марш памяці ахвяраў Галакосту


Ганна Соусь, Менск У маршы ўзялі ўдзел прадстаўнікі габрэйскай грамады Беларусі, чальцы дэлегацыі зь Нямеччыны, дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі. Завяршыўся Марш памяці жалобным мітынгам ля мэмарыяльнага комплексу “Яма”.

Марш памяці распачаўся ад будынку “Гістарычнай майстэрні”, якая знаходзіцца на тэрыторыі былога менскага гета. У акцыі ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек — былыя вязьні менскага гета і канцлягераў, былыя гастарбайтэры, прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў Беларусі, дэлегацыя дэпутатаў Бундэстагу, Ляндтагу і ўраду фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія, а таксама прадстаўнікі дабрачынных арганізацыяў зь Нямеччыны, дыпляматы Ізраілю, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Францыі, кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску. Гаворыць кіраўнік “Гістарычнай майстэрні” гісторык Кузьма Козак:

(Козак: ) “Такі марш паказвае і іншы бок вайны. У сьвяткаваньні 60 гадоў перамогі ў першую чаргу зьвяртаюць ўвагу на салдатаў, партызанаў, падпольшчыкаў, а ў гэтым маршы ідуць тыя, што не зьяўляюцца героямі. Гэта сапраўды ўпершыню. І марш пачынаецца ад “Гістарычнай майстэрні”, зь месца, куды прывозілі дэпартаваных габрэяў з Эўропы, і іх шлях адтуль на расстрэл быў да гэтай “Ямы”.

Немцы адчуваюць гістарычную і этычную адказнасьць за зьнішчэньне габрэяў у часе другой усясьветнай вайны, і гэта знаходзіць адлюстраваньне ў цяперашняй палітыцы нямецкага ўраду. Пра гэта казаў у часе мітынгу амбасадар Нямеччыны Марцін Гэкер:

(Гэкер: ) “Я мяркую, што мы маем тут прыклад таго, што людзі павінны вучыцца на досьведзе мінулага. Для нас гэта было няпроста. І я рады, што менавіта тут у габрэйскай грамадзе Беларусі ёсьць шмат людзей, якія ведаюць, што Нямеччына зьмянілася, і сустракаюцца з намі з адкрытасьцю і сяброўскімі пачуцьцямі”.

А вось што распавёў для Радыё Свабода кіраўнік Аб’яднаньня габрэйскіх арганізацыяў і суполак у Беларусі Леанід Левін:

(Левін: ) “Упершыню, магчыма, вось так сабраліся беларусы, Нямеччына, Ізраіль і наша суполка правяла такі Марш памяці… Празь некалькі дзён Дзень Перамогі. У нас, магчыма, ня так шмат фанфараў, але нашая памяць — вельмі значная і ёмістая. Нам трэба, каб гэтага ніколі болей ня здарылася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG