Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азім Малазадэ абраны новым спэцдакладчыкам па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы


Алег Грузьдзіловіч, Менск У падкамітэце па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адбыліся слуханьні справы Міхаіла Марыніча і іншых беларускіх палітвязьняў. У паседжаньні браў удзел абраны спэцдакладчыкам па Беларусі азэрбайджанскі апазыцыйны парлямэнтар Азім Малазадэ.

29 красавіка ў Страсбуры адбылося паседжаньне падкамітэту па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Перад эўрапейскімі парлямэнтарамі выступіў Павал Марыніч, сын вядомага беларускага палітвязьня Міхаіла Марыніча, які адбывае турэмнае пакараньне. Павал Марыніч распавёў пра справу свайго бацькі ды іншых зьняволеных актывістаў апазыцыі. Вось што Павал Марыніч паведаміў для Радыё Свабода пра паседжаньне:

(Павал Марыніч: ) “Мы зноў акрэсьлілі сытуацыю з палітвязьнямі ў нашай краіне і распаўсюдзілі матэрыялы пра тых новых палітвязьняў, якіх затрымалі падчас чарнобыльскай акцыі 26 красавіка. Мы падкрэсьлілі, што сярод затрыманых прадстаўнікі Расеі, Украіны і Беларусі, і такім чынам барацьба з гэтым рэжымам становіцца супольнай працай”.

Паводле Паўла Марыніча, парлямэнтары са Швэцыі і Нарвэгіі выказалі захапленьне мужнасьцю людзей, якія супрацьстаяць дыктатуры ў Беларусі. Упершыню ў працы падкамітэту па Беларусі ПАРЭ ўзяў удзел новы адмысловы дакладчык па Беларусі, азэрбайджанскі парлямэнтар Азім Малазадэ. Вось як спадар Малазадэ акрэсьліў вынік гэтага слуханьня:

(Малазадэ: ) “Галоўнае, было выказанае меркаваньне, што Рада Эўропы, для якой асноўныя мэты палягаюць у абароне правоў чалавека, дэмакратычным разьвіцьці і вяршэнстве закону, мусіць наладзіць трывалае назіраньне за працэсамі ў Беларусі і хутка рэагаваць на парушэньні, якія там ёсьць. Мы спадзяемся, што ў выніку будзе створаная сыстэма каардынацыі розных міжнародных арганізацыяў, каб уключыць іх магчымасьці і нарэшце дасягнуць зьменаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.

Азім Малазадэ замяніў на пасадзе спэцдакладчыка па Беларусі бэльгійскага парлямэнтара Стэфа Горыса, які сам папрасіў, каб яго пераабралі. Азім Малазадэ вядомы ў Азэрбайджане апазыцыйны палітык. У 1990-я гады ён быў намесьнікам кіраўніка Народнага фронту Азэрбайджану Эльчыбэя. Цяпер у Азэрбайджане Азім Малазадэ ўзначальвае аргкамітэт выбарчага блёку “За дэмакратычныя рэформы”, на які ўскладаюць вялікія спадзяваньні дэмакратычныя сілы краіны.

Пра пэрспэктывы сваёй працы як спэцдакладчыка ПАРЭ па Беларусі спадар Малазадэ сказаў:

(Малазадэ: ) “Мяркую, што завяршэньне падрыхтоўкі дакладу магчыма чакаць, калі будуць сур’ёзныя зрухі ў справе правоў чалавека ў Беларусі”.

Палітычны камітэт ПАРЭ, у які уваходзіць падкамітэт па Беларусі, не ўпершыню адмыслова вывучае становішча ў Беларусі. Раней заслухоўвалі даклад кіпрыйскага парлямэнтара Хрыстаса Пургурыдэса, прысьвечаны праблеме палітычных зьнікненьняў і свабоды друку ў Беларусі. Афіцыйны Менск вельмі жорстка адрэагаваў на даклад спадара Пургурыдэса, абвінаваціўшы яго ў неаб’ектыўнасьці. На сёньняшнім паседжаньні па справе Міхала Марыніча і іншых палітвязьняў прысутнічаў афіцыйны прадстаўнік Беларусі спадар Новікаў. Рэакцыя афіцыйнага Менску на слуханьні ў Страсбуры пакуль невядомая.
XS
SM
MD
LG