Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адчыняецца помнік “Беларусь партызанская”


Юлія Шарова, Менск 29 красавіка ў Менску ўрачыста адчыняецца помнік “Беларусь партызанская”. Манумэнт павінен быў адчыніцца яшчэ летась, але вакол яго разгарнуліся гарачыя дыскусіі. У выніку скульптар Валянцін Занковіч мусіў унесьці ў свой праект значныя зьмены.

Што сабой уяўляў ранейшы праект “Беларусі партызанскай” ды якія зьмены ўнёс аўтар? Год таму манумэнт уяўляў сабой даволі высокую калёну, прыкладна з пяціпавярховы дом, на якой разьмяшчалася велічэзная фігура жанчыны на зубры. Жанчына паўляжала на зьвяры, трымала ў руцэ сьцяг і глядзела на захад.

Чальцы Рэспубліканскай экспэртнай рады манумэнтальнага мастацтва палічылі тады гэты праект недасканалым з эстэтычнага пункту гледжаньня, але ўсё адно задума скульптара Валянціна Занковіча была ўхваленая. Свае прэтэнзіі выказалі і прадстаўнікі шматлікіх вэтэранскіх арганізацыяў – працу над манумэнтам прыпынілі. Толькі ў канцы мінулага году да яго вярнуліся й скульптар мусіў у сьціслыя тэрміны распрацаваць новы варыянт.

Цяпер жанчыну на зубры замяніла цэлая скульптурная група: мужчына са сьцягам ды жанчына зь дзіцём. Са словаў мастацтвазнаўцы Тамары Габрусь, сябра экспэртная рады, гэта не найлепшы варыянт мастацкага рашэньня, але калі параўноўваць яго з папярэднім, то ён больш прыймальны.

(Габрусь: ) "У мастацкім сэнсе гэта спрэчная рэч: адным падабаецца, іншым не падабаецца. Калі ўжо вырашалася наконт новага варыянта, то выканкамаўская брація проста галасіла: такі прыгожы манумэнт зарэзалі, вы самі вінаватыя. Такі ход мастацкі, такое наватарства. Нават было сорамна, што мы казалі пра яго блага ў свой час".

Спадарыня Габрусь кажа, што менскія ўлады вельмі актыўна падтрымлівалі папярэдні варыянт, але ж урэшце давялося пайсьці насустрач густам вэтэранаў. Экспэртная рада зацьвердзіла варыянт, абраны франтавікамі і партызанамі.

Як іншыя мастакі й скульптары наагул ацэньваюць ідэю ўзьвядзеньня такіх помнікаў? Ці лічаць яны, што манумэнты кшталту “Беларусі партызанскай” сапраўды ўпрыгожаць Менск? Скульптар Уладзімер Жбанаў ня лічыць патрэбным абмяркоўваць эстэтычныя погляды аўтара “Беларусі партызанскай”. Але ўвогуле ён адмоўна ставіцца да таго, каб узводзіць помнікі, якія сымбалізуюць стаўленьне да вайны.

(Жбанаў: ) "Ня трэба гэтага рабіць. Трэба рабіць нешта іншае, але толькі не такім чынам, каб адымаліся грошы і стаўленьне сучаснай моладзі да гэтага. Моладзь не гатовая да гэтага й ня хоча гэтага, а грошы трэба патраціць на іншае".

На думку спадара Жбанава, на праекты манумэнтаў такога кшталту варта ўсё ж абвяшчаць адкрыты конкурс, у якім могуць удзельнічаць ня толькі прафэсійныя скульптары і мастакі.
XS
SM
MD
LG