Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абліччы беларускай рэлігійнасьці


Галіна Жарко, Менск Праваслаўныя сьвяткуюць Уваскрасеньне Хрыстова. Хоць цэркваў цяпер шмат, у сьвяточныя дні яны перапоўненыя. Побач з тымі, хто дакладна выконвае ўсе патрабаваньні праваслаўнага абраду, хапае людзей, якія прыходзяць у храм раз на год.

Паводле прыблізных падлікаў, 80% вернікаў у Беларусі – праваслаўныя. Але нават у пачатку 90-х, на пад’ёме рэлігійнасьці, колькасьць вернікаў у краіне не перавышала 50% з улікам тых, хто захапіўся акультызмам і містычнымі вучэньнямі. У 2000 годзе Цэнтар сацыяльных дасьледаваньняў БДУ зафіксаваў спад рэлігійнасьці. Ужо 47% грамадзянаў назвалі сябе вернікамі. Але навукоўцы цьвердзяць, што астатнія 53% грамадзянаў нельга аднесьці да атэістаў. Гэта так званы фэномэн "размытай рэлігійнасьці".

Размаўляю з адказным сакратаром Беларускай праваслаўнай царквы па сувязях са СМІ Аляксеем Шынкевічам.

(Шынкевіч: ) “Вы бачылі, колькі на Вербную нядзелю людзей было?! Тысячы – каля катэдральнага сабору!”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта на сьвята… а ў такія дні?”

(Шынкевіч: ) “У такія дні людзі працуюць. Вельмі, вельмі шмат працуюць. Кожны дбае пра сямейны дабрабыт. Але колькасьць павялічваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму болей і болей вернікаў ідзе да храму?”

(Шынкевіч: ) “Яны бачаць, што самае добрае, чыстае для чалавека – гэта вера ў Хрыста. Жыцьцё ў людзей цяжкае. Людзі шукаюць паратунку. Бог канкрэтна дапамагае той краіне, таму чалавеку, якія на яго спадзяюцца. Таму й адчыняюцца новыя прыходы, таму людзі й хочуць, каб будаваліся новыя цэрквы”.

Як паведамілі ў Камітэце у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, у Беларусі ў 2004 вернікамі былі створаны 52 новыя прыходы. Некаторыя прыходы ня маюць пакуль асобнае царквы, але будуюць. 162 знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва й 1092 праваслаўных храмаў дзейнічае.

Хоць цэркваў быццам бы й нямала, але на сьвяты яны перапоўненыя. Чаму – пытаньне да філёзафа Валянціна Акудовіча.

(Акудовіч: ) “Хутчэй за ўсё, для беларусаў Вялікдзень – мірское сьвята ў рэлігійнай форме. Я б не хацеў пакрыўдзіць сапраўдных вернікаў, але мноства людзей, якія прыходзяць у царкву – гэта людзі, якія баяцца застацца зусім па-за верай, па-за богам, па-за тым, што аптымізуе жах небыцьця. Але наўрад ці яны сапраўды блізкія да веры”.

Валянцін Акудовіч сьцьвярджае, што беларусы не містычная нацыя, бо ня маюць такога містычнага складніка, як расейцы ці палякі. Паводле ягонага меркаваньня, ані праваслаўе, ані каталіцызм не адпавядаюць у дастатковай ступені мэнталітэту беларусаў. А вось дынамічны рост у апошнія гады пратэстанцкіх цэркваў спадар Акудовіч тлумачыць тым, што гэта якраз той накірунак, які найбольш падыходзіць беларускай нацыі.

Пратэстантызм вызначаецца ў першую чаргу асабістай адказнасьцю чалавека перад богам. Цікава, але адпавядаюць гэтай ідэі й назіраньні эканаміста. Леанід Заіка, якія сьцьвярджае, што ў 1990-я да 40% людзей жыло чаканьнямі, а зараз усё большая колькасьць людзей разумее, што трэба спадзявацца на свае сілы. Апроч таго…

(Заіка: ) “Царква ўтварае каштоўнасьць, але не як вяртаньне людзей, якія чакаюць цуда, а шукаюць праўды, маральнай стабільнасьці”.

А вось перад спадарыняй Ірынай, юнацтва якой прайшло за савецкім часам, дзьверы царквы цяпер зачыненыя.

(Ірына: ) “Калі туды ніхто не хадзіў, я туды хадзіла. Абстаноўка была спакойная. Стаялі адны бабулькі. Мне падабалася атмасфэра. Я была нехрышчоная. Ня ведала аніводнай малітвы, але мне там было добра й утульна”.

(Карэспандэнтка: ) “А цяпер перашкаджае натоўп?”

(Ірына: ) “Перашкаджае не натоўп, а ідэалягізаванасьць нашай царквы. Цяпер гэта палітыка. Яна стала такой, якой была ў царскія часы. Зрусыфікаваная".

Беларусы захоўваюць традыцыю асьвячаць фарбаваныя яйкі й велікодныя булкі, але ня ўсім лёгка зьмяшацца са стракатым натоўпам на цьвінтары.
XS
SM
MD
LG