Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 красавіка 1921 году нарадзіўся Мікола Ермаловіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 29 і 30 красавіка

29 красавіка 1863 году ў Ігуменскім павеце адбылася бойка паўстанцкага атраду пад кіраўніцтвам Сьвентарэцкага з рэгулярнымі часткамі расейскай арміі. У выніку расейцы адбілі ў паўстанцаў абоз – каля сарака вазоў, а самі інсургенты пасьпелі схавацца ў лясах.

29 красавіка 1987 году пачынаецца арганізаваны менскім маладзёвым клюбам “Талака” Дзьвінскі паход моладзі на знак пратэсту супраць будаўніцтва Дзьвінскай гідраэлектрастанцыі, у выніку чаго меліся быць затопленыя вялікія абшары Віцебшчыны. Маладыя людзі з розных гарадоў Беларусі разам з латыскімі сябрамі плылі па Дзьвіне на чаўнах, што выклікала рэзка нэгатыўную рэакцыю тагачаснае камуністычнае ўлады Беларусі. Аднак станцыю будаваць ня сталі.

29 красавіка 1996 году Канстытуцыйны суд Беларусі прызнае неадпаведным Канстытуцыі краіны ўказ прэзыдэнта Лукашэнкі, паводле якога органы ўлады мусілі выконваць ягоныя прызнаныя неканстытуцыйнымі ўказы. У выніку гэтае процістаяньне прывядзе да спробы імпічмэнту Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце, якая ня ўдасца. Канстытуцыйны суд будзе заменены іншым судом, а Вярхоўны Савет – разагнаны.

29 красавіка 1921 году нарадзіўся беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, які ўсё жыцьцё прысьвяціў вывучэньню старажытных летапісаў.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

30 красавіка 1632 году завяршылася жыцьцё аднаго зь сярэднявечных кіраўнікоў Беларусі караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы. Ягонае кіраваньне ўвайшло ў гісторыю падтрымкаю ідэі Берасьцейскай царкоўнай вуніі, дапамогаю Ілжэдзімітрыю заняць расейскі дзяржаўны пасад, а таксама вяртаньнем у склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленшчыны.

30 красавіка 1930 году пакінуў гэты сьвет Мікалай Судзілоўскі. Родам ён быў з Магілёва, займаўся мэдыцынай і палітычнай дзейнасьцю ў розных краінах сьвету. У прыватнасьці, быў прэзыдэнтам Гавайскіх выспаў.

30 красавіка 1945 году скончыў жыцьцё самагубствам адзін з найвялікшых злачынцаў у гісторыі чалавецтва Адольф Гітлер.

Сярод тых, хто прыйшоў на сьвет 30 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня літаратуразнаўцу Мар''яна Зьдзяхоўскага і паэта Янку Журбу, чэскага пісьменьніка Яраслава Гашка, які пісаў пра прыгоды ўдалага ваякі Швэйка, і польскага філёляга Флярыяна Няўважнага, на рахунку якога дасьледаваньні беларускай літаратуры і пераклады твораў Купалы, Багдановіча, Барадуліна ды іншых беларускіх празаікаў і паэтаў.
XS
SM
MD
LG