Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Дабравольскі: “Accept” – гэта крута!”


Ігар Карней, Менск 29 красавіка ў Менску дасьць канцэрт адзін з найбольш вядомых і папулярных ў сярэдзіне 1980-х “хэві-мэталічных” гуртоў: “Accept”. Нямецкая каманда вядомая перадусім дзякуючы характэрнаму вакалу саліста Уда Дыркшнайдэра, які сёньня, як і 20 гадоў таму, выведзе на сцэну Палацу спорту сваю “жалезную машыну”.

Сярод абавязковых патрабаваньняў музыкаў “Accept” да прымаючага боку – дзьве пляшкі брытанскага віскі. 30 гадоў таму гэта быў абавязковы атрыбут вобразу любой мэталічнай каманды; цяпер – тонус. Зрэшты, музыка для Уда Дыркшнайдэра і яго каманды паступова пераўтварылася ў хобі. Раз у некалькі гадоў калектыў “яднаецца” дзеля гастроляў; у перапынках той жа Дыркшнайдэр ладзіць сольныя выступы пад шыльдай U.D.O.

У кожным разе, нямецкія мэталісты сустракаюць ўдзячных прыхільнікаў ва ўсіх кутках сьвету. Беларусь – не выключэньне. Пэрыяд захапленьня “акцэптамі” ўзгадвае беларускі “цяжкавік” Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) “Пры канцы 1980-х, пачатку 1990-х, калі яшчэ не было N.R.M, а была самая-самая няўмелая “Мроя”, было павальнае захапленьне: з аднаго боку, у Менску былі так бы мовіць “хвалісты”, якія слухалі “Depeсhe Mode”, зь іншага боку былі “мэталісты”: яны слухалі “Accept”, “Iron Maidеn” і таму падобныя рэчы. Натуральна, што мы слухалі “Accept”. І дагэтуль гурт даволі энэргічна гучыць. Увогуле, было шмат камандаў хард-н-хэві, але такіх штучных, цыркавых, а тут насамрэч жорсткая нямецкая падача і, мне падаецца, актуальныя некаторыя рытмы і да сёньня”.

На сёньняшнім канцэрце можна будзе ўбачыць ня толькі абцягнутых у скуру “мэталістаў” новага пакаленьня. Сярод публікі абавязкова сустрэнецца і нечаканая асоба – як, напрыклад, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі – рокер са стажам, які ня толькі захапляўся, але і сам граў хард-рок.

(Дабравольскі: ) “Я вельмі паважаю гэты гурт. Гэта крута, як кажуць. Гэта тое, што я калісьці слухаў зь вялікім задавальненьнем, і зараз ён мне вельмі падабаецца. Слухаю і сольныя альбомы U.D.O. Яны ўсё робяць правільна. І калі раптам атрымаецца, то, думаю, падскочу да палацу, квіток перахаплю. Некаторыя хлопцы-рокеры пойдуць; ёсьць яшчэ людзі, якія любяць такую музыку, а я такую музыку калісьці іграў. Дарэчы, і мой сын яе слухае, якому вось-вось будзе 16 гадоў. Я яму стаўлю D.I.O, Ozzy Ozborne, “Judas Priеst”, “Accept”, безумоўна. Усё гэта ён у мяне слухае”.

Кіраўнік менскага рок-клюбу Ўладзімер Зайчанка перакананы, што ўплыў “Accept” на беларускіх рокераў рэальны хоць бы на адным прыкладзе.

(Зайчанка: ) “Адзін зь беларускіх гуртой нават узяў сабе сугучную назву “Акцэнт”. Толькі таму, што быў “Accept”. Гэта стопрацэнтна”.

(Карэспандэнт: ) “Многія гурты з гэтага шэрагу дзе фармальна, дзе нефармальна былі забароненыя. “Accept” з гэтага шэрагу?”

(Зайчанка: ) “Так, натуральна, абмежаваньні былі, сьпіс існаваў, усялякія назвы былі. Я сам, калі праводзіў дыскатэкі, спэцыялізаваўся толькі на мэтале, і калі ставіў “Accept”, анансаваў так: “Хлапчукі зь вядомага германскага гурта “збацаюць вам” прыгожую песьню”. Хоць мне паказвалі людзі, у якіх сьпісы былі на руках, што нельга гэтых даваць, нельга тых…”

Нямецкі “Accept” пашырыў сьпіс знакамітых камандаў, якія наведалі Беларусь. У актыве беларускіх мэляманаў ужо ёсьць рэальны кантакт з “Nazareth”, “Sweet”, “Scorpions”, “Whitesnake”, экс-лідэрам “Led Zeppelin” Робэртам Плантам.
XS
SM
MD
LG