Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Менску ўзмацняецца "авіяцыйны кулак"


Вячаслаў Кулік, Менск Лётчыкі з авіябазы ля райцэнтру Бяроза, якія цяпер рыхтуюцца да паветранага параду ў Менску 9 траўня, пасьля пралёту над урадавай трыбунай больш ня вернуцца на месца ранейшай службы. Паводле Міністэрства абароны, прынята рашэньне аб перадысьлякацыі ўсіх зьнішчальнікаў на аэрадром у Мачулішчах. Якія наступствы ў ваеннай і эканамічнай сфэрах абяцае перасяленьне авіяпалку?

28 красавіка на нарадзе ў пытаньнях баявой гатоўнасьці войскаў, стану ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі Аляксандр Лукашэнка зноў шмат гаварыў пра недахопы ў арміі. Паводле галоўнакамандуючага, аналіз праблемаў ва Ўзброеных сілах стане грунтам для новых кіруючых рашэньняў. Мажліва, першым зь іх і ёсьць загад Міністэрства абароны аб перадысьлякацыі ўсіх баявых зьнішчальнікаў 927-й авіяцыйнай базы, што ля райцэнтру Бяроза, на аэрадром у Мачулішчах пад Менскам.

Ваенныя аналітыкі па-рознаму ацэньваюць такі манэўр. Па словах экспэрта Аляксандра Алесіна, мачулішчанская авіябаза і без таго добра насычаная сучаснай тэхнікай.

(Алесін: ) “У Мачулішчах – зьмешаная авіябаза. Там стаяць транспартныя самалёты, базіруюцца верталёты, дзяжураць зьнішчальнікі МіГ-29, могуць базіравацца стратэгічныя бамбардэры".

У Міністэрстве абароны адмаўляюцца камэнтаваць пытаньне, чым выклікана неабходнасьць павелічэньня колькасьці паветраных зьнішчальнікаў пад беларускай сталіцай? Камандзіры ў Бярозе таксама сакрэтнічаюць. Адзіны спэцыяліст, які пагадзіўся гаварыць, папрасіў не называць прозьвішча. Па словах вайскоўца, працоўны лёс кожнага трымціць цяпер на валаску.

(Вайсковец: ) “Магу сказаць, як прыватная асоба. Тут працуе каля... (лічба) чалавек цывільных. З вывадам базы, вядома, многія зь іх страцяць працу”.

927-я авіябаза дысьлякуецца ля Бярозы ад 1955 году. Пры СССР штурмавікі лёталі адтуль на Кубу і Віетнам, у Эгіпэт, Сірыю, Аўганістан. Усясьветную цікавасьць Бяроза набыла ў сярэдзіне 1990-х, калі непадалёку быў расстраляны паветраны шар з двума амэрыканскімі падарожнікамі.

Што далей чакае правінцыйны гарадок? Над пытаньнем разважае тамтэйшы актывіст грамадзкага жыцьця Сяргей Русецкі.

(Русецкі: ) “Менш стане клясаў у школах. Жонкі лётчыкаў працавалі ў лякарнях, мелі вышэйшую адукацыю. У саміх лётчыкаў даволі высокія заробкі, што ўплывала на інфраструктуру горада. Прыватныя крамы, абслугоўваньне аўтамабіляў – частка людзей, якія займаюцца прыватным бізнэсам, арыентаваліся на грошы лётчыкаў. А беспрацоўных шмат і без людзей, якія працуюць па кантракту ў вайсковай частцы. Знайсьці працу – вялікае пытаньне зараз у Бярозе”.

Паводле Бярозаўскага раённага цэнтру занятасьці насельніцтва, сёньня на афіцыйным уліку 870 беспрацоўных. Чыноўнікі наракаюць, што Міністэрства абароны не прапанавала пакуль ніякай праграмы працаўладкаваньня выкінутых кантрактнікаў. Адкрытым застаецца пытаньне, што робіць мясцовая ўлада для прадухіленьня сацыяльнай напружанасьці. Мая гутарка са старшынёй Бярозаўскага райсавету Тамарай Карпенка ня ўнесла яснасьці.

(Карпенка: ) “Трэба зьвяртацца да ваенных, у Міністэрства абароны. Гэтыя людзі павінны займацца праблемамі”.

(Карэспандэнт: ) “Зразумела. А якім чынам будуць вырашацца сацыяльныя пытаньні насельніцтва вашага раёну?”

(Карпенка: ) “Выбачайце, у мяне зараз нарада…”
XS
SM
MD
LG