Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Памфілава: правамі чалавека ў Беларусі "мы будзем займацца прадметна і дастаткова жорстка"


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік Савету пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі ў пытаньнях садзейнічаньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека Эла Памфілава заяўляе, што яе структура будзе “прадметна і дастаткова жорстка” займацца абаронай правоў чалавека як расейскіх грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі, так і саміх беларусаў.

Кіраўнік Савету пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі занепакоеная затрыманьнем расейскіх грамадзянаў у часе апазыцыйнай акцыі 26 красавіка. Яна заклікала беларускія ўлады не ўшчамляць правы беларусаў і расейцаў, якія гарантаваныя канстытуцыямі абедзьвюх краінаў і дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

(Памфілава: ) “Я ведаю, што наш кансулят зараз гэтым займаецца, перадаў ім цёплыя рэчы, супрацоўнікі амбасады сустракаліся з затрыманымі грамадзянамі Расеі, высьветлілі праблемы, якія ў іх ёсьць, і выконваюць свае прамыя абавязкі не бяз нашага ўдзелу. Мы дарадчы Савет, і наша задача прымусіць тых, хто абавязаны абараняць, рабіць гэта ў час і эфэктыўна”.

Паводле Памфілавай, расейскі МЗС прадпрымае пэўныя крокі, бо любы бок павінен разабрацца, па якому праву і на падставе чаго былі затрыманыя расейскія грамадзяне. У гэтай сытуацыі расейскі бок павінен быў дзейнічаць больш апэратыўна і прадставіць усю неабходную дапамогу, забясьпечыць прысутнасьць адваката і прадстаўнікоў кансуляту, каб разабрацца ў сутнасьці прэтэнзій.

(Памфілава: ) “З гэтым усім трэба разьбірацца і потым, калі ёсьць прэтэнзіі і калі беларускі бок парушыў нейкія нормы, трэба з гэтым разьбірацца".

Беларускія праваабаронцы знаёмыя з Элай Памфілавай. Сябры праваабарончага цэнтру “Вясна” накіравалі ў Маскву поўную інфармацыю пра затрыманьні ўдзельнікаў апазыцыйнай акцыі ў Менску 26 красавіка, калі былі затрыманыя ў тым ліку расейскія грамадзяне і журналісты. Аднак гэта толькі прыклад супрацы паміж Саветам пры расейскім прэзыдэнце і беларускімі праваабаронцамі.

Адна з важных тэмаў такога ўзаемадзеяньня – палітычныя зьнікненьні ў Беларусі. Гэтаму была прысьвечаная сустрэча Элы Памфілавай зь Зінаідай Ганчар, жонкай зьніклага палітыка Віктара Ганчара. Такія сустрэчы будуць мець працяг і далей. У размове са мной Эла Памфілава сказала, што ў справе зьніклых трэба дзейнічаць вельмі сур''ёзна і кампэтэнтна, каб гэтая праца была выніковай.

(Памфілава: ) “Мы намерваемся ў рамках нашай кампэтэнцыі, сыходзячы з прававых актаў, цесна ўзаемадзейнічаць, працаваць з праваабарончымі арганізацыямі, асабліва ў тым, што тычыцца абароны правоў расейскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі , на падставе нашых дамоўленасьцяў, у тым ліку і беларусаў, мы будзем займацца прадметна і дастаткова жорстка”.

Цяпер у Савеце, які ачольвае Памфілава, абмяркоўваецца сумесны плян працы зь беларускімі праваабаронцамі, вядзецца вялікая падрыхтоўчая работа з удзелам экспэртаў.

(Памфілава: ) “Тое, што мы будзем вельмі цесна ўзаемадзейнічаць і працаваць з усімі грамадзкімі арганізацыямі Беларусі і ў першую чаргу праваабарончымі, гэта відавочна. Пачалі і абавязкова будзем працягваць гэтую працу. Але цяпер мы дакладна вызначаем, як – каб нас не абвінавацілі ў тым, што мы ўмешваемся ў кампэтэнцыю іншай краіны”.

Паводле Памфілавай, удзел расейскага боку ў справе абароны правоў чалавека, і ў тым ліку па зьніклых у Беларусі, павінен мець прававую, юрыдычную аснову. Савет мае вялікую ступень даверу ў прэзыдэнта Расеі. Пасьля таго, як сытуацыя будзе глыбока прааналізаваная, Савет выйдзе з прапановамі да Ўладзімера Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG