Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 траўня абыдзецца бяз гучных акцыяў: "рэжым баіцца любога выступу"


Міхал Стэльмак, Менск У нядзелю 1 траўня ў Беларусі дзяржаўнае сьвята – сьвята Працы. Паводле шматгадовай традыцыі, у гэты дзень прафсаюзы і некаторыя палітычныя сілы ладзілі акцыі – шэсьці, мітынгі, маёўкі. Сёлета ж на гэтую дату прыпадае праваслаўны Вялікдзень. Дык ці прадоўжыцца першатравеньская традыцыя масавых мерапрыемстваў?

Фэдэрацыя прафсаюзаў сёлета ня будзе адзначаць Першамай у ранейшым фармаце. Да сьвята Працы ў розных рэгіёнах прымеркаваныя толькі ўрачыстыя сходы, сьвяточныя канцэрты, уганараваньні перадавікоў вытворчасьці. У прыватнасьці, на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падначаленыя Леаніда Козіка плянуюць вялікі канцэрт з удзелам “зорак” беларускай эстрады. А вось шэсьцяў і мітынгаў пад эгідай ФПБ сёлета ня будзе. Гаворыць прадстаўніца фэдэрацыі Ірына Каганец:

(Каганец: ) “Таму што сёлета сьвята працы супадае зь Вялікднем. І, пэўна, гэта ня вельмі карэктна – праводзіць дэманстрацыі, шэсьці й мітынгі”.

А паводле вэрсіі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, ФПБ адмовілася ад традыцыйнага сцэнару зь іншай прычыны. Намесьнік старшыні прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандр Бухвостаў мяркуе, што падначаленыя спадара Козіка кіруюцца ўказаньнямі ўладаў:

(Бухвостаў: ) “Нібыта і няма Першамая. Таму што рэжым баіцца любога выступу. Нават афіцыйных прафсаюзаў. А мы разьлічвалі на вось што: калі афіцыйныя прафсаюзы прыйдуць у парк, мы тады таксама прывядзём туды сваіх людзей. Так было летась. Мы прывялі сваіх людзей у парк, сталі з нашымі сьцягамі”.

Як паведаміў спадар Бухвостаў, адзначыць сёлетні Першамай самастойна прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ўлады не дазволілі. Менскі гарвыканкам адхіліў заяўку на правядзеньне шэсьця, а таксама мітынгу.

Не атрымалі дазволу на першамайскія акцыі і апазыцыйныя камуністы. Вось што паведаміў лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Заяўку як належыць – за 15 дзён– наша гарадзкая арганізацыя падавала на правядзеньне шэсьця і мітынгу. Мы атрымалі адказ, што мітынг нам забаронены, а мы можам сабрацца на Бангалёры. Мы ня згодныя з такім рашэньнем і ня будзем праводзіць гэтае мерапрыемства”.

Яшчэ адны традыцыйныя арганізатары і ўдзельнікі першамайскіх сьвятаў –сацыял-дэмакраты – сёлета таксама засталіся, так бы мовіць, “бяз працы”. Расказвае адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратычнага руху Уладзімір Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Калі б не было вялікага сьвята праваслаўных вернікаў, мы б адзначалі Першамай як заўсёды. Мы заўсёды праводзілі дэманстрацыі, заўсёды ўдзельнічалі ў агульных мерапрыемствах з прафсаюзамі і г.д. А сёлета, назіраючы за сытуацыяй, мы пакуль вырашылі сьвяткаваць так: у сваім коле, правесьці маёўкі ў рэгіёнах, сабрацца сацыял-дэмакратам разам і адсьвяткаваць два сьвяты. І сьвята, якое сьвяткуюць праваслаўныя вернікі, і сьвята, якое сьвяткуюць усе сацыял-дэмакраты. Таму ніякіх вялікіх мерапрыемстваў мы на гэты дзень не прызначалі”.

У рэгіёнах 1 траўня таксама абыдуцца бяз гучных акцыяў. Паводле лідэра Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіля Корабава, гарадзенцы адзначаць сьвята Працы наступным чынам:

(Корабаў: ) “Гарадзенская арганізацыя правядзе маёўку, у Мазыры правядуць нейкі турнір, у Салігорску моладзь зьбярэцца і зьлёт правядзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG