Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША Джордж Крол: размовы аб магчымай сустрэчы Буша і Лукашэнкі ў Маскве абсурдныя


Валер Каліноўскі, Менск Амбасадары ЗША і Вялікабрытаніі Джордж Крол і Браян Бэнэт асудзілі разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску і судовыя працэсы над яе ўдзельнікамі. Гэтыя падзеі, на іх думку, яшчэ раз дэманструюць слушнасьць нядаўна ўхваленай рэзалюцыі Камісіі ў справе правоў чалавека ААН.

Амбасадары ЗША Джорж Крол і Вялікабрытаніі Браян Бэнэт, які прадстаўляе ў Менску старшынёўства Эўразьвязу, дэманстравалі адзіны падыход у справе адносінаў зь Беларусьсю. Гаворачы аб падзеях аўторка і серады, калі ў Менску былі затрыманыя і асуджаныя ўдзельнікі “Чарнобыльскага шляху”, амбасадар Крол зазначыў, што грамадзяне маюць права на дэманстрацыі і выказваньне сваёй думкі, асабліва з нагоды чарнобыльскай трагедыі:

(Крол: ) “Мы вельмі занепакоеныя неадэкватнай, на наш погляд, рэакцыяй беларускіх уладаў, арыштам людзей, якія бралі ўдзел у мірнай дэманстрацыі, падчас якой яны жадалі перадаць лісты прэзыдэнту краіны. І выкарыстаньне супраць іх міліцэйскіх сілаў, безумоўна, парушае грамадзянскія правы беларусаў. Гэта яшчэ адна прычына прызнаць, наколькі нядаўняя рэзалюцыя камісіі ААН у справе правоў чалавека па Беларусі важная”.

Джордж Крол запэўніў, што гэтая рэзалюцыя, ініцыяваная ЗША і Эўразьвязам, не павінна разглядацца як варожая ў дачыненьні да Беларусі, наадварот, яна адлюстроўвае сяброўскія адносіны і павагу да беларускага народу і ягоных правоў. Спадар Крол заявіў, што ЗША не зьбіраюцца вызначаць, хто будзе кіраваць Беларусьсю, але будуць падтрымліваюць дэмакратычныя працэдуры, вольныя і справядлівыя выбары. Амбасадар Крол зазначыў, што фінансавая дапамога ЗША беларускай дэмакратыі базуецца на беларускіх ініцыятывах, у тым ліку зьвязаных з выбарамі 2006 году.

(Крол: ) “У фокусе дапамогі Злучаных Штатаў будзе выбарчы працэс, які прывёў бы да дэмакратычнага вырашэньня сытуацыі. Мы не падтрымліваем палітычных партыяў альбо кандыдатаў на выбарах у любой краіне. Нашая падтрымка закліканая заахвочваць большы ўдзел грамадзтва ў выбарчым працэсе, яго збалянсаванае асьвятленьне ў СМІ, падрыхтоўку назіральнікаў, паляпшэньне выбарчых працэдураў”.

У сувязі з паведамленьнямі ў СМІ наконт магчымай сустрэчы 9 траўня ў Маскве Аляксандра Лукашэнкі і Джорджа Буша, амэрыканскі амбасадар запэўніў, што такой сустрэчы не плянуецца.

(Крол: ) “Калі я запытаў аб гэтым Белы дом і згадаў камэнтары, зробленыя беларускім парлямэнтаром Чаргінцом, мне адказалі, што гэта ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю і такія размовы проста абсурдныя”, — сказаў амэрыканскі амбасадар Джордж Крол.

Браян Бэнэт, амбасадар Вялікабрытаніі, зазначыў, што ў сувязі з парлямэнцкімі выбарамі ў ягонай краіне, пакуль невядома, хто будзе прадстаўляць яе на ўрачыстаьцях у Маскве:

(Бэнэт: ) “Аднак хто б ні паехаў ад нас, а таксама ад іншых краінаў-сябраў Эўразьвязу, наша пазыцыя палягае ў тым, што мы ня маем намераў арганізоўваць там сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі”.
XS
SM
MD
LG