Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве каля беларускага пасольства пікет у падтрымку затрыманых грамадзянаў у Менску


Юры Сьвірко, Кіеў. Усе 5 грамадзян Украіны, якія адбываюць адміністрацыйны арышт у Менску, ад моманту затрыманьня ладзяць галадоўку пратэсту

Пра гэта ў эксклюзыўным інтэрвію Радыё Свабода заявіў Ігар Гузь, лідэр украінскага “Нацыянальнага альянсу”, які сёньня ўпершыню сустрэўся з консулам Украіны ды атрымаў магчымасьць патэлефанаваць.

(Гузь: ) “Мы абвясьцілі галадоўку яшчэ пазаўчора, з часу нашага затрыманьня. Мы знаходзімся ў менскім спэцпрыёмніку – знаходзімся, як усе нармальныя людзі тут знаходзяцца. Адзіная заўвага ў нас адназначна была да суду, які выносіў выракі паводле сьпісу, які яму хтосьці даў. Такі сьпіс мы пабачылі, то бок было дакладна да суду вырашана, хто колькі павінен атрымаць. А таксама да супрацоўнікаў менскага АМОНу. Жорстка нас ня білі, але паштурхалі канкрэтна – ёсьць невялікія драпіны, па нырках пару разоў далі”.

Спадар Гузь дадаў, што ўкраінцы перадалі консулу патрабаваньні падаць касацыйную скаргу на вырак менскага суду. У Кіеве МЗС Украіны таксама заявіла, што рашэньні беларускіх судоў будуць абскарджваць.

(Гузь: ) “Наша галадоўка ёсьць адказам на дзеяньні беларускай улады, суду, міліцыі. Мы пратэстуем, мы лічым сябе нявінаватымі. Нашыя правы – грамадзкія й чалавечыя – парушаныя. Мы лічым, што за нішто сядзім тут , і лічым, што такімі дзеяньнямі беларуская ўлада робіць пра сябе негатыўную думку ня толькі ва Ўкраіне, але й у сьвеце”.

Каля беларускай амбасады ў Кіеве выставілі інфармацыйныя стэнды. Ужо суткі яе пікетуюць сябры “Нацыянальанага альянсу”, якія ўсталявалі там 2 намёты. Сёньня яны спрбавалі перадаць беларускім дыпляматам пэтыцыю пратэсту ды апэльсіны, але ніхто з амбасады ня выйшаў. Апэльсіны дасталіся ўкраінскім міліцыянтам, якія ахоўваюць дыпмісію Беларусі.

“Нацыянальны альянс” абяцае з аўторка цалкам блякаваць усе ўваходы ў амбасаду Беларусі ды прывезьці шмат людзей з усяе Ўкраіны – калі да таго часу ня вызваляць украінцаў у Менску. Ігар Гузь сказаў, што датэрміновае вызваленьне малаверагоднае.
XS
SM
MD
LG