Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брагін


Ягор Маёрчык, Брагін, Гомельшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Я знаходжуся ў памяшканьні мэтэаралягічнай станцыі. Ад гэтай кропкі да Чарнобылю — нейкіх 40 кілямэтраў. Ужо 19 гадоў тут бесьперапынна назіраюць за радыяцыйным фонам. Некалькі хвілінаў таму на зьмену заступіла супрацоўніца Натальля Нікіценка.



(Нікіценка: ) “Радыяцыю мы мераем, як і раней, — праз кожныя тры гадзіны, восем разоў на суткі. Сёньня на момант 9 гадзінаў раніцы мы даем такія зьвесткі: 62 мікрарэнтгены на гадзіну. А норма — да 20. Раней тут у нас было болей за 20 кюры. А пасьля навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў нас чыстая зямля. А радыяцыя нікуды ня зьнікла. Гэтыя малыя дозы дрэнна ўплываюць на людзей. Ад пачатку быў такі загад: усё сьмецьце выносіць на вуліцу. Павінна была езьдзіць адмысловая машына і зьбіраць яго. Цяпер у нас такога няма. Калі калгасы вакол Брагіна палілі сьцерню і людзі на сваіх агародах спальвалі бацьвіньне, радыяцыйны фон імкліва падвысіўся. Я рабіла выбарку і насіла ў райвыканкам, заклікала іх тэрмінова нешта рабіць. Адказу ніякага не было”.

Пра ровень забруджаньня ў горадзе ведаюць сыноптыкі, ведаюць у тутэйшым аддзеле Міністрэрства надзвычайных сытуацыяў, ведаюць у райвыканкаме. Ня ў курсе толькі народ.

Да пэнсіі Тамара Какоткіна працавала пераважна на станцыі хуткай дапамогі. Але некалькі гадоў пасьля 1986-га была дазымэтрыстам. Яна вымярала радыяцыю па ўсім Брагіне. Сёньня да такіх рэчаў, як радыянукліды, яна ставіцца спакойна. Адсутнасьць эмоцыяў сьпісвае на час — за дзевятнаццаць гадоў любы прызвычаіцца.



(Карэспандэнт: ) “Ці жыхары Брагіна ведаюць, які тут ровень радыяцыі? Якая ступень забруджаньня?”

(Какоткіна: ) “Адкуль яны будуць ведаць? Я нават такога ня ведаю. Мы ж яе ня мераем. Я некалі ў першыя гады пасьля аварыі працавала дазымэтрыстам, тады я ўсё ведала”.

(Карэспандэнт: ) “А свайго дазымэтра няма?”

(Какоткіна: ) “У нас іх ні ў кога няма. Людзі і не імкнуцца іх набываць”.

Радыяцыйны фон у паветры, як і ступень забруджаньня глебы, зьмяняецца кожны дзень. Узімку радыянуклідаў меней. А з надыходам вясны і лета іх колькасьць падвышаецца. Ровень радыяцыі асабліва ідзе ўгору перад 26 красавіка. Напярэдадні гадавіны чарнобыльскай катастрофы пра 6-тысячны раённы цэнтар Гомельшчыны згадваюць высокія чыноўнікі. То сюды Аляксандар Лукашэнка прыедзе, то абласное начальства завітае. А сёлета чакаюць дэлегацыю дыпляматаў краінаў Эўразьвязу.

Шточацьвер на загад райвыканкаму супрацоўнікі дзяржаўных установаў зь дзеркачамі ў руках выходзяць на вуліцы Брагіна. Яны зьбіраюць сьмецьце, мятуць ходнікі і праезную частку. Чысьціню вітаюць усе. І толькі эколягі маюць сваё “але”. Яны засьцерагаюць, што ў выніку такіх аўралаў у паветра падымаецца пыл — а значыць, радыяцыі навокал толькі более.



Гэтыя акалічнасьці сталі падставай для сустрэчы з супрацоўнікам тутэйшай службы камунальнай гаспадаркі Ўладзімерам Церамецкім.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць ў брагінскага камунгасу машына, якая вадой мые дарогі? Можа, прасьцей было б адзін раз праехаць такой машынай...”

(Церамецкі: ) “У камунгасе такая машына ёсьць, але яна цяпер знаходзіцца ў непрацоўным стане. Ёсьць і машына, якая падмятае. Але ў камунгасу не хапае паліва”.

Добраўпарадкаваны ў Брагіне толькі цэнтар. Ускрайкі візуальна мала чым розьняцца ад закінутых вёсак на адселеных тэрыторыях: нежылыя хаты разбураныя і разрабаваныя, стыхійна ўзьніклыя сьметнікі паабапал дарог зь дзіравым асфальтам.



На сьцяне кабінэту першай намесьніцы старшыні райвыканкаму Ганны Бабрынёвай вісіць партрэт Аляксандра Лукашэнкі. А з акна відаць цэнтральны пляц і помнік Васілю Ігнаценку — пажарніку, які загінуў у часе ліквідацыі аварыі на чарнобыльскай электрастанцыі. Побач зь бюстам стэнды з назвамі пахаваных і адселеных вёсак. Дасьціпнік зазначыць, што кіраўнік дзяржавы на партрэце нібыта адвярнуўся ад мэмарыялу.



Спадарыня Бабрынёва гутарыць са мной адмовілася. Ейныя калегі на ўмовах ананімнасьці аказаліся больш гаваркімі.

(Спадар: ) “Добраўпарадкаваньне ў нас ідзе ўжо другі год. Яно адбываецца паводле праграмы адраджэньня малых гарадоў. Летась нам выдаткавалі блізу 6 мільярдаў рублёў. Сёлета абласны выканаўчы камітэт павінен выдаткаваць дадатковыя сродкі”.

(Карэспандэнт: ) “Ідзе добраўпарадкаваньне цэнтру, альбо яно будзе адбывацца па ўсім горадзе?”

(Спадар: ) “Па ўсім горадзе, дзе толькі магчыма. Наколькі нам дазволяць сродкі, настолькі мы будзем рабіць. Але сродкаў тут пратрэбна не 6 мільярдаў, а хаця б 60 — каб усё прывесьці ў належны выгляд”.

Адразу пасьля чарнобыльскай аварыі ў Брагіне пачалося вялікае пералясеньне народаў. Нямала карэнных жыхароў падаліся ў чыстыя раёны. На іхныя месцы зьявіліся прыбышы з гарачых кропах Савецкага Саюзу. Пазьней нехта зь іх зьехаў, нехта застаўся. І такіх хваляў было некалькі.

У сёньняшнім Брагіне расьце нараджальнасьць, школа перапоўненая і хутка будзе пашырацца, а дзіцячых садкоў ужо два. У навасьпечаных гараджанаў, якія некалі жылі ў рэспубліках Сярэдняй Азіі, сем’і вялікія. Для іх пяцёра ці сямёра дзяцей — не мяжа. Калі скажу, што карэнныя насельнікі рады новым суседзям, то пакрыўлю душою. Паслухаем архіўны запіс Радыё Свабода. Ліквідатар Уладзімер Раціеў:

(Раціеў: ) “Тут цяпер панаехала столькі ўсякага народу — кіргізаў, малдаванаў, узбэкаў… Каго тут толькі няма! Навошта іх тут прымаюць? Прыходзяць у хату, адкуль зьехалі брагінцы ў чыстую зону, і самі засяляюцца. Ці то прыходзяць у хату, столь ці падлогу выдзяруць — і ніякага пакараньня за гэта няма. Ніякага парадку!”



І яшчэ адно сьведчаньне з часу падрыхтоўкі першай праграмы “Палітычная геаграфія — Брагін”. Тагачасны намесьнік кіраўніка цэнтру занятасьці насельніцтва Іван Шыпіла пра новых насельнікаў:

(Шыпіла: ) “Ёсьць людзі, якія сапраўды прыехалі таму, што на сваёй радзіме жыць немагчыма. Яны працавітыя, іх не палохае ніякая праца — абы далі хату. У калгас дык у калгас, ідуць безь пярэчаньняў. І прыжыліся ў нас. А ёсьць і другая катэгорыя прыежджых — тыя, хто ня хоча працаваць. Спачатку пабудуць у адным калгасе, а празь месяцы два зьбягаюць у другі, трэці… Зразумела, што гэта за работнікі. Яны тут гойсаюць, займаюцца крадзяжом”.

Пасьля Чарнобылю ногі ў Івана Шыльца прыхапіла так, што ледзь рухаецца. Стары ўвесь час сядзіць у хаце, а выходзіць толькі на двор. Гэтым зламысьнікі і карыстаюцца.

(Шылец: ) “Яны тут і па склепах лазяць. А ўсё ад таго, што працаваць ня хочуць. У мяне ў самога два разы ў склеп залазілі. Ужо тры гады запар не магу курэй завесьці, бо іх крадуць”.

(Карэспандэнт: ) “Склеп свой пачалі б зачыняць”.

(Шылец: ) “Пад замкі! Але яны два і замкі пазламвалі”.

(Карэспандэнт: ) “А знайшлі тых, хто краў?”

(Шылец: ) “Хто яго шукаць будзе?”

(Карэспандэнт: ) “А каб зьвярнуцца ў міліцыю?”

(Шылец: ) “Махніце рукой! Каму тут старыя гэтыя патрэбныя. Жывеш — жыві, памёр — добра”.

Прыбышы — людзі, неахвотныя на словы. Тыя, хто працуе, адмаўляюцца ад інтэрвію, спасылаюцца на недахоп часу. А беспрацоўныя прапануюць для пачатку расьпіць бутэльку і пасьля перайсьці да размовы.

Вы толькі ўявіце, як пажартаваў лёс з Аляксандра. Ён, беларус паводле нацыянальнасьці, за савецкім часам жыў у Таджыкістане. Там яго лічылі расейцам. А вярнуўся на радзіму, і адразу стаў таджыкам.

Дзень нашае сустрэчы Аляксандар вырашыў пражыць паводле прынцыпу “зранку выпіў — да заўтра вольны”. Так што выбачайце за хібы дыкцыі.

(Аляксандар: ) “У нас кіргізы, туркмэны, казахі — нацыянальнасьцяў валам! Я нават сам сябрую з двума кіргізамі і адным туркмэнам. У нас усё добра. І ніякай варажнечы тут няма”.

(Карэспандэнт: ) “П’юць людзі ў Брагіне?”

(Аляксандар: ) “Як і паўсюль. Я чаго ты хацеў? Жонка, бывае, так дапячэ, што трэба стрэс зьняць”.

(Карэспандэнт: ) “А хто болей п’е: беларусы ці прыбышы?”

(Аляксандар: ) “Я дакладна сказаць не магу, бо сам п’ю мала”.

(Карэспандэнт: ) “Радыяцыя на здароўе ўплывае?”

(Аляксандар: ) “Не. Некалі казалі, што тут ледзь ня чэрці павыводзіліся, што па Брагіне чарнобыльскія вожыкі бегаюць. Я куды ні прыяжджаў, мне нават рукі не падавалі павітацца. Яны баяліся, што я іх магу заразіць. А цяпер усё стала на свае месцы”.



Калі верыць напісанаму на мэмарыяле, што на цэнтральным пляцы, райцэнтар даўно зьяўляецца мёртвым горадам. Так і пазначана: “Вядзецца адсяленьне з гарадзкога пасёлку Брагін”. Каб абяцанае ўладамі спраўдзілася, не было б ні згаданых у гэтай праграме праблемаў, ні аповедаў пра людзкія лёсы, ні самой праграмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG