Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыны Міхаіла Марыніча накіравалі ў пракуратуру Беларусі скаргу на дзеяньні адміністрацыі Аршанскай калёніі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ігар і Павал Марынічы лічаць, што ў калёніі іх бацьку спрабавалі забіць і таму наўмысна не давалі яму лекаў. Між тым, у пракуратуры не паведамляюць пра вынікі праверкі гэтых падзеяў.

28 красавіка сыны экс-міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча накіравалі ў пракуратуру Беларусі скаргу на дзеяньні адміністрацыі Аршанскай калёніі, у якой утрымліваўся Міхаіл Марыніч і дзе зь ім здарыўся інсульт. Пазьней высьветлілася, што напярэдадні інсульту вязьню ў калёніі адмаўляліся даваць прапісаныя яму дактарамі лекі. Ігар Марыніч лічыць, што гэта рабілася наўмысна.

(Ігар Марыніч: ) “Гэта спроба забойства. Мы напісалі ў скарзе, каб пракуратура правяла расьсьледаваньне”.

Пасьля таго, як напачатку сакавіка зь Міхаілам Марынічам здарыўся інсульт, у пракуратуры Беларусі заявілі, што будзе праведзеная праверка дзеяньняў адміністрацыі Аршанскай калёніі. Мінула больш за месяц, але пра вынікі гэтай праверкі грамадзкасьці не паведамілі. Сёньня ў прэсавай службе пракуратуры мне таксама нічога не сказалі пра тое, да якіх высноваў прыйшлі сьледчыя — і ўвогуле, ці была праведзеная такая праверка.

Тым часам справай Міхаіла Марыніча ўсё больш цікавяцца ў сьвеце. 29 красавіка ў Страсбуры адбудзецца паседжаньне адмысловай падкамісіі па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. На паседжаньні выступіць сын Марыніча Павал. Яго запрасілі распавесьці пра справу ягонага бацькі. Павал кажа, што нагадае эўрапейскім дэпутатам таксама пра лёсы іншых палітычных вязьняў і распавядзе пра нядаўнія арышты ўдзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”.

(Павал Марыніч: ) “За гэтыя пятнаццаць хвілінаў я паспрабую распавесьці пра ўсе апошнія падзеі ў Беларусі, давесьці, што сытуацыя стала горшай і што дыктатарскі рэжым пойдзе на ўсё, каб сябе выратаваць”.
XS
SM
MD
LG