Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: у сацыял-дэмакратаў “шукалі наркотыкі, знайшлі віншавальныя паштоўкі”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Брестский курьер” на першай паласе зьмяшчае матэрыял “Шукалі наркотыкі, знайшлі віншавальныя паштоўкі”. У аўторак у берасьцейскую міліцыю патэлефанаваў невядомы: маўляў, у будынку, дзе месьцяцца рэдакцыя газэты і офіс сацыял-дэмакратаў – пах наркотыкаў. Міліцыя наркотыкаў не знайшла, але заўважыла 3 тысячы віншавальных паштовак зь 1 Мая і Вялікаднём, падпісаных Аляксандрам Казуліным. Цэлую ноч міліцыянт ахоўваў будынак, а раніцай паштоўкі канфіскавалі невядомыя, якія не прадставіліся і ня мелі ордэру на ператрус.

У Берасьцейскім Сьвята-Ўваскрасенскім храме-помніку 50-годзьдзя Перамогі будзе адкрыты музэй, прысьвечаны сьвятарам, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную. Газэта распавядае пра 84-гадовага вэтэрана, айца Аляксандра Каратая са Сьвята-Янабагаслоўскай царквы вёскі Прыборава.

“Ударыла па рагах палачка Коха”. Надзвычайнае здарэньне: на жывёлагадоўчым комплексе “Якоўчыцы” Жабінкоўскага раёну прыйшлося забіць 50 племянных кароў, якія захварэлі на сухоты. Усяго ў гаспадарцы 700 жывёлаў, а нядаўна ад сухотаў памёр скотнік, паведамляе “Брестский курьер”.

“Бобруйский курьер” атрымаў падзяку аб мэра гораду за праведзены сумесна з супрацоўнікамі міліцыі рэйд “Кропка на мапе гораду” – па месцах, дзе гандлююць самагонам і сьпіртам. Артыкул у газэце так і называецца “Мэр сказаў “дзякуй”.

Сьветлагорскі ”Ранак плюс” у чацьвер на першай паласе зьмяшчае матэрыял “Нямецкі падарунак да Дня Перамогі”. Летась нямецкія місіянэры дапамагалі сьветлагорскім вернікам Новаапостальскай царквы будаваць малельны дом і заўважылі, што побач раённая бальніца ў вельмі непрыглядным стане. Сёлета нямецкі “Саюз міласэрнасьці” разам з вернікамі адрамантаваў апэрацыйны блёк райбальніцы і прывёз для сьветлагорцаў сучаснае мэдычнае абсталяваньне.

Побач са Сьветлагорскам створаны конна-спартовы клюб, гаспадарка плянуе купіць 15 племянных коняў, будуе іпадром – матэрыял называецца“Элітарны адпачынак у калгасе “Прагрэс”.

Пінскі “Мясцовы час” працягвае друкаваць парады юрыстаў Беларускага Хэльсынскага камітэту “Як паводзіць сябе, калі затрымлівае міліцыя”. Газэта анансуе таксама два цікавыя дапаможнікі турысту – “Пешы маршрут па Пінску” і “Тры сталіцы Палесься – Тураў, Пінск, Мазыр”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” праводзіць расьсьледаваньне: хто насамрэч забіў гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ, за галавой якога “палявалі” 12 спэцгруп НКВД, ГРУ, партызаны, і кожны хацеў “спрычыніцца”. Кажуць, спрэчкі спыніў Сталін, які сказаў: дзяўчатам – герояў, астатнім – ордэны. У выніку Героямі Савецкага Саюзу сталі тры дзяўчыны: Алена Мазанік, Надзея Траян і Марыя Осіпава. Аднак і дагэтуль многіх цікавіць, што ж адбылося на самой справе? Чытайце вэрсіі ў “Камсамолцы”-таўстушцы, якая выходзіць цяпер па чацьвяргох.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG