Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько: "Незалежныя выданьні ўсё роўна будуць выходзіць"


Аляксей Знаткевіч, Прага 28 красавіка а 19-й гадзіне ў Доме літаратара адбудзецца вечарына, якой газэта "Наша Ніва" пачынае сьвяткаваць свой 100-гадовы юбілей, які будзе адзначацца ўвосень наступнага году. Госьць Свабоды – галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Андрэй Дынько.

(Знаткевіч: ) "Спадар Андрэй, што будзе сёньня на вечарыне?"

(Дынько: ) "Там будуць усе рэдактары, аўтары Нашай Нівы, будзе сьпяваць Лявон Вольскі, будуць чытаць свае новыя вершы і новыя творы Уладзімер Арлоў, Адам Глёбус, Людка Сільнова, Вера Бурлак, будуць таксама сюрпрызы – я не хачу адразу ўсяго расказваць".

(Знаткевіч: ) "А чаму вы вырашылі пачынаць сьвяткаваць ужо сёлета?"

(Дынько: ) "Мне хочацца, каб наступны год, 2006-ы, прайшоў пад знакам Нашай Нівы. Каб ён прайшоў пад знакам яе ідэалаў, яе мовы, яе настрою. І мы хочам ужо зараз задаць гэты тон і хочам таксама абмеркаваць з чытачамі, як гэта мусіць быць, што газэта мусіць зрабіць да свайго 100-гадовага юбілею. Бо "Наша Ніва" – гэта ж газэта сваіх чытачоў, якая творыцца адразу сотнямі, тысячамі людзей. Напрыклад, у нас ужо ёсьць задума выдаць некалькі тамоў таго літаратурнага, эсэістычнага і публіцыстычнага даробку, які быў зроблены за апошнія 15 гадоў, з часу аднаўленьня газэты, з 1991 да 2006 году. Яшчэ варта было б да гэтага юбілею зрабіць тое, што трэба: каб людзі маглі даведацца пра гэтую газэту напачатку стагодзьдзя й г.д. Карацей, мы хочам пачуць людзей, а што да сустрэчаў, то мы вельмі любім гэтыя сустрэчы, мы ўжо ж аб''ехалі паўкраіны. У Менску даўно не было сустрэчы".

(Знаткевіч: ) "Рэдактар БДГ Пётр Марцаў заяўляў некалькі разоў, у тым ліку ў інтэрвію "Нашай Ніве", што ўлады вырашылі да канца году закрыць практычна ўсе незалежныя выданьні. Як Вы лічыце, наколькі імаверна, што такі загад сапраўды існуе?"

(Дынько: ) "Ну, па-першае, ніколі не кажы ніколі. Па-другое: хай яны паспрабуюць зачыніць усе незалежныя выданьні, але ці ёсьць нейкія людзі ў Беларусі, што сумняюцца, што незалежныя выданьні ўсё роўна будуць выходзіць? Можа быць, не ў цяперашняй форме, не ў цяперашнім месцы –але як можна зачыніць "Нашу Ніву"? Паспрабуйце. Пабачым, будзем і мы нешта рабіць. Я б ня быў такім фаталістам. Той жа самы Марцаў у тым інтэрвію вельмі добра сказаў, што газэту немагчыма зачыніць, пакуль у яе ёсьць чытачы, пакуль яе журналісты пішуць, а чытачы чытаюць".

(Знаткевіч: ) "У чым для Вас палягае асноўнае падабенства і асноўнае адрозьненьне цяперашняй "Нашай Нівы" і той газэты, якая існавала напачатку мінулага стагодзьдзя?"

(Дынько: ) "Тады была вось якая сытуацыя: 80% насельнікаў Беларусі гаварылі па-беларуску, але не чыталі па-беларуску. Цяпер жа наадварот: 80% чытаюць па-беларуску, але не гавораць. І гэта проста стварае іншыя псыхалягічныя праблемы. Трэба прызнаць, акрамя таго, што тады рэжым у царскай Расеі быў мякчэйшы, што да незалежнай прэсы і да грамадзянскай супольнасьці, чым цяпер. Цяпер ён не нашмат, але больш жорсткі, і цяжэй бывае нам дзейнічаць. У чым падабенствы? Мы ад той "Нашай Нівы" запазычылі нашу ідэялёгію, як цяпер модна казаць у пэўных колах. Мы запазычылі гэты прынцып шуканьня нацыянальных інтарэсаў і іх адстойваньня. Для нас таксама важнае пытаньне сацыяльнай справядлівасьці і сацыяльнага вызваленьня, пытаньне грамадзкай салідарнасьці – як дамагчыся таго, каб наш беларускі сьвет, нашая супольнасьць была салідарнай, справядлівай і свабоднай. Гэтыя задачы вырашала тая "Наша Ніва", і гэтыя задачы вырашаем мы".

(Знаткевіч: ) "Ваша газэта таксама асьвятляе чарнобыльскую праблему. Чаму, на Вашую думку, так шмат людзей застаецца жыць на заражаных чарнобыльскіх тэрыторыях?"

(Дынько: ) "Людзі любяць сваю зямлю. Паехаць са сваёй зямлі – гэта як паехаць ад сваіх дзяцей. Мінулым летам я праехаўся па чарнобыльскай зоне, адселеных вёсках – ёсьць адна вёска, дзе жыве яшчэ 7 чалавек старых – па вёсках, адкуль ужо відаць рэактар, ад Хойнікаў у Брагін, праз Бабчын... Разумееце – як гэта людзям адарвацца ад свайго сьвету?"

(Знаткевіч: ) "Як тады ставіцца да палітыкі ўладаў, якія аднаўляюць сельскагаспадарчую вытворчасьць у гэтых зонах, якія заклікаюць маладых спэцыялістаў перасяляцца туды?"

(Дынько: ) "Гэта нашыя ўлады, як яны ёсьць. Яны няздольныя прапанаваць нічога іншага. Калі б там у гэтым Брагіне, Хойніках, Чачэрску пабудаваць прамысловую вытворчасьць, тады мы маглі б спыніць там вытворчасьць сельгаспрадукцыі і адначасова забясьпечыць гэтым людзям нармальнае жыцьцё. Але ў гэтых уладаў няма грошай на гэтыя вытворчасьці, яны ня могуць знайсьці ніякіх інвэстыцый. А без інвэстыцый што рабіць? Араць зямлю. Вядома, што сеяць буракі ў Брагінскім раёне блізка да злачынства. Я думаю, што некалі гэта так будзе ацэнена. Гэта сапраўды пытаньне зьмены ўладаў і знаходжаньня новых інвэстыцый для нашай беларускай эканомікі. Калі сюды прыйдуць інвэстыцыі, калі ў нас будзе ўлада, якая здолее гэта арганізаваць, то гэта канчаткова вырашыць праблему гэтай чорнай зоны на паўднёвым усходзе нашай краіны".
XS
SM
MD
LG