Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры "Нацыянальнага альянсу" начавалі каля беларускай амбасады ў Кіеве


Юры Сьвірко, Кіеў 10 чалавек начавалі сёньня ў двух намётах на газоне каля беларускай амбасады ў Кіеве. Сябры ўкраінскай моладзевай арганізацыі "Нацыянальны альянс" гэткім спосабам патрабуюць вызваліць свайго лідэра Ігара Гузя ды яшчэ чатырох аднадумцаў – гэтых людзей, разам з грамадзянамі Беларусі й Расеі, менскія суды пакаралі напярэдадні адміністрацыйнымі арыштамі ад 10 да 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску ў гадавіну Чарнобыльскай аварыі.

Як прайшла першая ноч у новым намётавым гарадку ў Кіеве і колькі яшчэ там зьбіраюцца начаваць ягоныя жыхары? Удзельнікі акцыі кажуць, што ноч прайшла вельмі спакойна. Яны заблякавалі цэнтральны ўваход у амбасаду – відаць, беларускія дыпляматы будуць хадзіць і сыходзіць празь нейкі чорны ход.

Удзельнікі акцыі патрабуюць вызваліць сваіх сяброў, а да гэтага часу абяцаюць сядзець у намётах на газоне каля сьцяны беларускай амбасады. Вось што мне сказаў па мабільным тэлефоне жыхар гэтага намётавага гарадку Ўладзімер Антанюк:

(Антанюк: ) "Нас тут 10 хлапцоў. Мы будзем рабіць усё, каб выйшлі нашыя сябры. Калі будзе трэба, будзем начаваць, будзе трэба – будзем яшчэ нешта рабіць".

Уладзімер кажа, што зь міліцыяй у іх вельмі добрыя стасункі. Украінская міліцыя ўчора ахоўвала беларускую амбасаду, ад 3 да 5 міліцыянтаў пільнуюць уваход у амбасаду, але ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі не перашкаджаюць: закон не дазваляе міліцыі спыняць такія акцыі й гарантуе ўкраінскім грамадзянам права рабіць усялякія акцыі пратэсту.

Тэма арыштаў у Менску застаецца адной з галоўных для Ўкраіны. Амаль усе выпускі навінаў на радыёстанцыях і тэлеканалах пачынаюцца паведамленьнямі пра Беларусь і пра гэтыя суды. Міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк узяў гэтую справу пад свой асабісты кантроль. Сёньня спадар Тарасюк будзе знаходзіцца ў Чылі, у яго вялікае турнэ па Паўдзённай Амэрыцы, і чакаецца яго новая заява ў гэтай сытуацыі. Таксама ўдзельнікі акцыі пратэсту кажуць, што было б вельмі добра пачуць прэзыдэнта, Віктара Юшчанку, але ён пакуль што нічога на беларускую тэму не сказаў.

Расейскія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на арышты сваіх грамадзянаў. Расейскіх дыпляматаў, у адрозьненьне ад украінскіх, учора ў судзе не было.
XS
SM
MD
LG