Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адпавядае эканамічнае становішча ва Ўкраіне заявам Лукашэнкі?


Казімір Яноўскі, Гомель 26 красавіка ў Менску падчас Чарнобыльскага шляху беларускія міліцыянты затрымалі шэраг грамадзянаў Украіны. У гэты ж дзень у райцэнтры Ветка Гомельскай вобласьці на сустрэчы з мясцовымі жыхарамі Аляксандр Лукашэнка распавядаў пра крызыс у эканоміцы паўднёвай суседкі, якая цяпер нібыта ня ў стане правесьці веснавую пасяўную кампанію.

Мяркую, што пра крызыс ва Ўкраіне было сказана невыпадкова. Гэтым як бы падкрэсьлівалася: маўляў, глядзіце, да чаго прывяла зьмена кіраўніцтва. Паслухаем фрагмэнт выступу беларускага лідэра ў Ветцы перад мясцовымі жыхарамі:

(Лукашэнка: ) “Украіна да гэтага часу знаходзіцца ў найцяжэйшым крызысе. Ня могуць пасеяць! Ва Ўкраіне сёньня пасеялі меней, чым у нас. Чаму? Цэны падскочылі на паліва. Дзяржава там не дапамагае сельскай гаспадарцы. І яны сёньня разводзяць рукі, ня могуць пасеяць”.

Як жыхары памежных зь Беларусьсю раёнаў Украіны ставяцца да падобных выказваньняў ды затрыманьня сваіх суграмадзянаў у Беларусі? Учора я меў размову па тэлефоне з кіраўніком Чарнігаўскага таварыства “Асьвета” імя Тараса Шаўчэнкі Васілём Чапурным. Ён так пракамэнтаваў затрыманьні ўкраінцаў у Менску:

(Чапурны: ) “Што да затрыманьня ўкраінскіх грамадзянаў у Беларусі, то гэта, на жаль, сьведчыць пра таталітарны рэжым у дзяржаве. Чаму на жаль? Мы, украінцы, ставімся да беларусаў як да добрых суседзяў. Тое, што робіць улада, мы не пераносім на беларускае грамадзтва.

Заявы прэзыдэнта Лукашэнкі пра тое, што ва Ўкраіне дарагія паліўна-змазачныя матэрыялы і ня вядзецца сяўба, не адпавядаюць рэальнасьці. Высілкамі ўраду Юліі Цімашэнкі была зьліквідавана картэльная змова расейскіх нафтагандляроў. Цэны нармалізаваліся. Сяўба ідзе плянава, без нейкіх надзвычайных сытуацыяў. Зьдзіўляюся, адкуль зьяўляецца іншая інфармацыя. Дзякуем, канешне, бацьку Лукашэнку за турботы пра Ўкраіну. Адзінае, што хацелася б, каб гэтая турбота грунтавалася на рэальным стане рэчаў”.

Ад сябе дадам, што я гутарыў з шараговымі ўкраінцамі пра іх жыцьцё пасьля выбараў новага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Нават за такі кароткі час настрой ў людзей зьмяніўся да лепшага. І на тое ёсьць важкія падставы. Паслухаем спадарыню Ніну з Чарнігаўскай вобласьці. Яна распавядае пра сваю пэнсію:

(Ніна: ) “Была 170 грыўняў, стала – 285. І цяпер яшчэ надбаўку за стаж далі. Агулам атрымалася 365 грыўняў. Гэта пасьля таго, як выбралі Юшчанку”.

Другая ўкраінская грамадзянка паведаміла пра ўведзеную урадам дапамогу на нованароджанае дзіця:

(Жанчына: ) “З прыходам Юшчанкі парадзіхам на дзіця выплочваюць 8 тысяч грыўняў. Як толькі народзіцца дзіця – 3 тысячы, астатнія – цягам году. На іх даюць альбо пампэрсы, альбо калыскі, альбо каляскі, альбо адзеньне – каму што трэба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG