Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Альбэрт Бацяноўскі, апошні глыбоцкі сябар Саюзу Беларускіх Патрыётаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск З 1945-га году, пад час навучаньня ў Глыбоцкай пэдвучэльні, ён быў адным з актывістаў гэтай падпольнай моладзевай арганізацыі, якая дзейнічала на поўначы Меншчыны і захадзе Віцебшчыны.

Увосень 1947-га году, паводле здрадніцкага даносу, Альбэрт Бацяноўскі і яшчэ некалькі дзесяткаў ягоных паплечнікаў былі асуджаныя на 10 год канцэнтрацыйных лягераў. Свой тэрмін Альбэрт Бацяноўскі адбываў у ГУЛАГу, і толькі ў 90-я гады атрымаў паведамленьне пра ўласную рэабілітацыю.

Гады зьняволеньня моцна адбіліся на ягоным здароўі: апошнія гады ён ня дужа добра пачуваўся і мог перасоўвацца толькі з дапамогаю кійка. Такім яго й запомнілі землякі. Распавядае рэдактар газэты “Вольнае Глыбокае” Уладзімер Скрабатун.

(Скрабатун): -- Ён хадзіў з кіёчкам. Я яго вельмі часта сустракаў і вельмі далёка ад Глыбокага – кілямэтраў за 40, за 50... І заўсёды ён быў з гэтым кіёчкам, з пляцаком. Вандраваў шмат па лясох. Кажуць, што часам ён зьбіраў і пустыя бутэлькі – каб мець магчымасьць выпісаць паболей газэт. Ён добра разумеў тое, што цяпер адбываецца на Беларусі. Ведаю, што на выбарах ён галасаваў за Пазьняка. Ён усё разумеў і быў сапраўдным беларусам, сапраўдным патрыётам.

Альбэрт Бацяноўскі памёр на 76-м годзе жыцьця. Пасьлязаўтра родныя і сябры праводзяць яго ў апошні шлях.
XS
SM
MD
LG