Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі акцыі 26 красавіка арыштаваныя на тэрміны ад 5 да 15 сутак


Любоў Лунёва, Менск Сярод арыштаваных -- 14 грамадзянаў Расеі, 5 – Украіны і 8 грамадзянаў Беларусі. Украінскі консул Васіль Сэрдэга, які прысутнічаў на судзе, паведаміў, што быў вельмі зьдзіўлены, калі пачуў, што вокліч: “Жыве Беларусь!” ёсьць парушэньнем беларускага заканадаўства.

26 красавіка некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся на рагу прасьпекта Францыска Скарыны і вуліцы Энгельса, каб перадаць пэтыцыю ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Улады далі загад разагнаць мірную дэманстрацыю. У выніку каля 40 ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя. Ноч яны правялі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

У Цэнтральным судзе Менску разглядалі справы чатырох грамадзянаў Украіны і дзесяці грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі. Міліцыянты абвінавачвалі ўсіх у парушэньні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня вулічнай акцыі. Першым судзілі дэпутата мясцовага савету Валынскай вобласьці Ігара Гузя, якога пакаралі арыштам на 10 сутак. Андрэй Бокач правядзе за кратамі 15 сутак. На 10 сутак суд арыштаваў Аляксандра Мафлая, Аляксея Панасюка і Андрэя Грымалюка. Украінскі консул Васіль Сэрдэга некалькі гадзінаў намагаўся сустрэцца з затрыманымі грамадзянамі. Яму дазволілі прысутнічаць на судзе. Пасьля судовага паседжаньня ён паведаміў журналістам, што быў вельмі зьдзіўлены, калі пачуў, што вокліч: “Жыве Беларусь!” ёсьць парушэньнем беларускага заканадаўства.

Расейцаў з розных палітычных партыяў “Оборона”, СПС, “Молодое Яблоко” і “Идущие без Путина” пакаралі арыштамі ад 5 да 15 сутак. Сярод арыштаваных расейцаў тры журналісты, якія не мелі пры сабе акрэдытацыі МЗС Беларусі. Павал Раманаў, якога арыштавалі на 10 сутак, працуе ў “Московском Комсомольце”. Аляксей Аметаў з расейскага выданьня “Newsweek” будзе адбываць арышт 15 сутак.

Супрацоўнікі міліцыі паведамлялі, што ўсіх затрыманых грамадзянаў Расеі будуць судзіць у Доме правасудзьдзя, дзе месьціцца Ленінскі раённы суд. Туды з раніцы прыйшлі іх паплечнікі. Сярод іх была дэпутат Яраслаўскага муніцыпальнага савета Юлія Малышава. Яна не магла дабіцца ад міліцыянтаў і старшыні суду Любові Жалнерчык адказу на пытаньне: “Калі і хто будзе судзіць грамадзянаў Расеі?” У выніку старшыня суду адказала ёй і сакратару амэрыканскай амбасады, што ўсіх ужо пакаралі арыштамі на першым паверсе будынку і адвезьлі. Але ніхто іх не бачыў. Юлія Малышава паведаміла Радыё Свабода:

(Малышава:) “Абсалютна патаемным чынам судзілі нашых сяброў. Мы абураныя. Бо нам нічога не сказалі. Мы ня ведаем, дзе яны знаходзяцца. Судзьдзя выйшла і сказала, што судзілі 14 чалавек. Колькі з іх расейцаў, мы ня ведаем. Судзьдзя заявіла, што не будзе даваць ніякай інфармацыі, ніякіх прозьвішчаў. Мы едзем у амбасаду, каб там высьветліць лёс і імёны нашых грамадзянаў.”

Праз гадзіну іх прынялі ў расейскай амбасадзе, дзе нарэшце далі афіцыйны сьпіс. Першы сакратар амбасады Вадзім Трэбухін паведаміў Радыё Свабода:

(Трэбухін:) “Мы зрабілі ўсё магчымае, каб не дапусьціць парушэньня правоў расейскіх грамадзянаў. Самі грамадзяне ніякіх прэтэнзіяў у бок праваахоўных органаў Беларусі і расейскай амбасады не выказвалі”. У Ленінскім судзе судзілі беларускіх грамадзянаў. Актывіст Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч правядзе пад вартай 12 сутак. Зьміцер Дашкевіч адразу пасьля вынясеньня прысуду сказаў Радыё Свабода некалькі словаў:

(Дашкевіч:) “Парадокс дадзенай сытуацыі ў тым, што нас прывезьлі ў дом правасудзьдзя. Гэта ў краіне, дзе няма ніякага права. Учорашняя акцыя гэта яскрава прадэманстравала. Адміністратыўна замацаваўшы права грамадзянаў Беларусі зьвяртацца да Лукашэнкі, АМОН нам перакрыў шлях, каб не даць перадаць пэтыцыю. Беларускія тэлеканалы і “агітпроп” сьцьвярджаюць, што беларускіх апазыцыйных сілаў было недзе 50 чалавек. Чаму ж вы баіцеся гэтых 50 чалавек?! Чаму ж вы іх выводзіце сотні амонаўцаў!?”

Намесьніка лідэра Маладога Фронту Сяржука Лісічонка арыштавалі на 10 сутак. Старшыню менскай абласной арганізацыі АГП Марыну Багдановіч Ленінскі суд пакараў штрафам у 150 базавых велічыняў (гэта каля 2 000 даляраў). Раней за выступ на мітынгу прадпрымальнікаў яе пакараў Цэнтральны суд на 200 базавых велічыняў. Агулам Марына мусіць заплаціць штраф больш за 4 000 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG