Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнт рэзка крытыкуе адыход Расеі ад дэмакратыі


Юрыя Дракахруст, Прага Камітэт міжнародных справаў Эўрапарлямэнта ўхваліў праект рэзалюцыі адносна стасункаў Эўразьвязу з Расеяй. Ён прымеркаваны да сустрэчы Эўразьвяз-Расея на вышэйшым узроўні, якая адбудзецца ў Маскве 9-10 траўня, падчас сьвяткаваньня юбілею перамогі над нацызмам. Дакумент, распрацаваны камітэтам Эўрапарлямэнту, рэзка крытыкуе адыход Расеі ад дэмакратыі, а таксама спробу Масквы ўтрымліваць пад сваім кантролем суседнія краіны. Дэпутаты Эўрапарляменту таксама крытыкуюць урады краінаў Эўразьвязу за няздольнасьць весьці ўзгодненую палітыку адносна Расеі

Эўрапарлямэнт звычайна найбольш рэзка крытыкуе Расею з усіх установаў Эўразьвязу. Аўтарка расейскай рэзалюцыі, швэцкі парлямэнтар Сесілія Малмстром прызнае, што ў значнай ступені гэта адбываецца таму, што Эўрапарлямент наўпрост не вызначае палітыку Зьвязу – гэта прэрагатыва нацыянальных урадаў і Эўракамісіі. Аднак рашэньні і пастановы Эўрапарлямэнту уплываюць на грамадзкую думку, зь якой урадам даводзіцца лічыцца. Падчас саміту ў Маскве мяркуецца падпісаць пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве Расеі і аб’яднанай Эўропы, аднак пазіцыі бакоў шмат у чым разыходзяцца. Сп-ня Малмстром гаворыць, што Эўропу непакояць адыход Расеі ад дэмакратыі, становішча з правамі чалавека, свабодай слова, а таксама сытуацыя ў Чачні. Акрамя таго, як паведамляюць дыпляматы Эўразьвязу, расейскі бок хацеў бы, каб у пагадненьні прысутнічалі фармулёўкі, якія можна было б інтэрпрэтаваць, як падзел Эўропы на сфэры ўплыву. Паводле Сесіліі Малмстром, такі падыход Эўрапарлямэнт лічыць непрымальным.

(Малмстром: ) “Мы адкідаем ідэю сфэраў уплыву, як гэта бачаць расейцы. Гэта нашы агульныя суседзі, і гэта наш інтарэс, і гэта павінна быць інтарэсам і Расеі, каб яны былі мірнымі дэмакратычнымі краінамі. Мы вельмі занепакоеныя тым, што Расея працягвае ўтрымліваць свае войскі ў Малдове і Грузіі, спадар Пуцін зрабіў няправільную стаўку ва Ўкраіне і працягвае падтрымліваць Лукашэнку – апошняга камуністычнага дыктатара ў Эўропе. Гэта кепска для нашых будучых адносінаў”.

У праекце рэзалюцыі Эўрапарляменту адзначаецца, што “неабмежаваны гвалт”, які Расея ўжывае ў Чачні, “у такой самай ступені мацуе тэрарызм, у якой і змагаецца зь ім”. Паводле аўтараў дакумэнту, Масква павінна неадкладна падпісаць дамовы аб мяжы з Латвіяй і Эстоніяй, што ёсьць перадумовай лібэралізацыі візавага рэжыму паміж Расеяй і Зьвязам.

У праекце рэзалюцыі знайшла адлюстраваньне думка, што некаторыя ўрады краінаў Зьвязу у адносінах з Расеяй аддаюць перавагу сваім вузкім нацыянальным інтарэсам перад супольнымі інтарэсамі аб’яднанай Эўропы.

(Малмстром: ) “Есьць перасьцярога, што нашу агульную лінію ў адносінах з Расеяй увесь падрываюць двухбаковыя ініцыятывы асобных дзяржаваў-сябраў Зьвязу і гэта пасылае вельмі дзіўны сігнал Расеі. Гэта наша памылка, а не расейцаў, бо розныя краіны Зьвязу маюць розныя інтарэсы ў Расеі і гэта не заўсёды адпавядае агульнай палітыцы Эўразьвязу”.

Сп-ня Малмстром тлумачыць, што размова ідзе пра інтарэсы ў галіне энэргетыкі. Найбольш шчыльна супрацоўнічае з Расеяй ў гэтай галіне Нямеччына. Швэцкая дэпутатка лічыць недарэчнымі абвінавачваньні ў “русафобіі”, якая нібыта пануе ў Эўрапарляменце.

(Малмстром: ) “Ёсьць некалькі палітыкаў у Эўрапарлямэнце, якія асабіста пацярпелі ад савецкага панаваньня, яны сядзелі ў турме, іх перасьледвалі. Ня кожны ёсьць Нэльсанам Мандэлам, павінен прайсьці час, каб забыць. Я мяркую, вельмі важна, каб на сустрэчы ў Маскве 9-10 траўня ясна далі зразумець, што Расея павінная пачаць працэс прымірэньня і прызнаць, што несправядлівасьць была зробленая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG