Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістам незалежнай газэты “Згода” пракуратура пагражае крымінальнай справай


Галіна Абакунчык, Менск Пракуратура Партызанскага раёну Менску разглядае магчымасьць адкрыцьця крымінальнай справы супраць журналістаў незалежнай газэты “Згода”. Гэткую заяву ўтрымлівае афіцыйны адказ раённай пракуратуры на патрабаваньне рэдактара выданьня Аляксея Караля даць прававую ацэнку дзеяньням мясцовых міліцыянтаў. Напрыканцы сакавіка міліцыянты ўчынілі ў памяшканьні рэдакцыі ператрус і канфіскавалі аргтэхніку без адпаведных дакумэнтаў і тлумачэньняў

Пракурор Партызанскага раёна сталіцы спадар Раманоўскі заявіў, што кампутары ў рэдакцыі канфіскаваныя законна, а гумарыстычныя журналісцкія матэрыялы могуць быць кваліфікаваныя як зьнявага прэзыдэнта краіны. У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксей Кароль падзяліўся меркаваньнем, што гэткім чынам улады намагаюцца пазбавіцца яшчэ аднаго незалежнага выданьня. Але такое стаўленьне да недзяржаўных мэдыяў паказвае, што аналягічная пагроза крымінальнага перасьледу паўстае таксама й перад шэраговымі грамадзянамі краіны – кажа спадар Кароль.

(Кароль:) “Самае галоўнае хваляваньне ня ў тым, што распачынаецца крымінальная справа супраць супрацоўнікаў “Згоды”, а ў тым, што зьвілася навізна ў мэтадах і спосабах гэтай апэрацыі. Яна ўжо пераходзіць рамкі перасьледу выключна апанэнтаў гэтага рэжыму. Яна ўжо пасягае на правы й свабоды простага грамадзяніна. Безабароннасьць грамадзяніна перад сыстэмай улады робіцца абсалютнай.”

Гаварыў рэдактар незалежнай газэты “Згода” Аляксей Кароль. Паводле кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў, асабліва жорсткім перасьлед незалежных мэдыі становіцца напярэдадні й падчас буйных палітычных кампаніяў. А ўсё больш частыя крымінальныя справы аб зьнявазе кіраўніка краіны ёсьць таксама папярэджаньнем усім удзельнікам будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак грамадзяне мусяць памятаць, што і прадстаўнікоў уладаў, а таксама праваахоўнікаў можна й неабходна прыцягваць да адказнасьці за неправамоцныя дзеяньні, – сьцьвярджае праваабаронца Алег Воўчак.

(Воўчак:) “Паколькі ў заканадаўстве ёсьць артыкул аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў, неабходна, каб кожны грамадзянін, неабавязкова журналіст, зьвяртацца са скаргамі ў пракуратуру. Толькі так мы зможам супрацьстаяць злачынцам у пагонах афіцэраў.”

Паводле спадара Воўчака, ён разам з рэдактарам газэты “Згода” зараз рыхтуе скаргі на дзеяньні прадстаўнікоў праваахоўных органаў Партызанскага раёну Менску ў вышэйшыя інстанцыі. А паводле спадара Караля, газэта працягвае выходзіць, дзякуючы падтрымцы й салідарнасьці журналістаў іншых незалежных мэдыяў.”

Нагадаем, што паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу “Аб зьнявазе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” былі прыцягнутыя да адказнасьці й пакараныя абмежаваньнем волі гарадзенскія журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, апазыцыйная актывістка Аксана Новікава, кіраўнікі прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG