Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна выказала глыбокую заклапочанасьць затрыманьнем сваіх грамадзян у Менску, у Кіеве распачалося пікетаваньне беларускай амбасады


Юры Сьвірко, Кіеў Як паведаміла ўкраінскае МЗС, “справа знаходзіцца на асабістым кантролі міністра замежных справаў Украіны Барыса Тарасюка”, які зараз наведвае з афіцыйным візытам Бразылію ды адтуль сочыць за падзеямі ў менскім судзе. Тым часам у Кіеве распачалося пікетаваньне амбасады Беларусі

“Ва Ўкраіне выклікае глыбокую заклапочанасьць затрыманьне 26 красавіка у Менску беларускімі праваахоўнымі органамі пяці грамадзян Украіны падчас правядзеньня мітынгу каля Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”, -- гэтак пачынаецца афіцыйны камэнтар прэсавай службы ўкраінскага МЗС.

Кіеў таксама выказвае асаблівую занепакоенасьць тым, што прадстаўнікам украінскай амбасады ў Беларусі спачатку адмовілі ў праве на сустрэчу з затрыманымі ўкраінскімі грамадзянамі. Беларускі бок, падкрэсьлівае дыпляматычнае ведамства Ўкраіны, парушыў палажэньні Венскае канвэнцыі аб консульскіх зносінах 1963 году ды Эўрапейскае канвэнцыі аб абароне правоў і асноўных свабодаў чалавека.

“Беларускі суд не ўзяў пад увагу гэтыя абставіны, а таксама не надаў паўнавартаснай магчымасьці адвакату ўкраінскага боку ажыцьцяўляць абарону грамадзян Украіны падчас судовага слуханьня, чым былі парушаныя іхнія неад’емныя правы”, -- гаворыцца ў вечаровым камэнтары прэсавай службы МЗС Украіны.

МЗС Украіны паведаміла, што накіравала ўжо некалькі нотаў на адрас беларускай амбасады ў Кіеве, а міністар Барыс Тарасюк “даручыў амбасадзе Ўкраіны ў Менску давесьці пазыцыю ўкраінскага боку да ведама беларускага кіраўніцтва ды ўжыць адпаведныя захады”. Украінскія МЗС і амбасада ў Менску “працягваюць прыкладаць намаганьні з мэтай затрыманых грамадзян Украіны з-пад варты ды іх вяртаньня на Бацькаўшчыну”.

Намесьнік кіраўніка прэсавай службы МЗС Дмытро Свысткоў раней заявіў:

(Свысткоў: ) “Для высьвятленьня ўсіх абставінаў затрыманьня ўкраінскіх грамадзян ды вызваленьня іх з-пад варты амбасадар Украіны ў Менску правёў шэраг сустрэчаў у Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Цяпер консул Украіны знаходзіцца з грамадзянамі Ўкраіны падчас разгляду справы ў судзе. З мэтай абароны правоў ды інтарэсаў украінскіх грамадзянаў амбасадай Украіны ў Менску забясьпечаны ўдзел адваката ў зазначаным судовым працэсе”.

А 14-й гадзіне ў Кіеве распачалося пікетаваньне беларускай амбасады на вуліцы Кацюбінскага. Арганізавала пікет моладзевая арганізацыя “Нацыянальны альянс”, чый лідэр Ігар Гузь ёсьць адным з 5 затрыманых у Менску ўкраінцаў. Удзельнікі акцыі заблякавалі цэнтральны ўваход у амбасаду, вывесілі на агароджы плякаты “Вызваліце нашых сяброў!” і “Свободу ўкраінцам”, а таксама спалілі некалькі партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Увечары каля амбасады Беларусі на яе газоне ўсталявалі два намёты, у якіх будуць кругласутачна знаходзіцца ўдзельнікі пікетаваньня. Дарэчы, адзін з намётаў выкарыстоўваўся на Майдане Незалежнасьці падчас памаранчавай рэвалюцыі ў Кіеве.
XS
SM
MD
LG