Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік выклаў стратэгію дэмакратызацыі Беларусі


Алена Струве, Менск Вядомы дыплямат і колішні шэф нямецкай выведкі Ганс-Георг Вік перакананы, што не пазьней як праз пяць год лукашэнкавы рэжым падзе і Беларусь стане празаходняй краінай. Дзеля гэтага, у мэтах дэмакратычнага пераўтварэньня, Беларусь патрабуе з боку Захаду штогадовай фінансавай падтрымкі ў памерах 14, 2 мільёнаў эўра.

Стратэгія дэмакратызацыі Беларусі выкладзеная былым кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску ў адмысловай Праграме падтрымкі палітычнай беларускай альтэрнатывы. Некаторыя моманты з гэтага дакумэнту сёньня цытуюць аглядальнікі нямецкага электроннага выданьня www.german-foregn-policy.com

Як піша інтэрнэт-выданьне, цягам апошніх тыдняў Менск і Масква ўсё больш актыўна заяўляюць пра намер Захаду ажыцьцявіць палітычны пераварот у Беларусі. Тым часам з боку Бэрліна, Брусэля, Вашынгтона робіцца ціск на беларускае кіраўніцтва, пра што сьведчаць нядаўнія заявы міністраў міжнародных справаў ЭЗ і ЗША. Інтэрнэт-выданьне www.german-foregn-policy.com спыняецца на шэрагу прапановаў у дэмакратызацыі Беларусі, якія былі агучаныя на закрытай міжнароднай сустрэчы ў Вільні ў мінулым месяцы і аўтарам якіх з’яўляецца непасрэдны ўдзельнік імпрэзы Ганс-Георг Вік. Размова ідзе пра аднаўленьне вяшчаньня такіх радыёстанцыяў як “Рацыя” і “Балтыйскія хвалі”, а таксама пра тэлевізійнае вяшчаньня на Беларусь расейскіх кампаніяў. Гэтыя праграмы, разьлічаныя на беларускую палітычную і сацыяльную апазыцыю, мусяць рыхтавацца ў Польшчы, Літве, Нямеччыне.

Таксама, намаганьнямі Эўразьвязу па-за межамі Беларусі мусяць праводзіцца адмысловыя сэмінары і канфэрэнцыі для апанэнтаў рэжыму з тым, каб распачаць стварэньне шырокай кааліцыі палітычных партыяў. Усе гэтыя захады, паводле спадара Віка, могуць стаць арганізацыйнай падрыхтоўкай для будучых выбараў. Каардынацыйныя паседжаньні Рады па падтрымцы дэмакратызацыі ў Беларусі мусяць адбывацца ў Брусэлі, Бэрліне, Варшаве ці Вільні з рэгулярнасьцю ў 6 месяцаў з удзелам беларускіх прадстаўнікоў. Былы шэф нямецкай выведкі BND прагназуе, што не пазьней як праз пяць год Менск стане на празаходні шлях.
XS
SM
MD
LG