Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якім ёсьць сучаснае беларускае вясельле?


Галіна Абакунчык, Менск 27 красавіка ў Менску адкрываецца чатырохдзённая выстава-кірмаш “Вясельны салён-2005”. Яе праграму складаюць акцыі “Жаніх і нявеста году”, “Вясельле году”, а таксама “Імяпрысьвячэньне”.

Паводле арганізатараў, "маладымі году" ёсьць пара менчукоў, якія склалі адзін другому найбольш прыгожыя шлюбныя клятвы ў вершах. На выставе адбудзецца сапраўднае шлюбаваньне маладых, за што пэўныя фірмы бясплатна забясьпечаць іх строямі, фотапаслугамі, музыкай і іншымі вясельнымі атрыбутамі.

Тое ж тычыцца й рэгістрацыі нованароджанага. Па-сутнасьці – гэта рэклямная выстава-продаж, і гаворкі пра шанаваньне “Жаніха й нявесты году” ці “Вясельля году” не вядзецца. Чаму на імпрэзе не прысутнічае элемэнт так званай сьвецкай хронікі, адна з арганізатарак Маргарыта Лазоўская ў інтэрвію Свабодзе патлумачыла гэтак:

(Лазоўская: ) “Канечне, было б цікавым даведацца як шлюбуюцца вядомыя людзі, але для гэтага патрэбныя грошы, а ў нас іх няма. Нават на гэтай выставе некаторыя вядомыя сьпевакі тэлефанавалі, каб выступіць, але ім патрэбна плаціць за гэта грошы. А навошта?”

Паводле адмыслоўцаў, якія цікавяцца грамадзкім жыцьцём, “Жаніхом і нявестай году” ў Беларусі, безумоўна, сталі зорка тэнісу і папулярная мадэлька Максім ды Ксенія Мірныя. “Шлюбам году” называюць жаніцьбу ў вязьніцы вядомага палітыка Міхаіла Марыніча. Бадай, самае рэдкае й заўважнае імя сваёй нованароджанай дачцэ дала сям''я сьпявачкі Веранікі Кругловай: дзяўчынку назвалі Ё-ё. Шмат увагі дзяржаўныя беларускія мэдыі надалі таксама хрышчэньню сына будучай удзельніцы Эўрабачаньня Анжалікі Агурбаш.

Але пра існаваньне ў Беларусі сьвецкага жыцьця й адпаведна сьвецкай хронікі гаварыць таксама не выпадае. Вось як гэта патлумачыў вядомы мадэльер Саша Варламаў:

(Варламаў: ) “Сьвецкае жыцьцё – гэта, як правіла жыцьцё зорак, якія зарабляюць вялікія грошы й могуць дазволіць сабе сьвецкае жыцьцё. У нас яшчэ толькі складваецца так званая сьвецкая праслойка, зьяўляюцца вядомыя сьпевакі, зоркі моды, спорту. Гэта толькі пачатак, і як толькі зьявіцца гэтая праслойка, тады і зьявіцца сьвецкае жыцьцё і сьвецкая хроніка”.

У праваслаўных вернікаў зараз перадвелікодны пост. Ці трымаюцца будучыя сужэнцы народнай традыцыі не праводзіць вясельляў у гэты час, і як увогуле зьмяняюцца традыцыі шлюбаваньня ў Беларусі?

Адмыслоўцы ў гэтай справе заяўляюць, што падчас перадкаляднага ці перадвелікоднага посту шлюбаваньні ўвогуле амаль перапыняюцца. Затое па іх завяршэньні кожныя выходныя гарадзкія ЗАГСы рэгіструюць па некалькі дзесяткаў шлюбаў. Альбо такі прыклад: у 2004 годзе, які быў высакосным, ў Менску пабраліся 13 108 параў, а пазамінулым годам – амаль на паўтары тысячы больш.

Многія сужэнцы й іхныя сваякі стараюцца прытрымлівацца таксама іншых народных традыцыяў. Да прыкладу, вось што паведаміла ў інтэрвію Свабодзе загадчыца аднаго з менскіх ЗАГСаў Натальля Баранава.

(Баранава: ) “Шмат прыяжджаюць і з бацькамі, і з рушнікамі, і бласлаўляюць маладых абразамі. Шлюбныя пярсьцёнкі яны абавязкова шукаюць у збожжы. Акрамя таго, па жаданьню праводзім абрад і на расейскай, і на беларускай мовах. Да прыкладу, у пятніцу шлюбуем толькі па-беларуску, і ніхто ня супраць”.

Што тычыцца грашовага складніку сучасных шлюбаваньняў, то па-ранейшаму бываюць выпадкі, калі вясельлі выглядаюць арганізаванымі на некалькі тысячаў даляраў. А бываюць выпадкі, калі па шлюбныя пасьведчаньні прыходзіць студэнцкая пара ў джынсах ці людзі пэнсійнага веку. Таму вызначыць нейкую сярэдне-арыфмэтычную лічбу ніхто не бярэцца.

Што да новаствораных тэндэнцыяў, то год ад году прыкладна на сто выпадкаў павялічваецца колькасьць падпісаньня шлюбных кантрактаў паміж будучымі сужэнцамі. Павялічваюцца таксама зьмешаныя шлюбы. У пераважнасьці, беларускія дзяўчаты выходзяць замуж за грамадзянаў замежных краінаў. Перадусім, у Нямеччыну, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Італію, Гішпанію, Польшчу – усяго пералічваюць 55 краінаў сьвету. Калі ў 2003 годзе такіх шлюбаў па Менску было 602, то ў 2004 – амаль на 300 больш.
XS
SM
MD
LG