Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік мовам сьвету – "за" ці "супраць"?


Севярын Квяткоўскі, Менск Дзяржаўнае прадпрыемства "Менскпраект" агучыла намер стварэньня на сталічнай плошчы Бангалор у парку "Дружбы народаў" помніку мовам сьвету. Адкуль узьнікла ідэя, і як яна можа быць рэалізаваная?

У Беларусі ўжо агучвалася ідэя стварэньня помніку мове – беларускай. Ідэя сыходзіла ад гісторыка-культурнага клюбу "Спадчына". Крытыкі ідэі казалі, маўляў, рана яшчэ беларускай мове ставіць помнік, бо мова жыве. Тады зрабілі іншы варыянт – помнік змагарам за родную мову. Таксама раскрытыкавалі.

У выпадку з помнікам мовам сьвету, ідэя відавочна зьвязаная з назвай парку, які месьціцца на пляцы Бангалор – "Парк Дружбы народаў". Помнік заплянаваны ў выглядзе ратонды, на якой на розных мовах напісанае адно слова. Штосьці агульна важнае для ўсіх. Напрыклад "Мір", альбо "Зямля". Аўтар ідэі помніку – адзін з архітэктараў, які працуе над рэканструкцыяй пляца Бангалор, Зьміцер Мурашка:

(Мурашка: ) "Мне падалося, што даволі арыгінальна можа быць. Ня тое, што як на могілках помнік. А помнік як ухваленьне. Помнік ад слова "памяць". Уціск робіцца на тое, што мы з павагай ставімся да ўсіх моваў, нават якіх мы можам ня чуць, але мы пра іх памятаем".

Нагадаю, што ў сьвеце – каля шасьці тысяч моваў, зь іх каля трох тысяч маюць пісьменства. Для Зьмітра Мурашкі асаблівае значэньне мае згадка пра эўрапейскія мовы: гэльская, басконская, рэта-раманская альбо каталёнская.

У Беларусі многія заклапочаныя лёсам беларускай мовы. Існуюць нават адмысловыя грамадзкія арганізацыі ды ініцыятывы, якія адстойваюць правы носьбітаў беларускай мовы. Як яны паставіліся да ідэі помніку мовам сьвету?

Я цікавіўся меркаваньнем шэрагу асобаў. Вось досыць тыповы адказ – намесьніка старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргея Кручкова:

(Кручкоў: ) "Трэба ўзгадаць, што ў нас у Беларусі няма ніводнага помніку Кастусю Каліноўскаму. Гэта была б значна большая падзея, чым помнік усім на сьвеце мовам. Яны пакуль не памерлі, і дзякуй Богу. Навошта ім ставіць помнік? Будзе ён стаяць – хай стаіць. Ня будзе – дык і ня трэба".

Ёсьць іншыя меркаваньні: маўляў, хай будзе помнік мовам сьвету, чым штосьці клясычна савецкае. Зрэшты, пакуль ёсьць час для творчых экспэрымэнтаў.

(Аксёнава: ) "Мы чакаем, калі да нас прыйдзе заказ, каб гэтую тэму больш падрабязна разьвіць і абыграць".

Галоўны архітэктар праекту Ганна Аксёнава патлумачыла, што плян рэканструкцыі пляца Бангалор мусіць быць канчаткова зацьверджаны ў бліжэйшы час.
XS
SM
MD
LG