Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што перашкаджае ратыфікаваць пагадненьне аб перазахаваньні парэшткаў салдатаў вэрмахту на тэрыторыі Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Да гэтага часу парлямэнт Беларусі не ратыфікаваў пагадненьне аб перазахаваньні парэшткаў былых салдатаў вэрмахту. Між тым адпаведны законапраект знаходзіцца ў парлямэнце яшчэ ад 1997 году. Час ад часу гэтае пытаньне ўздымаецца, але рашэньне па ім штораз адкладаецца. 26 красавіка 2005 году віцэ-прэзыдэнт ляндтагу Паўночны Рэйн-Вэстфалія Ганс-Ульрых Клозэ з трыбуны Палаты прадстаўнікоў зьвярнуўся да прысутных з просьбаю зьняць перашкоды на шляху прыняцьця адпаведнага дакумэнту. Аднак і гэтым разам беларускія парлямэнтары захавалі маўчаньне. Што перашкаджае зрабіць адпаведнае пагадненьне законам?

Цяпер у Менску знаходзіцца вялікая група дзеячоў нямецкай грамадзкасьці, якія наведваюць Беларусь з нагоды чарговай гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. У Палаце прадстаўнікоў у сувязі з гэтым разгарнулі вялікую выставу, якая сьведчыць: больш за 600 нямецкіх ініцыятываў дапамагаюць беларусам ліквідаваць наступствы страшэннай навалы. Каб аддзячыць замежным сябрам, учора ў Палаце дазволілі выступіць віцэ-прэзыдэнту ляндтагу самай буйной (18 мільёнаў жыхароў) зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія спадару Клозэ. І той скарыстаўся гэтай магчымасьцю – папрасіў беларускіх парлямэнтароў ратыфікаваць пагадненьне аб узаемным доглядзе за вайсковымі захараненьнямі:

(Клозэ: ) "У 2000 годзе вэтэраны вайны зь Беларусі пабывалі ў зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія й наведвалі салдацкія могілкі. Салдацкія могілкі – гэта месцы ціхага смутку, якія ня маюць нічога агульнага з трыюмфам і адданьнем славы героям. Гэта месцы суцяшэньня, якія нагадваюць аб недапушчальнасьці новай вайны ды гвалту. Яны – месцы замірэньня. Вэтэраны зь Беларусі на ўласныя вочы маглі паглядзець, як даглядаюць могілкі савецкіх воінаў. Яны вярнуліся дамоў з пачуцьцём вялікай адказнасьці. Таму, паважаныя спадары дэпутаты, я заклікаю вас зьняць перашкоды са шляху ратыфікацыі пагадненьня паміж Нямеччынай і Беларусьсю аб захаваньні вайсковых могілак. І прашу гэта зрабіць ад імя ляндтагу, 18 мільёнаў жыхароў нашае краіны".

І як жа адрэагавалі на гэты зварот беларускія дэпутаты? Фактычна – ніяк. Яны адразу перайшлі да абмеркаваньня чарговых пытаньняў, што стаялі ў парадку дня.

Хацеў бы нагадаць, што доўгі час існавалі дзьве прычыны, якія заміналі ратыфікацыі. Перадусім, гэта моцнае супрацьдзеяньне з боку вэтэранскіх арганізацыяў. І другая – раней дэпутаты казалі так: Нямеччына нас не прызнае як паўнавартасны парлямэнт, дык навошта ж тады яна просіць ратыфікаваць пагадненьне?

Цяпер, пасьля таго як Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызнала дзейны Нацыянальны сход Беларусі законным парлямэнтам, падставаў для адмовы ў справе ратыфікацыі стала менш. Але ж дэпутаты ня хочуць вяртацца да гэтай складанай праблемы, хаця Расея, Украіна, Малдова, краіны Балтыі яе ўжо даволі даўно вырашылі. Што ж перашкаджае беларускім дэпутатам зрабіць тое самае? Адказаць на гэтае пытаньне я папрасіў Віктара Кучынскага, які ўваходзіць у склад беларускага парлямэнту, пачынаючы яшчэ з 1990 году. І вось што ён сказаў:

(Кучынскі: ) "Я думаю, што гэта такое вельмі няпростае, я сказаў бы – нават складанае пытаньне. Канешне, з пункту гледжаньня хрысьціянскіх прынцыпаў, могілкі патрэбна прывесьці ў парадак, усе могілкі, без выключэньня. Але калі спасылацца на вэтэранаў, якія яшчэ жывуць, дык трэба прызнаць, што пазыцыя ў іх розная. Я, напрыклад, так лічу: калі ёсьць нямецкія захаваньні на тэрыторыі Беларусі, дык мы не павінны перашкаджаць нямецкаму боку перавезьці іх у Нямеччыну. Калі ласка, грузіце ды вязіце да сябе. Тут усё вельмі няпроста.

Прыкладам, у мяне ёсьць памочнік, Сычук Аляксей Міхайлавіч, якому 80 гадоў. Ён лічыць, што ніякіх мэмарыялаў салдатаў вэрмахту на беларускай зямлі рабіць нельга. Гэта ягоная пазыцыя. І калі ён як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны так лічыць, дык што рабіць мне? Як я магу лічыць інакш?! Гэта псыхалягічная праблема. Хаця калі ісьці за сучаснымі тэндэнцыямі, дык у любым выпадку трэба ісьці на прымірэньне. Ня могуць цяперашнія немцы адказваць за сваіх дзядоў і прадзедаў, якія сюды прыйшлі. Хаця ў мяне душа таксама баліць, паколькі мой дзед загінуў на фронце. І таму мае адносіны да гэтага дастаткова своеасаблівыя, ваенныя адносіны. Ніхто ж іх сюды не запрашаў!"

А што думаюць на гэты конт незалежныя экспэрты? Сярод тых, хто назіраў за выставай, якую разгарнулі ў фае Палаты прадстаўнікоў, была і кандыдат філязафічных навук Ірына Бугрова. Яна даволі працяглы час вывучае нямецка-беларускія адносіны, і таму, зразумела, я пацікавіўся ейнымі думкамі. Спадарыня Бугрова лічыць, што ёсьць два чыньнікі, якія могуць станоўча паўплываць на сытуацыю – Бог і час.

(Бугрова: ) "На мой погляд, існуе тое, што называецца гістарычнай памяцьцю і што нясе ў сабе пэўную нагрузку нэгатыўных і пазытыўных адчуваньняў і ўспрыманьне аднаго і другога боку. І мне падаецца, што да гэтага часу вобраз тых немцаў, якія ступілі на гэтую зямлю як ворагі, заваёўнікі, прысутнічае ў галовах, перадусім, нашых вэтэранаў, якія змагаліся з фашыстамі за сваю свабоду, якія адстойвалі сваю свабоду, сваю зямлю, свой сьвет. І, мне падаецца, да таго часу, пакуль існуе гэтае пакаленьне вэтэранаў, пытаньне гэта будзе заставацца ў галіне карэктнасьці, маралі і вельмі працяглых размоваў аб паразуменьні. На мой погляд, усё гэта зьвязана з псыхалягічнымі ды маральнымі фактарамі".

Доўгія гады пасьля вайны немцы лічылі, што ў Беларусі ляжаць 150 тысяч іхных салдат. Аднак апошнія архіўныя пошукі ўнесьлі вельмі істотныя папраўкі: тут загінуў амаль кожны сёмы немец, які страціў жыцьцё у другую сусьветную ва Ўсходняй Эўропе. Немцы маюць зьвесткі на паўтары тысячы могілак, раскіданых больш чым у тысячы населеных пунктаў Беларусі.

Дарэчы, адразу пасьля вайны пад асабістым кантролем Лаўрэнція Берыі, ажно да 1953 году, зь дзяржбюджэту выдзяляліся сродкі на догляд за афіцыйна зарэгістраванымі могілкамі ўчорашніх ворагаў. А ўжо пазьней пачалося іх разбурэньне. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць: ня дужа цырымоніліся тады і з пахаваньнямі сваіх, савецкіх вайскоўцаў. Дарэчы, гэтая праблема застаецца балючай і па сёньняшні дзень.
XS
SM
MD
LG