Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: пра барысаўскіх ліквідатараў "узгадваюць усё радзей"


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Пра іх узгадваюць усё радзей” – матэрыял з такім назовам друкуе “Курьер из Борисова”. У горадзе зараз жыве 385 ліквідатараў, яшчэ 40 – інваліды Чарнобылю. Сваёй арганізацыі ў ліквідатараў няма. Пералік ільготаў для ліквідатараў пару гадоў таму быў значна скарочаны, і хоць Канстытуцыйны Суд прызнаў адмену ільготаў незаконнай, а яны дагэтуль ня вернутыя.

Барысавец Зьміцер Бародка на сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс у Вільні прадстаўляў кааліцыю “Свабодная Беларусь”. Для прамовы яму была адведзеная роўна хвіліна – Зьміцер распавёў: штогод праваабарончымі арганізацыямі фіксуецца каля чатырох тысяч фактаў перасьледу па палітычных матывах, выключэньні з ВНУ, затрыманьні, арышты, звальненьні. “Курьер из Борисова” зьмяшчае інтэрвію са Зьмітром Бародкам.

Крычаўскі “Вольны горад” распавядае, што раённы суд асудзіў Уладзімера Цямніцкага, былога дырэктара акцыянэрнага таварыства “КрыБеларусь” (даччынай фірмы Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ў часы Жураўковай) да трох гадоў пазбаўленьня волі за махінацыі зь мясам. Мяса закупалася ў Польшчы, выдавалася за беларускае і рэалізоўвалася ў Расеі. Але Магілёўскі абласны суд адмяніў прысуд Цямніцкаму, які, на думку карэспандэнта “Вольнага гораду”, быў "стрэлачнікам", а за ім стаяла кіраўніцтва раёну. Газэта публікуе судовы нарыс “Цямніцкі на волі. Хто зойме ягонае месца?”

Газэта распавядае таксама пра комплексную праверку Дзяржкантролю на Крычаўскім заводзе гумавых вырабаў, якая выявіла сур’ёзныя парушэньні – больш за 5 тысяч пар няўлічанага абутку, 300 тон мэталялому.

“Витебский курьер” публікуе артыкул “За альтэрнатыўны друк – у мiлiцыю”. У Воршы актывісты моладзевых арганізацыяй ладзілі пікет каля пэдагагічнага каледжу і раздавалі лістоўкі, а выкладчыкі выклікалі міліцыю. У Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце падчас раздачы студэнцкай газэты "Макасін" былі затрыманы двое навучэнцаў, якім інкрымінуецца парушэньне артыкулу 172 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях – распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных зьвестак. Студэнты – непаўналетнія, і таму іх выклікаюць на паседжаньне адміністратыўнай камісіі гарвыканкаму.

Віцебская вобласьць працягвае лідзіраваць сярод рэгіёнаў Беларусі па колькасьці няшчасных выпадкаў на вытворчасьці, якія скончыліся сьмерцю. За першы квартал у вобласьці на працоўных месцах загінула 11 чалавек, яшчэ 24 атрымалі цяжкія траўмы, паведамляе “Витебский курьер”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” распавядае, як на мяжы затрымалі наркотыкаў на 500 тысяч даляраў. У Брузгах падчас праверкі мікраўтобуса, які ехаў у Беларусь з Польшчы, супрацоўнікі памежных войскаў і МУС знайшлі 2 кіляграмы какаіну і 10 кіляграмаў амфэтаміну. Калі падзяліць партыю на аднаразовыя дозы, атрымаецца амаль 14 тысяч доз какаіну і ажно 100 тысяч доз амфэтаміну. Правезьці наркотыкі, якіх хапіла б на цэлы горад, спрабавалі судзімы раней за ўгон грамадзянін і выкладчыца аднаго з менскіх ВНУ. Гэта самая вялікая партыя, якую затрымлівалі за апошняе дзесяцігодзьдзе, паведамляе “Комсомолка”.
XS
SM
MD
LG