Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год пасьля пашырэньня Эўразьвязу ягоныя адносіны зь Беларусьсю не палепшыліся


Валер Каліноўскі, Менск Як зьмяніліся адносіны Беларусі і краінаў Эўразьвязу за першы год пасьля пашырэньня апошняга? Гэтай тэме была прысьвечаная прэсавая канфэрэнцыя амбасадараў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Менску, якая адбылася 25 красавіка.

Ацэньваючы пэрспэктывы супрацоўніцтва з новымі суседзямі Эўразьвязу, амбасадар Вялікабрытаніі Браян Бэнэт, які прадстаўляе старшынёўства Эўразьвязу ў Беларусі, заявіў, што зьвяз хацеў бы мець больш блізкія і сяброўскія адносіны зь Беларусьсю.

(Бэнэт: ) “Але, як кажуць у Англіі, для танга патрэбныя двое. Мы распрацавалі плян пашырэньня супрацоўніцтва з большасьцю нашых суседзяў. Але не зь Беларусьсю — на вялікі жаль, бо Беларусь і Эўразьвяз маглі б мець выгаду ад такога супрацоўніцтва”.

Паспрыяць пашырэньню кантактаў зь Беларусьсю павінна плянавае адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску. Патрэбу ў ім разумеюць амбасадары ўсіх краінаў Эўразьвязу і Эўракамісія. На думку спадара Бэнэта, адкрыцьцё гэтага прадстаўніцтва будзе мець не палітычнае, а практычнае, арганізацыйнае і інфармацыйнае значэньне. Амбасадар Бэнэт прызнаў, што палітычныя адносіны Эўразьвязу і Беларусі складваюцца няпроста:

(Бэнэт: ) “Мы прытрымліваемся шэрагу прынцыпаў — такіх як вольныя і справядлівыя выбары, свабода сходаў і прэсы, правы чалавека. Беларусь абавязалася выконваць гэтыя прынцыпы, і калі мы гаворым уладам Беларусі, што яны робяць крокі ў няправільным кірунку, гэта не таму, што мы займаем антыбеларускую пазыцыю: наадварот, нашая пазыцыя прабеларуская, мы імкнемся дапамагчы Беларусі ісьці ў правільным кірунку”.

Прахалодныя палітычныя адносіны паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу не адбіліся на эканоміцы, пра што сьведчыць прыкметны рост двухбаковага гандлю, у тым ліку з краінамі — новымі сябрамі Эўразьвязу. У прыватнасьці, гандаль Беларусі з Латвіяй за мінулы год вырас у два разы, паведаміла амбасадар Латвіі Майра Мора. Значна вырас і таваразварот Беларусі з Польшчай, зазначыў амбасадар Тадэвуш Паўляк.

(Паўляк: ) “Можна жадаць лепшага ў палітычнай сфэры, але не ад Эўразьвязу і не ад нас гэта залежыць. А што датычыць эканамічных адносінаў, то яны цудоўна разьвіваюцца, і тыя замаразкі, якія зьяўляюцца, ня здольныя паўплываць на разьвіцьцё эканамічных адносінаў”.

Сяброўства суседзяў Беларусі ў Эўразьвязе не пашкодзіла традыцыйным гандлёвым сувязям. Як не апраўдаліся прагнозы эўраскептыкаў, што ў новых сяброў Эўразьвязу зьменшыцца эканамічны рост, вырастуць цэны і беспрацоўе. Статыстыка Славаччыны, Польшчы, іншых краінаў сьведчыць аб адваротным, зазначылі амбасадары гэтых краінаў.

Закранулі яны і нядаўнія абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасьці, абвінавачаньне амбасады Польшчы ў антыўрадавай агітацыі польскай меншасьці. Гаворыць амбасадар Паўляк:

(Паўляк: ) “Амбасада Польшчы ў Менску ня мае нічога супольнага з тым, што было сказана на наш адрас. Абсалютна. Мы ня ўмешваемся ў справы польскай дыяспары”.

Амбасадар Італіі Гульельма Ардыцонэ выказаў занепакоенасьць магчымымі цяжкасьцямі ў прыёме беларускіх дзяцей на аздараўленьне пасьля апошняга дэкрэту А.Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG