Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМОНаўцы затрымалі ў Менску больш за 40 чалавек, у тым ліку расейцаў і ўкраінцаў


Любоў Лунёва, Менск У выніку разгону акцыі апазыцыі 26 красавіка амонаўцы затрымалі больш за сорак чалавек. Сярод іх – чацьвёра грамадзянаў Украіны і каля дваццаці грамадзянаў Расеі. Шмат гімназістаў і школьнікаў трапіла ў пастарункі Цэнтральнага і Ленінскага раёнаў сталіцы.

Непаўнагадовых удзельнікаў дэманстрацыі адпусьцілі. А колькі чалавек прывязуць сёньня ў суды, ці вядомыя іх прозьвішчы? Ва ўпраўленьні Цэнтральнага раёна ўтрымлівалі 12 чалавек. Сярод іх – двое грамадзянаў Расеі з моладзевай арганізацыі “Идущие без Путина” і адзін украінец з “Нацыянальнага альянсу”.

Мяркуецца, што расейцаў адпусьцілі пасьля таго, як перапісалі іх пашпартныя дадзеныя. Расейцы прыехалі ў Менск групай недзе каля дваццаці чалавек. Усе яны – студэнты з розных палітычных партыяў: СПС, “Молодое Яблоко”, “Идущие без Путина” і “Оборона”. Увесь вечар за імі хадзілі міліцыянты ў цывільным.

У Ленінскім ўпраўленьні ўнутраных справаў утрымлівалі каля 20 чалавек. Сярод іх трое ўкраінцаў, у тым ліку лідэр “Нацыянальнага альянсу” Ігар Гузь. Ён зьяўляецца дэпутатам мясцовага Савету і дарадцай па Беларусі ў Валынскай вобласьці. Яго і яшчэ 2 сяброў арганізацыі павезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік у кайданках.

Сярод затрыманых –старшыня менскай абласной арганізацыі АГП Марына Багдановіч, актывісты Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, Барыс Гарэцкі, Кірыл Сымановіч, лідэр партыі Свабоды Сяржук Высоцкі ды іншыя. На ўсіх склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле 167 артыкулу, парушэньне грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавага мерапрыемства.

Дадам, што сёньня ў Кіеве мае адбыцца пікет каля беларускай амбасады, які будзе ладзіць арганізацыя "Нацыянальны альянс", і ўдзельнікі пікету будуць пратэставаць супраць затрыманьня ўкраінскіх грамадзянаў у Беларусі.

Што пагражае затрыманым? Чакаюцца даволі жорсткія санкцыі, большасьць затрыманых ужо мае адміністрацыйную судзімасьць па гэтым артыкулу, на іх склалі пратаколы паводле другой часткі, а гэта вялікі штраф альбо арышт ад 10 да 15 сутак. Украінцаў мусяць судзіць у прысутнасьці консула. Ужо ўчора ўвечары на Валыншчыне дэпутаты рыхтавалі адпаведную заяву наконт затрыманьня свайго дэпутата, і сёньня ў судзе стане вядома, як вырашылася гэтае пытаньне. Усіх затрыманых будуць судзіць у Ленінскім судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG