Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя калёніі вырашае пытаньне аб далейшым месцы працы Юрыя Бандажэўскага


Алесь Дашчынскі, Менск Зьняволенаму прафэсару Юрыю Бандажэўскаму, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі-пасяленьні №26, паведамілі, што ён завяршае сваю працу на пасадзе вартаўніка ў калгасе. Куды яго перавядуць, пакуль невядома.

Дырэктар калгасу "Нёман" Віктар Дашкевіч сказаў прафэсару, што яму няма чым плаціць заробак, хаця месячны аклад Бандажэўскага складае каля 30 тысячаў рублёў. Вось як тлумачыць дырэктар сытуацыю са звальненьнем Бандажэўскага:

(Дашкевіч: ) "Таму што мы дамову аб аказаньні паслугаў спыняем з гэтай арганізацыяй. Бандажэўскі працу сабе шукаць ня будзе, ён будзе працаваць там, куды пашле яго ягоная ўстанова. Ну, скажам так, задаволеныя, што ён быў у нас. Я думаю, што не павінен ён на нас крыўдзіцца".

Паводле дырэктара калгасу, за час працы Банадажэўскага наведвалі вучоныя з Францыі, паслы эўрапейскіх краінаў, прадстаўнікі АБСЭ, і ўсім аказалі належны прыём, усе паехалі задаволеныя. Ніякіх перашкодаў для гэтых сустрэчаў не было.

Куды цяпер мусяць езьдзіць замежныя госьці, яшчэ невядома. Пытаньне аб далейшым лёсе прафэсара павінна вырашыць адміністрацыя калёніі. Дарэчы, начальнік калёніі Васіль Каляда пакуль знаходзіцца ў адпачынку, аднак, паводле крыніцы ў праваахоўных органах, на спадара Каляду ўжо гатовы загад аб звальненьні. Па якой прычыне звальняюць начальніка калёніі-пасяленьня №26, гэтая крыніца не паведаміла.

Аднак нагадаю, што адміністрацыя калёніі на пачатку гэтага года адмовіла Юрыю Бандажэўскаму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, хаця ён адбыў ужо дзьве траціны свайго тэрміну. Адміністрацыя палічыла, што Бандажэўскі, маўляў, ня стаў на шлях выпраўленьня, бо не прызнаў сваёй віны. Як ставіцца да новага павароту ў сваім лёсе Юры Бандажэўскі?

(Бандажэўскі: ) "Я знаходжуся ў такім стане, калі мне на галаву могуць высыпаць усё што заўгодна. Тое ж самае і з так званай маёй працай. Мяне выклікалі і сказалі, што працы ня будзе тут. Вось я дапрацоўваю гэтыя свае дні".

Адзінае, што клапоціць Юрыя Бандажэўскага – гэта маці, якая жыве разам зь ім на пасяленьні. У выпадку перамены працы і месца жыхарства давядзецца пераяжджаць і 79-гадовай жанчыне.

Выканаўца абавязкаў начальніка калёніі Валянцін Тумілевіч у сваю чаргу загаварыў пра амністыю, адказваючы на маё пытаньне "што ж будзе з Бандажэўскім?"

(Тумілевіч: ) "Нічога ня будзе, будзе жыць як жыве, што зь ім будзе – нічога. Амністыя будзе, амністыю прыме і пойдзе дахаты. Я яшчэ амністыі ня бачыў, але ж, напэўна, пойдзе. Там жа ў амністыі будзе пэрыяд, як яна там прымяняецца – цягам паўгода ці года, альбо цягам двух-трох месяцаў. Пакуль дакумэнтаў няма, мы нічога ня можам пэўнага сказаць".

А што з новай працай для Юрыя Бандажэўскага?

(Тумілевіч: ) "Працу іншую дадзім, не перажывайце, мы не пакінем яго ў бядзе".

(Карэспандэнт: ) "А дзе ягоная праца будзе, невядома пакуль?"

(Тумілевіч: ) "Ну, разьбярэмся, я пакуль яшчэ сам ня ведаю. Знойдзем іншую хату, ну, там старшыня ня хоча, дык што там такога... Я яшчэ Юрыя Іванавіча самога ня бачыў, я яшчэ буду зь ім гаварыць асабіста, потым ужо нешта будзем абмяркоўваць".

Пакуль лёс Юрыя Бандажэўскага ня вырашаны, сваім жыцьцёвым вопытам дзеляцца іншыя "хімікі". Як, да прыкладу, успрымаюць вестку пра амністыю так званыя "палітычныя"? Адзін зь лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў за "паклёп на прэзыдэнта". Вестку пра амністыю ён сустрэў у Баранавічах.

(Івашкевіч: ) "Даведаўся я пра гэтую амністыю зь незалежнай прэсы, пачаў тузаць адміністрацыю. Ён кажа: "Нічога не ведаю, мне яшчэ не прыйшло зьверху распараджэньне, пачалі там даведвацца". Карацей, ад моманту публікацыі ў "Народнай волі" пра гэтую амністыю да таго як ім прыйшло распараджэньне прайшло можа паўгады. Тады тузалі: дык ты ж пішы паперы ў цэнтар. Пакуль ім там прыйшла інструкцыя, недзе 8 месяцаў яны расчухваліся ад моманту таго, як гэтая амністыя была абвешчана. Ну і калі дабіліся, паперы гэтыя прыйшлі, потым быў агульны сход асуджаных, дзе адміністрацыя зачытала закон аб амністыі і сказала, на каго з прысутных гэта падпадае".

Журналіст з Горадні Павал Мажэйка таксама быў асуджаны да двух гадоў "хіміі" за паклёп на кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку.

(Мажэйка: ) "Найважнейшае было тое, што ўсе, хто там быў – і міліцыянты, і калегі па працы там, і начальства – разумелі абсурднасьць майго знаходжаньня там. Псыхалягічна было дастаткова лёгка. Найбольш такім цяжкім момантам было тое, што калі я вяртаўся з працы, заўсёды ішоў праз чыгуначны вакзал, і з гэтага чыгуначнага вакзалу ў адзін і той жа час адпраўляўся цягнік Гомель-Гродна, і жанчынка абвяшчала, што празь 5 хвілін адыдзе цягнік. Ну проста тое, што ты ня можаш сесьці ў гэты цягнік і паехаць дахаты..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG