Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымана больш за сорак удзельнікаў чарнобыльскай акцыі


Любоў Лунёва, Менск У Менску амонаўцы затрымалі больш за сорак удзельнікаў вулічнай дэманстрацыі. Палова зь іх - грамадзяне Расеі. Гэта моладзь з розных палітычных партыяў і арганізацыяў – СПС, “Оборона” і “Идущие без Путина”. Сярод затрыманых - чацьвёра грамадзянаў Украіны.

Затрыманьні пачаліся яшчэ да пачатку акцыі. На Кастрычніцкай плошчы амонаўцы затрымалі чатырнаццаць грамадзянаў Расеі, як толькі яны выйшлі з мэтро. Іх завезьлі ў міліцэйскі пастарунак, што на вуліцы Карла Маркса. Міліцыянты перапісалі іх дадзеныя і адпусьцілі. Расейцы адразу пайшлі на месца збору дэманстрантаў. Там літаральна празь некалькі хвілінаў пачалася так званая “зачыстка”.

Амонаўцы перш за ўсё хапалі людзей, якія трымалі плякаты і сьцягі. У калёне разам з Маладым Фронтам было чацьвёра ўкраінцаў. На плячах яны трымалі жоўта-блакітныя сьцягі. Іх затрымлівалі з асаблівай жорсткасьцю. Адзін сьцяг амонавец сарваў з плеч і разарваў. У расейцаў адабралі сьцяг арганізацыі “Идущие без Путина”. Адзін з іх, каардынатар руху Максім Пятроў распавёў аб гэтым Радыё Свабода:

(Пятроў:) “Першы раз нас зьбівалі амонаўцы па нагах. Расейскія студэнты ішлі з расьцяжкай: “За нашу і вашу свабоду”. Амонаўцы выхапілі наш сьцяг, разарвалі яго і спалілі.”

Трох сьвятароў амонаўцы завялі ў двор Цэнтральнага ўнівэрсаму. Іх там трымалі некалькі хвілінаў і адпусьцілі.

Сярод затрыманых - актывісты Маладога Фронту Павал Лісічонак, Зьміцер Дашкевіч, былы навучэнца сувораўскай вучэльні Алесь Смольскі, Сяржук Мурашка з Жодзіна, старшыня Менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч, лідэр Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі і шмат гімназістаў і школьнікаў. Каля дваццаці чалавек трымаюць у Ленінскім упраўленьні ўнутраных справаў. Яшчэ каля дзясятка затрыманых знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС. Непаўналетніх мусяць выпусьціць. Астатніх, хутчэй за ўсё, да суду завязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Як мяркуецца, заўтра іх будуць судзіць.
XS
SM
MD
LG