Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах адбылася грамадзянская паніхіда па ахвярах Чарнобылю


Ганна Соусь, урочышча Курапаты Cябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правялі сёньня ва ўрочышчы Курапаты грамадзянскую паніхіду па ахвярах катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У часе жалобнай урачыстасьці міліцыянты спрабавалі прымусіць людзей згарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі і стужкі.

Грамадзянская паніхіда па ахвярах Чарнобылю ў Курапатах пачалася са сьпяваньня гімну “Магутны Божа!” У жалобнай акцыі ўзялі ўдзел больш за пяцьдзесят чалавек – сяброў і прыхільнікаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ зь Менску і Салігорску. Людзі ўсклалі да крыжа “Пакутнікам Беларусі” вянкі і кветкі, запалілі сьвечкі. Ужо другі год запар сябры КХП БНФ у гадавіну чарнобыльскай аварыі прыходзяць у Курапаты. Сёлета гэта адбылося з той прычыны, што менскія ўлады не дазволілі правесьці жалобны мітынг у сквэры імя Янкі Купалы, а на плошчу Бангалор сябры партыі ісьці катэгарычна адмовіліся. У звароце старшыні Кансэрватыўна-Храсьцінякай партыі БНФ Зянона Пазьняка, які зачытаў Юрась Беленькі, гаворыцца, што “у Курапатах ворагі адбіралі ў простых людзей жыцьцё, а ў Чарнобылі, ў чорным Палыне, гэтая ж самыя спраўцы – адабралі ў людзей Радзіму”.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі працягвае.



(Беленькі: ) “Мінула ўжо 19 гадоў, як на нашу Беларусь апусьцілася чарнобыльская зорка Палын. Тысячы людзей адарвалі ад родных хат і вывезьлі з роднай зямлі. І хаты зьнішчылі, расьцягалі, апаганілі чужыя людзі. Лапухоўе і крапіва, запусьценьне і зьдзічэлыя сабакі там, дзе было жыцьцё, шчасьце і родны кут. Што можа стацца страшней?”

Сымбалічна, што ў сёньняшнім мітынгу ня здолеў ўзяць удзел сакратар управы партыі, актыўны ўдзельнік курапацкага чыну, ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай станцыі Алесь Чахольскі, які некалькі дзён таму трапіў у шпіталь.

Алег Борын спэцыяльна прыехаў з Салігорску на грамадзянскую паніхіду ў Курапаты.

(Борын: ) “У гэты дзень вельмі цяжка гаварыць… У дзяржаве забыліся пра Чарнобыль, робяць выгляд, што нічога ня здарылася. Так і пра Курапаты… Гэта здрада, дзяржаўная здрада.”

Працягвае прэсавы сакратар КХП БНФ Валер Буйвал.



(Буйвал: ) “Чарнобыль – гэта толькі адзін з разьдзелаў драматычнай беларускай гісторыі. Прыйдзе час, і беларусы прыйдуць у гэты гістарычны дзень у цэнтры сваіх гарадоў, у цэнтар сталіцы, каб памінаць сваіх продкаў”.

У часе жалобнай акцыі супрацоўнікі аддзелу міліцыі Менскага раёну спрабавалі прымусіць людзей згарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі і папярэджвалі, што акцыя ў Курапатах – гэта несанкцыянаваны мітынг.



(Міліцыянт: ) “Паколькі несанкцыянаванае мерапрыемства…” (Спадар: ) “Якое мерапрыемства? Прыйсьці на магілы – несанкцыянаванае? Што Вы гаворыце?” (Спадар: ) “Дазвол прасілі на сквэр Янкі Купалы – не далі дазволу. Дзе нам зьбірацца?” (Міліцыянт: ) “Вас ніхто ня гоніць, проста папярэджваюць, што ў выпадку парушэньняў…” (Другі міліцынт: ) “Просьба такая, у вас ёсьць сымболіка, а ў нас іншая дзейная сымболіка, беларускі сьцяг”. (Спадар: ) “Гэтая сымболіка не адмененая”. (Спадарыня: ) “Гэта гістарычная сымболіка”.

Закончылася грамадзянская паніхіда па ахвярах Чарнобыля малітвай за Беларусь.

Фота: Максім Капран, Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG