Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра самастойнае вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў


Галіна Абакунчык, Менск Падчас знаходжаньня ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, які пацярпеў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў вырашэньні чарнобыльскіх праблемаў “нікому Захад не дапамог”, што Беларусь заўсёды спадзявалася толькі на ўласныя сілы. Паводле кіраўніка краіны, гэтак адбываецца таму, што “нікому канкурэнты не патрэбныя”, “а мы хочам быць моцнымі”. Ці пагаджаюцца з гэтым вядомыя ў краіне дзеячы, дасьведчаныя ў праблеме наступстваў Чарнобылю?

Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама, што “проста так ніхто нічога ня дасьць, нават калі ты патрапіў у бяду”. А “ад старых анучаў і шмотак” Беларусь адмовілася. Пра гэтыя заявы ў інтэрвію Свабодзе кіраўнік дабрачыннага грамадзкага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы сказаў наступнае.

(Грушавы: ) “Лукашэнка ператварыў Чарнобыль зь велізарнай трагедыі ў гаспадарчую праблему. Яго не цікавіць ні лёс гэтых людзей, ні што ім патрэбна, толькі цікавіць, каб усе былі перакананыя, што ён зрабіў больш чым усе разам узятыя нашыя людзі й замежнікі. Больш за паўмільёна дзяцей прайшлі мэдычную рэабілітацыю і адпачылі за мяжой. Дабрачынную дапамогу толькі праз нашую арганізацыю атрымалі больш за 2,5 мільёны чалавек. Тут сумы на многія сотні мільёнаў даляраў. У Беларусі фактычна няма паліклінікі або шпіталя, якія не атрымалі б дабрачыннай дапамогі з-за мяжы. Напачатку гэта былі аднаразавыя шпрыцы, затым расходныя матэрыялы, мэдыкамэнты, потым пайшло абсталяваньне, самі шпіталі аднаўляліся й будаваліся за гэтыя грошы. І сёньня вось так кінуць у твар ад імя беларускага народу – маўляў, нам вашыя ірваныя анучы непатрэбныя – тым, хто ўсё гэта рабіў для беларусаў, гэтак можа рабіць проста несумленны чалавек.”

Паводле спадара Грушавога, акрамя фонду “Дзецям Чарнобыля”, праблему зьмяншэньня наступстваў чарнобыльскай аварыі вырашаюць дзясяткі грамадзкіх арганізацыяў. Аднак на сёньня дакладных зьвестак пра агульны ўнёсак дабрачынных арганізацыяў замежжа ў справу вырашэньня праблемаў Чарнобылю ў Беларусі не існуе. І гэта адмысловая пазыцыя ўладаў, якія намагаюцца замоўчваць такія зьвесткі. А вось як сёньняшняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пракамэнтаваў акадэмік, які шмат гадоў вывучае праблему Чарнобыля, Іван Нікітчанка.

(Нікітчанка:) “Ён жа за свае заявы не адказвае. Гэта ж ён не дае як сьлед гэтую дапамогу арганізаваць, фактычна, забаранілі. Стварылі гэты дэпартамэнт дабрачыннай дапамогі, і там гэтулькі валакіты, што калі прадукты харчаваньня везьлі, то пакуль яны прайшлі ўсе гэтыя мытныя працэдуры, то пасьпелі сапсавацца і іх давялося выкідаць. Ён жа гэта зрабіў. Далей, забарона на аздараўленьне дзяцей – чыя заслуга? Усё гэта не ўпрыгожвае прэзыдэнта. Ягоныя заявы безадказныя. І ўвогуле, трэба ствараць моцны рух празь які неабходна кантраляваць гэтую ўладу. Бязь сілы працаваць іх не прымусіш.”
XS
SM
MD
LG