Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень чарговай гадавіны Чарнобыльскай трагедыі Аляксандар Лукашэнка традыцыйна наведаў Гомельскую вобласьць


Казімір Яноўскі, Гомель Сёньня, у дзень чарговай гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, Аляксандар Лукашэнка наведаў Гомельскую вобласьць. У абласным цэнтры ён адкрыў другую чаргу музэю вайсковай славы, арганізаванага ў былым дзіцячым садку, а таксама ўручыў асобным вэтэранам мэдалі ў гонар 60-х угодкаў Перамогі

Перад візытам Аляксандра Лукашэнкі падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў мылі пліткі ходнікаў вялікімі шчоткамі, а міліцыянты абыходзілі бліжэйшыя кватэры гараджанаў на вуліцы Пушкіна і пад подпіс папярэджвалі:

(Старшы лейтэнант міліцыі Алег Канаплянік:) “Прыяжджае прэзыдэнт. Ваша акно выходзіць у бок музэю, таму каб усё было там зачынена, каб фортка была зачыненая. У акно не выглядваць. Служба бясьпекі так патрабуе, просіць. Інакш могуць быць непрыемнасьці”.

З музэю вайсковай славы кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў Ветку. Па дарозе знаёміўся з вырошчваньнем кукурузы ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёну, а пасьля агледзеў Веткаўскі раённы шпіталь.

У райцэнтры каля сьвежаўзьведзенага помніка пахаваным чарнобыльскім вёскам Аляксандар Лукашэнка выступіў перад мясцовымі жыхарамі з прамоваю:

(Лукашэнка:) “Мы адсочваем кожнага захварэўшага чалавека на анкалёгію ў Гомельскай вобласьці. І тое, што гэтая хвароба старэе, гэта ўжо добра”.

У будучым ён абяцаў накіроўваць чарнобыльскія сродкі непасрэдна ў Гомельскую і Магілеўскую вобласьць, каб чыноўнікі на месцы вырашалі, на што іх выдаткоўваць. Пры гэтым прамоўца патрабаваў наводзіць лоск у чарнобыльскіх паселішчах:

(Лукашэнка:) “Цяпер ужо трэба не падмятаць і фарбаваць дамы, а лоск наводзіць эўрапейскі. Каб прыяжджалі да нас і думалі: гм, гэтыя беларусы штосьці тут задумалі ў гэтай Ветцы”.

Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што галоўная задача цяпер - адраджаць вёску. Але, да прыкладу, прыродны газ будуць падводзіць толькі на цэнтральныя сядзібы, у так званыя аграгарадкі. На добраўпарадкаваньне малых вёсак бракуе сродкаў:

(Лукашэнка:) “Канешне, каб грошай было паболей, мы многае маглі б зрабіць. На жаль, не хапае. Гэта – страшная зараза, якой нам не хапае – грошы”.

Паводле Лукашэнкі, прычына нястачы ў дзяржаве грошай - у пастаянным падвышэньні коштаў на расейскія энэрганосьбіты:

(Лукашэнка:) “Усе перамовы з расейскім кіраўніцтвам ідуць у гэтым пляне складана, таму што ў Расеі сваіх праблемаў, вы бачыце, вышэй даху. Болей, чым у нас. І яны ня могуць быць фундатарамі, прадаючы нафту і газ, ня могуць быць фундатарамі нават беларусаў. Ня могуць прадаваць гэтую вуглевадародную сыравіну за нізкія цэны”.

Некаторыя жыхары Веткі хацелі зьвярнуцца да кіраўніка дзяржавы з асабістымі просьбамі. Аднак гэта ім ня ўдалося:

(Юля Драздова:) “У мяне чацьвёра дзяцей. Хацела вось зараз зьвярнуцца да кіраўніка дзяржавы, але мне сказалі, што мяне проста не падпусьцяць. У мяне маленькая жылплошча, я - шматдзетная маці-адзіночка”.

Алена Васільева з Тарасаўкі скардзіцца, што нельга перасяліцца з заражанай радыяцыяй вёскі ў Ветку. У Тарасаўку ня толькі ня ходзяць аўтобус, але і дзіцячы лекар не прыяжджае:

(Васільева:) “Дзіцячы доктар не прыяжджае ў сельскую мясцовасьць. Аўтобусы таксама ня ходзяць. Таму дабіраемся ў райцэнтар сваімі сіламі”.

Заўтра Аляксандр Лукашэнка наведае Мазырскі раён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG