Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міжнародная амністыя" апублікавала справаздачу пра Беларусь


БелаПАН Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" занепакоена нецярпімасьцю беларускіх уладаў у дачыненьні да любога праяўленьня іншадумства або крытыкі на свой адрас. Пра гэта гаворыцца ў абнародаваным сёньня справаздачы “Амністыі” пад назвай "Беларусь: здушэньне апошніх галасоў мірнай апазыцыі".

У дакладзе зазначаецца, што " мірная дэманстрацыя палітычных перакананьняў у Беларусі стала практычна немагчымай". "Беларускія ўлады ўсё часьцей зьвяртаюцца да нападаў, запалохваньня, ужываньня сілы, масавых затрыманьняў і працяглых турэмных зьняволеньняў для падаўленьня любога грамадзкага або палітычнага іншадумства", - гаворыцца ў дакладзе. Зазначаецца, што ўрад Беларусі выкарыстоўвае "супярэчлівыя артыкулы заканадаўства для абмежаваньня мірнага выяўленьня думкі і дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў, палітычных партыяў, прафсаюзаў, журналістаў і асобных грамадзянаў".

"Міжнародная амністыя" адзначае, што “крымінальнае заканадаўства выкарыстоўваецца ў дачыненьні да прыватных асобаў, якія мірна дэманструюць свае погляды на вуліцы, у друку альбо падчас палітычных форумаў, як у выпадку з прадпрымальнікамі Валерыем Леванеўскім, Аляксандрам Васільевым і Анатолем Шумчанкам”.

Праваабарончая арганізацыя "ізноў выказвае занепакоенасьць" тым , што Міністэрства інфармацыі рэгулярна выкарыстоўвае афіцыйныя папярэджаньні і прыпыненьне дзейнасьці "для кантролю за дзейнасьцю праваабаронцаў, незалежных мэдыяў і недзяржаўных арганізацыяў". У дакладзе нагадваецца, што ў лютым сёлета прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў выказвалі перасьцярогу, што грамадзянская супольнасьць Беларусі "будзе зьнішчаная” праз ліквідацыю большасьці праваабарончых арганізацый і друкаваных выданьняў да канца 2005 года. "Міжнародная амністыя" занепакоена тым, што такое меркаваньне адпавядае апошнім тэндэнцыям у краіне, якія назіраюцца з леташняга кастрычніка.
XS
SM
MD
LG