Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты з розных краінаў працягваюць камэнтаваць жорсткія заявы дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс адносна Беларусі


Юры Дракахруст, Прага На думку аналітыкаў з амэрыканскага дасьледнага цэнтру Stratfor, новая палітыка Вашынгтону адносна Беларусі падштурхоўвае Лукашэнку і Пуціна да збліжэньня. Расейскае выданьне “Ведомости” мяркуе, што “у спрэчцы з Захадам за будучыню Беларусі ў Расеі шанцаў няшмат”.

Падчас візытаў у Маскву і Вільню дзяржасакратар Райс зрабіла шэраг жорсткіх заяваў адносна Беларусі, назваўшы яе, сярод іншага, “апошняй дыктатурай у цэнтры Эўропы”. У літоўскай сталіцы сп-ня Райс сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Аналітыкі з цэнтру Stratfor лічаць, што гэтыя заявы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЗША – частка амэрыканскага геапалітычнага наступу, які мае на мэце пазбавіць Расею яе апошняга саюзьніка ў СНД. Экспэрты цэнтру прыгадваюць заяву прэзідэнта Буша, зробленую падчас ягонага лютаўскага візыту ў Браціславу. Тады амэрыканскі прэзыдэнт выказаў спадзяваньне, што калі-небудзь “Беларусь будзе з гонарам належаць да сям’і дэмакратычных народаў”. На думку адмыслоўцаў Stratfor’а, посьпех аксамітных рэвалюцыяў ва Ўкраіне і далучэньне Літвы, Латвіі і Польшчы да НАТО і Эўразьвязу ствараюць для ЗША спрыяльныя умовы, каб дамагчыся пераменаў у Беларусі. У якасьці ілюстрацыі гэткіх новых крыніцаў узьдзеяньня на Менск экспэрты прыводзяць вынікі нядаўняй нарады кіраўнікоў Грузіі, Украіны і Малдовы ў Кішынэве, дзе грузінскі лідэр Міхаіл Саакашвілі абвясьціў пра супольную падтрымку гэтымі краінамі дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Аналітыкі падкрэсьліваюць, што амаль адразу пасьля заяваў Райс адносна Беларусі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін правялі пасяджэньне Найвышэйшага Савету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Гэтае мерапрыемства было дэманстрацыяй таго, што бакі маюць намер мацаваць свой саюз і што Расея не зьбіраецца падтрымліваць амэрыканскую палітыку дэмакратызацыі Беларусі. Экспэрты Stratfor’а адзначаюць, што асабістае стаўленьне Ўладзімера Пуціна да беларускага лідэра застаецца кепскім, але ён будзе і надалей падтрымліваць Лукашэнку, бо ня можа дазволіць сабе страціць апошняга саюзьніка Расеі. На думку амэрыканскіх аналітыкаў, без Расеі рэжым Лукашэнкі абрынуўся б і Беларусь стала б антырасейскай. “Насуперак мэце, заявы Райс наконт Беларусі зьвязалі Беларусі і Расею яшчэ шчыльней” – лічаць аналітыкі дасьледнага цэнтру Stratfor.

Уплывовая расейская газэта “Ведомости” таксама мяркуе, што ў Беларусі “зьнешнепалітычныя інтарэсы Расеі і ЗША сутыкнуліся зусім адкрыта. Выданьне падкрэсьлівае, што “уплыў Крамля на постсавецкай прасторы катастрафічна зьмяншаецца, і рэзкі выхад Беларусі, якая пакуль яшчэ знаходзіцца ў працэсе аб’яднаньня з Расеяй, паставіць крыж на палітычных амбіцыях Масквы ў СНД. Аднак расейскае выданьне даволі высока ацэньвае шанцы на посьпех амэрыканскага “змаганьня з тыраніяй”. “Ведомости” падкрэсьліваюць, што ў выпадку Беларусі ў Вашынгтона ў гэтым змаганьні ёсьць надзейны саюзьнік – Эўразьвяз і яго новыя сябры – Польшча і Літва, невыпадкова сустрэча ў Вільні Кандалізы Райс з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі адбывалася пры ўдзеле прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Хавіера Саляны.

Расейскае выданьне прыгадвае, што ад ХІІІ да пачатку ХХ стагодзьдзя Беларусь і Літва былі адной дзяржавай або адзінай тэрытарыяльнай адзінкай. “Гэтыя краіны і Польшчу зьвязвае доўгае супольнае жыцьцё, таму новыя сябры Эўразьвязу будуць дамагацца “вяртаньня” Беларусі ў Эўропу і дапамагаць Злучаным Штатам у іх крыжовым паходзе супраць тыранаў” – пішуць «Ведомости». Газэта адзначае, што “Крэмль нясе непасрэдную адказнасьць перад беларусамі за Лукашэнку, бо ў свой час дапамог яму ўратавацца ад імпічмэнту”. “Калі рэжым абрынецца, Масква для беларусаў будзе асацыявацца з ранейшым лідэрам. А воля да барацьбы калі-небудзь ды прачнецца, “Паўстань, народ, прачніся Беларусь!” – пісаў паэт Янка Купала яшчэ сто гадоў таму” – такімі словамі завяршаецца артыкул у расейскай газэце «Ведомости».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG