Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліквідатары паміналі сваіх сяброў


Любоў Лунёва, Менск 26 красавіка ліквідатары наступстваў чарнобыльскай катастрофы сабраліся ў сквэры за будынкам Чарнобыльскай капліцы. Яны паміналі сваіх памерлых сяброў і згадвалі падзеі дзевятнаццацігадовай даўніны. Многія ў размове з нашым карэспандэнтам казалі, што для іх трагедыя дагэтуль ня скончылася і яны застаюцца сам-насам зь ёю.

Штогод многія ліквідатары зь Менску і вобласьці прыходзяць 26 красавіка ў капліцу. Запальваюць жалобныя сьвечкі, каб ушанаваць памяць сваіх сяброў, якіх ужо няма сярод жывых. Штогод ліквідатараў становіцца усё меней. Сёлета да капліцы прыйшлі ня больш за пяцьдзясят чалавек. Гаворыць адзін зь іх, Аляксандар:

(Аляксандар: ) “Здароўя няма. Вось мне казалі ў Аксакаўшчыне, калі я там ляжаў у 1998 годзе, што нейкі навуковец сьцьвярджае, што радыяцыя добра дзейнічае на здароўе чалавека. Як я магу пагадзіцца, калі нас з кожным годам усё меней і меней. Я працаваў на самой станцыі каля праломаў, каля блёку. Нас было чацьвёра. У 1994 годзе я быў неяк у Маскве. У міліцыю я даў запыт, каб знайсьці гэтых трох чалавек, што былі са мной… Я адзін застаўся… Я адзін застаўся!”

У сквэры на лаўку яны паставілі шклянку гарэлкі, накрытую хлебам і памянулі сваіх сяброў, якія ўжо ніколі ня прыйдуць на сустрэчу зь імі. У часе размовы абураліся, што на сваёй радзіме адчуваюць сябе людзьмі другога гатунку.

(Антон: ) “Няхай ён паглядзіць на гэты вось мэдаль! Я яго не баюся! Няхай зробіць нам новыя пасьведчаньні, тады я яго пачну шанаваць! А сёньня ён можа мяне нават забіць”.

(Міхась: ) “Мы інваліды ЧАЭС. Дык нас, наагул, выкідваюць з працы, шукаючы розных прычынаў. Такія людзі не патрэбныя. Не даваць бальнічнага, не плаціць чатырнаццаць дзён чарнобыльскіх. Рознымі спосабамі”.

Былы старшыня абласной арганізацыі інвалідаў Чарнобылю Мікалай Траўкоў працаваў на Чарнобыльскай АЭС. Ён у момант аварыі добра ведаў пра наступствы яе для жывых арганізмаў. Мікалай Траўкоў згадаў, што адбывалася ў тыя дні:

(Траўкоў: ) “Зачынілі ў блёку і нікуды не выпускалі. Тыдзень. Потым на бэтээрах нас адвезьлі за 90 кілямэтраў. Там абвясьцілі, што вяртаньня на станцыю і ў Прыпяць ня будзе. Мы паехалі хто куды. Я зь некаторымі супрацоўнікамі прыехаў на будаўнічую пляцоўку Менскай атамнай станцыі, што на Сьвіслачы, у пасёлак Дружны. Жылі па пяць-шэсьць сем’яў у адной кватэры… Доўгі час… Цяпер я атрымаў, як інвалід, кватэру аднапакаёвую ў Менску. Уся бяда ў тым, што мы ня маем магчымасьці лячыцца. Спачатку забралі Аксакаўшчыну. Усё ў Гомель. Цяпер зусім ніяк. Да лекара прыйдзеш, трэба паказаць пасьведчаньне ліквідатара. А ў транспарце гэтага мала: там трэба яшчэ пасьведчаньне інваліда”.

Спадар Траўкоў згадаў, што раней, да аварыі, быў у групе выпрабавальнікаў атамнай зброі на Новай Зямлі. Ён кажа, што, калі прыходзіць у паліклініку, там зьдзіўляюцца, што ён яшчэ жывы. І пажартаваў: “Я ім адказваю, што ўсё вырашаецца на небе”.

Нягледзячы на халоднае надвор’е і дробны дождж, ліквідатары прабылі ў сквэры тры гадзіны. Яны казалі, што ў наступным годзе абавязкова прыйдуць сюды зноў, калі хопіць сілаў. Ніхто з афіцыйных асобаў зь ліквідатарамі на гэтым месцы не сустрэўся.
XS
SM
MD
LG