Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Афанасьева: “Я ніколі не імкнулася да таго, каб сьпяваць толькі па-расейску”


Ігар Карней, Менск Прадстаўнікі FM-радыёстанцыяў неафіцыйна паведамілі, што Міністэрства інфармацыі накіравала кіраўнікам станцыяў дакумэнт, які прадугледжвае некаторыя палёгкі ў справе выкананьня абавязковай 75-працэнтнай квоты беларускай музыкі ў FM-эфіры. Як лічаць супрацоўнікі радыё, чыноўнікі самі пераканаліся ў марнасьці гэтых патрабаваньняў.

Ва ўпраўленьні электронных СМІ Міністэрства інфармацыі пацьвердзілі, што такі дакумэнт сапраўды ёсьць, але цытаваць зьмест адмовіліся. Між тым, сярод прычынаў больш ляяльнага стаўленьня да 75-працэнтнай квоты беларускай музыкі ў FM-дыяпазоне называецца перадусім недахоп новых твораў, адпаведных якасным патрабаваньням. Пры гэтым насычэньне эфіру на тры чвэрці беларускай музыкай зусім не прадугледжвае большай прысутнасьці беларускамоўных выканаўцаў. Пра гэта я размаўляю са сьпявачкай Інай Афанасьевай, у рэпэртуары якой было нямала беларускіх песень, але цяпер істотна паменела. Але першае пытаньне: ці стала беларускай музыкі ў эфіры заўважна болей?

(Афанасьева: ) “Натуральна, яе стала болей. Не магу сказаць, добра гэта ці не, бо я зацікаўлены бок і аб’ектыўна гаварыць на гэтую тэму не магу”.

(Карэспандэнт: ) “Калі зыходзіць з патрабаваньня 75% нацыянальнай музыкі, то гэта мае на ўвазе і беларускамоўныя творы. Але нават у вашых песьнях апошнім часам беларускіх песень усё меней. Ці можна ўвогуле казаць, што нацыянальная культура і расейскамоўныя песьні ў ёй — гэта адно і тое ж?”

(Афанасьева: ) “Няпраўда. У мяне вельмі шмат песень на беларускай мове. І калі б вы паезьдзілі са мной, то пераканаліся: праграма гучыць на беларускай мове. Як правіла. І не таму, што я імкнуся паказаць веданьне беларускай мовы, а таму, што гэта песьні папулярныя, я іх люблю, з задавальненьнем сьпяваю. Я ніколі не імкнулася да таго, каб сьпяваць толькі па-расейску”.

Прадстаўнікі радыёстанцыяў кажуць, што пасьля чатырох месяцаў дзеяньня новай нормы можна казаць пра няроўную долю адказнасьці розных станцыяў за яе выкананьне. Гаворыць праграмны дырэктар “Аўтарадыё” Юры Базан:

(Базан: ) “Паслухаўшы некаторыя радыёстанцыі, пераконваесься: няма там 75%, пайшлі нейкія незразумелыя падзелы. Ну, адкуль на “Русском радио” 75% беларусаў? Ня веру. Дый на іншыя паглядзіш, там і 40%, пэўна, няма”.

А на пытаньне, ці адчувае “Аўтарадыё” дэфіцыт музычнага матэрыялу беларускіх аўтараў, спадар Базан адказаў так:

(Базан: ) “Матэрыялу шмат: рэальна кожны дзень-два да нас нясуць новы дыск. Праўда, бываюць хатнія запісы, але тады людзям раіш, да каго зьвярнуцца, каб яны гэта запісалі ў студыі. У нас альбомы розных выканаўцаў раскладзеныя па музычных тэчках, дык вось адных толькі беларускіх выканаўцаў блізу дзьвюх сотняў”.

Падчас нядаўняга круглага стала ў гэтай праблеме адзін з выступоўцаў наўпрост выказаўся: FM-станцыі ў пэўнай ступені зацікаўленыя даваць нізкаякасныя творы ў эфір, каб давесьці сытуацыю да абсурду, справакаваўшы незадаволенасьць слухачоў. Аднак былы рэдактар “Радыё-2” Уладзімер Дзюба кажа, што на такі крок заснавальнікі радыёстанцыяў папросту не адважацца.

(Дзюба: ) “Радыёстанцыі, якія працуюць у FM-дыяпазоне, назваць незалежнымі можна калі толькі ўмоўна. Яны называюць сябе грамадзка-палітычнымі, забаўляльнымі і г.д. На вялікі жаль, гэта ня так. Яны працуюць пад ціскам уласнай самацэнзуры. Там няма альтэрнатыўнай інфармацыі, няма ўсебаковага адлюстраваньня падзеяў. Яны ведаюць: калі зрабіць крок за мяжу дазволенага, будзеш пакараны. Таму радыёстанцыі займаюць вельмі і вельмі пасіўную пазыцыю адносна інфармаваньня таго, што адбываецца ў краіне. Заснавальнікі гэтых электронных СМІ папросту баяцца згубіць ліцэнзію на вяшчаньне. Таму яны і раней, і цяпер паводзяць сябе вельмі стрымана”.
XS
SM
MD
LG