Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якую працу дадуць у Менскай калёніі Аляксандру Васільеву?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гарадзенскага прадпрымальніка Аляксандра Васільева, асуджанага за зьнявагу Аляксандра Лукашэнкі, перавялі з Аршанскай калёніі ў Менскую. Сваякі спадзяюцца, што хворага Васільева не прымусяць выконваць цяжкую працу.

Аляксандар Васільеў тры тыдні правёў у менскім турэмным шпіталі, дзе праводзілі яго мэдычнае абсьледаваньне. У Аршанскую калёнію, дзе Васільеў дагэтуль адбываў двухгадовае пакараньне за абразу Аляксандра Лукашэнкі, яго не вярнулі. Жонка вязьня атрымала ліст ад мужа з паведамленьнем, што яго зьбіраюцца перавесьці ў менскую калёнію №1. Начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімер Коўчур пацьвердзіў гэтыя зьвесткі. Аднак на пытаньне, ці вызваляць Васільева ад цяжкай фізычнай працы, Уладзімер Коўчур адказаў няпэўна:

(Коўчур: ) “З Васільевым усё будзе ў парадку, усё будзе добра”.

Аляксандар Васільеў — вайсковы пэнсіянэр, у яго шэраг сур’ёзных захворваньняў, пра якія неаднаразова казалі адвакаты і сваякі вязьня. Між тым, у Аршанскай калёніі, куды Васільеў трапіў летась у верасьні, яго прымусілі выконваць цяжкую фізычную працу. Ён прасіў перавесьці яго на працу зь меншымі фізычнымі нагрузкамі і дамогся абсьледаваньня ў Менскім турэмным шпіталі. Жонка вязьня Натальля спадзяецца, што ў Менскай калёніі зь ім будуць абыходзіцца лепш.

(Васільева: ) “Зь ягоным хворым хрыбтом ён на цяжкай працы ня вытрымае. Хто возьме на сябе такое рашэньне, будзе адказваць за тое, што яго паралізуе. Усе на рынку бачылі, як яму было цяжка працаваць, а ў калёніі — тым больш”.

Паводле артыкулу аб абразе прэзыдэнта летась быў асуджаны на два гады і Валер Леванеўскі, які кіраваў рэспубліканскім страйкамам прадпрымальнікаў. Валер Леванеўскі адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Яго ўжо двойчы каралі, абвінаваціўшы ў парушэньні турэмнай дысцыпліны. Між тым, сам Леванеўскі лічыць, што пацярпеў таму, што змагаўся з адміністрацыяй за свае правы. Адвакат Аляксандар Бярылаў паведаміў “Свабодзе”, што Леванеўскі спрабаваў аспрэчыць гэтыя пакараньні ў Івацэвіцкім раённым судзе, але яму адказалі, што падобныя справы не ў кампэтэнцыі гэтага суду. Адвакат лічыць, што суд ня меў рацыі.

(Бярылаў: ) “Паводле асноўнага закону (і гэта неаднаразова пацьвярджаў Канстытуцыйны суд), вязень мае права зьвярнуцца ў суд са скаргай, у тым ліку на пакараньне, якое ён атрымаў ужо ў зьняволеньні. Таму я лічу, суд мусіць разгледзець ягоную заяву па сутнасьці”.

Цяпер Валер Леванеўскі падаў скаргу ў Берасьцейскі абласны суд і чакае адказу. Ад рашэньне суду будзе залежыць, ці трапіць прадпрымальнік пад амністыю, прымеркаваную да Дня Перамогі. Абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе да амністыі вязень ужо не пасьпее.

На амністыю спадзяецца і Міхаіл Марыніч, якога дагэтуль трымаюць у Менскім турэмным шпіталі. Сёньня споўніўся год, як былога міністра і амбасадара арыштавалі паводле падазрэньняў у правозе фальшывых даляраў. Больш за восем месяцаў Марыніча ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары КГБ, а пасьля асудзілі за крадзеж кампутараў. Беларуская апазыцыя і праваабаронцы лічаць, што Міхаіла Марыніча перасьледуюць за палітычную дзейнасьць. “Міжнародная амністыя” абвясьціла Аляксандра Васільева, Валера Леванеўскага і Міхаіла Марыніча вязьнямі сумленьня.
XS
SM
MD
LG