Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады перасьледуюць падпісантаў адозвы руху “Воля народу”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Многія жыхары Салігорску, якія на старонках газэты “Народная воля” выказалі публічную падтрымку агульнанацыянальнаму грамадзкаму руху “Воля народу”, сутыкнуліся зь перасьледам з боку ўлады. 23 красавіка выданьне паведаміла, што ў рэдакцыю дасланы калектыўны ліст трох соцень работнікаў “Беларуськалію” і іншых прадпрыемстваў гораду, якія заявілі пра намер браць актыўны ўдзел у руху.

Ужо празь некалькі дзён пасьля зьяўленьня публікацыі падпісанты сутыкнуліся з рэакцыяй з боку ўлады. Вось, напрыклад, што паведаміў шахтар Аляксандар, які ня пажадаў назваць свайго прозьвішча і які працуе ў адным з вытворчых падразьдзяленьняў “Беларуськалію”:

(Аляксандар: ) “Начальнік участку кажа: альбо ты пішаш заяву на звальненьне, альбо пішаш ліст, што адмаўляесься, што ты падпісваўся пад гэтым лістом. Ён усяго толькі начальнік участку і на яго ціснуць зьверху. Вось такая сытуацыя. Зразумела, людзі будуць пісаць, што адмаўляюцца — у іх жа дзеці”.

Надрукавала “Народная воля” і калектыўны ліст навучэнцаў Салігорскага дзяржаўнага горнахімічнага тэхнікуму, пад ім 37 подпісаў. Паводле падпісантаў, іх выклікалі да дырэктара тэхнікуму Сяргея Рэчыца, які нібыта прымушаў адмовіцца ад подпісаў. Аднак спадар Рэчыц гэтыя зьвесткі адмаўляе:

(Рэчыц: ) “Я гэтага ня пацьвярджаю. Голасу нават не павысіў. Нікога нічога не прымушаў рабіць. Проста праводзяцца некаторыя гутаркі. Многія дзеці, якіх я выклікаў, заяўляюць, што скажоныя многія іх ініцыялы. Многія кажуць: “Мы нідзе не падпісваліся, падпісаліся за нас. Нас падставілі”. І дзеці разам з бацькамі хочуць зьвяртацца ў суд і пракуратуру. У тлумачальных паперах яны пішуць, што ім сказалі пра стварэньне моладзевай арганізацыі, якая падтрымлівае палітыку дзяржавы з мэтай аднаўленьня помнікаў, месцаў пахаваньняў, арганізацыі месцаў адпачынку і гэтак далей. Самі дзеці ў шоку, а бацькі ў яшчэ большым шоку”.

Каардынуе дзейнасьць ініцыятыўнай групы руху “Воля народу” ў Салігорску Леанід Мархотка. Вось як ён пракамэнтаваў гэтыя падзеі:

(Мархотка: ) “Яны там не сказалі нічога кепскага на адрас прэзыдэнта і ўраду. Але ж яны там падпісаліся пад словамі “Мы хочам пераменаў”. Пераменаў да лепшага жыцьця. І вось гэта выклікала бурную рэакцыю салігорскіх вэртыкальшчыкаў. Як мне стала вядома, прыехалі адказныя работнікі зь Менску ў Салігорскі гарадзкі выканаўчы камітэт. І яго старшыня ў панядзелак выклікаў да сябе генэральнага дырэктара “Беларуськалію”, а таксама дырэктара горнахімічнага тэхнікуму. І , паводле яго распараджэньня, цяпер начальнікі розных узроўняў выклікаюць да сябе падпісантаў і пад пагрозай звальненьня прапаноўваюць, каб тыя адмовіліся ад сваіх подпісаў”.

Ініцыятарамі стварэньня руху “Воля народу” сталі былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін, дачка былога кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава Натальля Машэрава, народны паэт Ніл Гілевіч, акадэмік Генадзь Лыч, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Алег Лойка ды іншыя вядомыя асобы, якія два месяцы таму выступілі са “Зваротам да беларускага народу”.
XS
SM
MD
LG