Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Якавенка: "Асабліва небясьпечнае пражываньне ў Чарнобыльскай зоне для цяжарных жанчын і маленькіх дзяцей"


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць Свабоды – Васіль Якавенка: пісьменьнік, публіцыст заснавальнік газэты "Набат", прысьвечанай чарнобыльскім праблемам.

(Знаткевіч: ) "Вось прайшло ўжо 19 гадоў ад часу Чарнобыля, адчуваньне небясьпекі ў людзей, можна сказаць, прытупілася. Адкуль, на Вашую думку, цяпер, амаль два дзесяцігодзьдзі пасьля аварыі, сыходзіць найбольшая пагроза?"

(Якавенка: ) "Я сказаў бы, што найбольшая пагроза сыходзіць ад абыякавасьці дзяржаўных службаў да гэтай праблемы. І калі кінуць бокам на тое, што робіцца, то я павінен сказаць, што ў нас адсутнічае філязофія дасьледчай працы, як і сама праца па абароне насельніцтва ад узьдзеяньня чарнобыльскай радыяцыі. Гэта ў выніку тых жа адносін урадавых арганізацый да праблем Чарнобыля.

У апошнія гады нейкія надзеі мы ўскладалі на міжнароднае супрацоўніцтва, на такую міжнародную праграму як КОРЭ – супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі. Стратэгі гэтай праграмы даводзілі нам, што будзе выпрацаваны эталён пражываньня на забруджаных тэрыторыях зь мінімальных узьдзеяньнем, пры той умове, што людзі будуць ведаць, як там жыць, што рабіць і г.д., будуць створаны нейкія перадумовы для нармалёвага жыцьця на забруджаных тэрыторыях. Такая праца па праграме КОРЭ праводзіцца толькі ў чатырох раёнах, і калі я больш паглыбіўся ў тое, што робіцца, то заўважыў, што гэтая праграма зусім не бярэ пад увагу распаўсюджваньне радыяцыі сёньня, яе распаўсюджваньне на чыстыя раёны. Дакладней, тое, што рабілася 19 гадоў таму, калі хавалі ўсё гэта, калі радыёнукліды расьцягвалі разам з прадуктамі харчаваньня, разам з фуражом па ўсіх чыстых раёнах, сёньня робіцца тое ж.

Вось вынік таго – мы некалькі гадоў усё ламалі галаву: чаму гэта так, што ў забруджаных раёнах павышаюцца захворваньні на рак і г.д., а ў Віцебскай вобласьці, так бы мовіць, чыстай, захворваньні ня меншыя? Чыноўнікі, якія ведалі адгадку, толькі пасьмейваліся, але пасьля само сабой выявілася, што прадукты харчаваньня з Чарнобыльскай зоны паступалі ў Віцебскую вобласьць у абмен на чыстыя прадукты, якія ішлі на Гомельшчыну, Магілёўшчыну. Такі вынік атрымаўся. Дык вось гэты працэс – ён працягваецца ўсе тыя 19 гадоў, нікім ён не спыняўся, наадварот, нашы дзяржаўныя дзеячы, калі езьдзяць туды, то ці маўчаць, ці даводзяць нам адваротнае, што тут нічога, няма ніякай бяды..."

(Знаткевіч: ) "Спадар Якавенка, а што можа просты чалавек, які жыве на заражанай тэрыторыі – што ён можа зрабіць для таго, каб прынамсі зьменшыць пагрозу свайму здароўю?"

(Якавенка: ) "Па-першае, ён павінен ведаць пра гэтую пагрозу, а гэта таксама ня надта раскрываецца, ня надта распаўсюджваецца аб''ектыўная інфармацыя пра тое, што можа быць, напаткаць чалавека, дзіцё, цяжарную маці. Вось яскравы прыклад: навуковы цэнтар акушэрства, гінэкалёгіі і прэнаталёгіі ў Маскве правёў дасьледаваньні ў Чарнобыльскай зоне, у нас на Гомельшчыне, на Кіеўшчыне, у Арлоўскай вобласьці – і выявілася, што малыя дозы радыяцыі дужа моцна ўзьдзейнічаюць на імунную сыстэму і на генэтычную сыстэму, і асабліва небясьпечнае пражываньне ў Чарнобыльскай зоне для цяжарных жанчын і маленькіх дзяцей. Ужо ў зародку дзеці адчуваюць удар гэтай чарнобыльскай бяды.

Што можа просты чалавек? Калі жанчына цяжарная, яна можа выехаць адтуль, прынамсі часова, калі маленькія дзеці, то іх трэба вывозіць адтуль. Таму што на гэты зародак нацыі, неабароненыя бакі нашага народа гэтая радыяцыя ўзьдзейнічае галоўным чынам. І недарэмна акадэмік Легасаў у свой час казаў, што самыя складаныя і цяжкія наступствы чарнобыльскай радыяцыі могуць быць для наступных пакаленьняў. Я думаю, што трэба распаўсюджваць гэтую інфармацыю любымі сродкамі, і тым людзям, якія там жывуць, трэба патрабаваць ад чыноўнікаў, ад вышэйшага кіруючага зьвяна інакш паставіцца да гэтай чарнобыльскай бяды".

(Знаткевіч: ) "Я ведаю, што Вы таксама выступалі ў абарону Бандажэўскага. Чым, на Вашую думку, ягоныя дасьледаваньні маглі пагражаць уладам?"

(Якавенка: ) "Яны якраз і супярэчылі афіцыйным дадзеным аб Чарнобылі, сьведчылі пра тое, што трэба быць асьцярожнымі, прымаць меры з боку афіцыйных структураў, а тыя заплюшчвалі на гэта вочы, і думаю, што ў гэтым асноўная прычына таго, што ён трапіў у турэмныя засьценкі. Каб быць больш аб''ектыўным: я ў свой час пазнаёміўся з матэрыяламі абвінавачаньняў Бандажэўскага. Скажу шчыра, што нават мне, недасьведчанаму ў юрыспрудэнцыі чалавеку, было відаць, што справа шытая белымі ніткамі. Тыя працы Бандажэўскага, зь якімі я пазнаёміўся, сьведчылі, што ён меў посьпех у дасьледаваньнях, але пасьля пачалі ківаць, што ў Бандажэўскага, маўляў, не было адпаведнай базы, каб дасьледаваць гэта – маўляў, база была ў Гомелі, у аддзяленьні інстытута радыяцыйнай мэдыцыны, і вось, маўляў, Бандажэўскі ня мог рабіць тых высноваў, якія ён зрабіў. Але чаму тады тое аддзяленьне, са сваёй апаратурай не дасьледавала тыя праблемы, якія дасьледаваў Бандажэўскі – непасрэдны ўплыў радыяцыі на здароўе чалавека? Чаму яны, атрымліваючы зарплату, сядзелі моўчкі, і ўвесь Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны таксама адседжваўся? І невыпадкова Бандажэўскі крытыкаваў іх за тое, што зь дзесятка дасьледчых тэмаў ніводная наўпрост не зьвязаная непасрэдна з Чарнобылем. Недарэмна, я думаю, хоць інстытут перавялі ў Гомель, але там ён яшчэ не набраў сілы, і ніколі не набярэ, пры сучасным стаўленьні ўладаў да гэтых дасьледаваньняў, да чарнобыльскай бяды, якая некалі будзе яшчэ дасьледаваная належным чынам. Для гэтага трэба нам, каб у нас было іншае стаўленьне да Чарнобыля, а для гэтага патрэбна, мусіць і іншая ўлада – наверсе і на месцах, па ўсёй структуры".
XS
SM
MD
LG