Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты Магілёва і Бабруйску адзначаюць 19-ую гадавіну Чарнобылю


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Сёньня 19-ую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы адзначаюць у Магілёўскай вобласьці. Дэмакратычныя актывісты ў абласным цэнтры і Бабруйску меркавалі правесьці свае асноўныя акцыі ўвечары, у цэнтры гарадоў, каб прыцягнуць увагу людзей. У гэтых двух гарадах Магілёўшчыны заплянаваныя пікеты, на правядзеньне якіх аднак улады не далі дазволу.

Сёньня раніцай магілёўскія дэмакраты спрабавалі далучыцца да афіцыйнага мітынгу, які праходзіў у прыгарадзе Магілёва Любужы ля помніка ліквідатарам і ахвярам Чарнобыльскай аварыі. Гэтае мерапрыемства ўлады праводзяць штогод, паводле звычайнага сцэнару. Праўда, ёсьць адна дэталь: помнік быў калісьці пабудаваны на тэрыторыі Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны, дзе лячыліся жыхары заражаных раёнаў, і гэта было дарэчы. А цяпер мэдычную установу для чарнобыльцаў зачынілі і ў Любуж пераехаў абласны псыхіятрычны шпіталь. Чарнобыльскі помнік цяпер знаходзіцца на ягонай тэрыторыі. Тым ня менш мітынг там сёньня прайшоў, але без удзелу дэмакратаў.

Лідэра абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава, які нёс для ўскладаньня вянок бел-чырвона-белага колеру “Ахвярам Чарнобыля ад дэмакратычных сілаў” міліцыянты затрымалі на падыходзе да месца мітынгу і пратрымалі больш за 40 хвілінаў, пакуль мерапрыемства не скончылася.

Іншыя лідэры партыйных і грамадзкіх арганізацыяў Магілёва, якія ўсё ж трапілі на мітынг, потым паведамілі, што іх кантралявалі людзі ў цывільным. Адразу пасьля заканчэньня мітынгу міліцыянты загадалі дэмакратам тэрмінова разыйсьціся.

Потым актывісты ўсклалі свой вянок да помніка-крыжа, які быў усталяваны самімі дэмакратамі да 10-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы ў магілёўскім раёне Задняпроўе.

Магілёўскія сябры руху “Зубар” 26 красавіка распаўсюдзілі ўлёткі да Чарнобыльскай гадавіны. Ва ўлётцы распавядаецца пра небясьпечныя наступствы радыяцыйнай катастрофы і пра тое, што моладзь, выпускнікоў навучальных устаноў прымушаюць ехаць на працу ў чарнобыльскія раёны і што Аляксандар Лукашэнка сваімі ўказамі перашкаджае дастаўцы гуманітарнай дапамогі і аздараўленьню дзяцей з заражаных раёнаў. Адсюль і выснова: “Сёньня ў Беларусі дзьве бяды – Чарнобыль і Лукашэнка”.

***

Напярэдадні бабруйскія ўлады адмовілі мясцовым дэмакратам у правядзеньні пікету памяці бязьвінных ахвяраў Чарнобылю. Аднак арганізатары ўсё ж вырашылі правесьці акцыю, хоць яна і не санкцыянаваная ўладамі. А 18-й гадзіне бабруйчане зьбяруцца на плошчы Перамогі для “гадзіны смутку”. Яны дамовіліся прыйсьці ў чорным жалобным адзеньні, са сьвечкамі і чорнымі кветкамі. Такім чынам бабруйскія дэмакраты хочуць нагадаць людзям пра “чорны дзень для Беларусі” – гадавіну Чарнобыльскай катастрофы.
XS
SM
MD
LG