Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прапануюць Лукашэнку жыхары забруджанай радыяцыяй вёскі Старое Сяло?


Казімір Яноўскі, Веткаўскі раён Паводле афіцыйных паведамленьняў, у дзень чарговай гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, Аляксандр Лукашэнкі наведае заражаны радыяцыяй Веткаўскі раён. У ліку магчымых маршрутаў – вёска Старое Сяло гэтага ж раёну. Якія пытаньні і праблемы перад кіраўніком дзяржавы хацелі б узьняць старасельцы?

(Мэханізатар: ) “Тэхніка ў нас старая, дабітая. Падфарбавалі яе, а толку… Няма ў нас фінансавых рэсурсаў на рамонт. Канешне, трэба і зарплату падвысіць. За той месяц у мяне жонка атрымала 130 тысяч”.

(Пэнсіянэрка: ) “Пра баню трэба было б сказаць. Баню развалілі. І рукамі і нагамі баню імкнуліся калісьці пабудаваць. Усю расьцягнулі. У начоўках людзі мыюцца”.

(Жанчына: ) “Кожнаму чалавеку лазьня патрэбна. У дзяцей у школе ўжо вошы знайшлі”.

(Школьніца: ) “Колькі школа стаіць, столькі і басэйн не працуе. Яго пачалі будаваць і не дабудавалі. Стаіць ужо гадоў пятнаццаць”.

(Малады мужчына: ) “Калі Лукашэнка прыедзе, то трэба, каб каналізацыю зрабілі. Каналізацыйныя сьцёкі па вуліцы Піянэрскай цякуць – і далей уніз. Ужо колькі разоў пісалі. Грошы вылічваюць, але ніхто нічога ня робіць”.

(Жанчына: ) "Нічога ў яго прасіць ня будзем. Што, ён будзе з намі размаўляць? Глупства! Які гэта начальнік з намі размаўляе?"

(Пэнсіянэрка: ) “Трэба дырэктара за каршэнь узяць. Сорак гадоў чалавек адпрацаваў у саўгасе, прыйдзе у яго цюк саломы папрасіць, а ён яму: ідзі каня наймі і прывязі. А да дырэктара толькі па ласку хадзі”.

(Жанчына: ) “Бацька”, мусіць, да нас сюды, на вуліцу Каапэратыўную, не заявіцца. Там, дзе “бацька” будзе ехаць, усё вычысьцілі. Там усё чыста і добра. А ў нас... Сюды ўсё выкідваюць. Я нават курэй не магу трымаць. Можа, хто атруты якое прывёз. 15 курэй было, і ўсе пачэзьлі”.

(Жанчына: ) “Калі нам ваду дадуць? Мы без вады сядзім. Вадапровад ёсьць, а вады бракуе. Вада ў нас праз дзень. Мы і сярдуем: дарогі робяць, а ў нас вады няма. Летам наогул бегаем і шукаем ваду. Нават ноччу ўлетку нельга вады набраць. Адна вежа і адзін матор стаіць. Не агароджы рабілі б, а ваду б нам далі”.

(Жанчына: ) “У пойме ракі Сож зрабілі сьмецьцезборнік. Хто зрабіў? Старшыня сельскага Савета ці хто іншы каманду даў? А дзе ж эколягі? Куды яны глядзяць? Летась паводка была, дык усё сьмецьце панесла ўніз. Піце ў Гомелі гэтую ваду! Там жа гарадзкі водазабор”.

(Рабочы: ) “Газ дарагі, заробкі малыя. Дамы нашы камунальныя халодныя. Пабудавалі абы з рук. 150 тысячаў плачу за газ, цяпло, ваду і тэлефон, а заробак – 130 тысячаў. І конезавод наш трэба падымаць. Ён занядбаны, нічога добрага там пакуль няма”.

Гэта былі пытаньні і прапановы жыхароў забруджанай радыяцыяй вёскі Старое Сяло да кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG